Падзея дасць магчымасць мінчанам пазнаёміцца з мастацтвам горада, які ўвесь год насіў пачэснае званне першай Культурнай сталіцы краіны. Чакаецца экспазіцыя з фондаў Полацкага Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, канцэрт мясцовых выканаўцаў, выступленне Заслужанага калектыву краіны - аматарскага тэатра "Пілігрым".
А што ж чакаецца ў самім Полацку? Днямі адкрыўся Фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі", які распачаў польскі творца Раман Пяруцкі. 10 лістапада чакаецца выступленне Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра ў Палацы культуры "Полацк-Шкловалакно". Пазней у Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур выступяць члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, завітаюць сюды і вядомыя літаратары.
Палачане не толькі прымаюць гасцей, але і паказваюць сябе. Акцёры тэатра "Пілігрым" сёння дэманструюць свой талент у гастрольным туры па ўсёй вобласці, а ў лістападзе накіруюцца на фестываль у Ніжні Ноўгарад.