У Нацыянальным мастацкім можна будзе пабачыць работы звыш 150 аўтараў, якія плённа працуюць сёння. Адзінае выключэнне - эпічны пейзаж віртуознага майстра жывапісу Віталя Цвіркі "Прыпяць" як сімвал нашай цудоўнай асенняй зямлі, над якой лунаюць буслы...
"Зямля пад белымі крыламі" распачынае (мы ўжо пісалі аб гэтым) ва ўсёй краіне вялікую акцыю - агляд дасягненняў нашага выяўленчага мастацтва за апошнія гады, каб потым, падводзячы вынікі, акрэсліць круг праблем адносна далейшага развіцця нацыянальнай выяўленчай культуры. Асноўную частку экспазіцыі складуць творы народных мастакоў Беларусі (М.Савіцкага, Л.Шчамялёва, Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, У.Тоўсціка, Г.Паплаўскага, А.Кашкурэвіча, Л.Гумілеўскага, В.Шаранговіча, М.Данцыга, У.Стальмашонка, І.Міско), лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Беларусі (паўтара дзесятка аўтараў), заслужаных дзеячаў мастацтва (таксама 15 чалавек) і стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (11 мастакоў). У Нацыянальным мастацкім музеі таксама экспануюцца некаторыя творы, якія былі набыты музеем апошнім часам. Такім чынам, глядач, пабачыўшы разам шмат твораў прадстаўнікоў розных пакаленняў і разнастайных накірункаў, можа для сябе вызначыць, па якім шляху ідзе наша мастацтва.