Як азначае дырэктар мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" Дзяніс Барсукоў, фотавыстаўка "Дарога на Грунвальд", што адкрыецца 13 жніўня, заўважна адрозніваецца ад мноства культурных мерапрыемстваў, якія ладзяцца цяпер у гонар славутай перамогі. Дзякуючы майстэрству вядомых беларускіх фатографаў - Аляксандра Валадзько, Аркадзя Бірылкі, Артура Гапановіча, Віталя Раковіча, Канстанціна Мельніка - наведвальнікі адчуюць подых грозных часоў, нібыта сышоўшых са старонак падручніка гісторыі ў выставачную прастору галерэі. Выдатныя фотаработы аўтараў выстаўкі ствараюць сапраўдную атмасферу жывой гісторыі, робяць гледача саўдзельнікам адраджэння беларускага гераічнага эпасу.
Выстаўка "Памяць аб Грунвальдскай перамозе", арганізаваная Пасольствам Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, з 3-га жніўня працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі. У Літве цягам 2010 года ажыцьцяўляецца дзяржаўная праграма з нагоды 600-годдзя бітвы. Экспазіцыя, падрыхтаваная Мастацкім музеем Літвы сумесна з Міністэрствам замежных спраў Літвы і Варшаўскім нацыянальным музеем, складаецца з двух дзесяткаў стэндаў.