Сярод уганараваных - шэраг дзеячаў культуры і мастацтва.
У прыватнасці, ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджаны мастак-жывапісец, член Беларускага саюза мастакоў Мікалай Казакевіч.
Медаля "За працоўныя заслугі" ўдастоена, у прыватнасці, дырэктар выдавецтва "Пачатковая школа" Наталля Ваніна.
Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны дацэнт кафедры інтэр'ера і абсталявання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Віктар Барабанцаў.
Ганаровае званне "Народны мастак Беларусі" прысвоена загадчыку кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзіміру Тоўсціку, ганаровае званне "Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь" - вядучаму праграмы Дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" Аляксандру Аверкаву, дырэктару Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Наталлі Бярозкінай, мастаку-скульптару, члену Беларускага саюза мастакоў Уладзіміру Слінчанку.
*****
Званне народнага мастака Беларусі прысвоена мастаку Уладзіміру Тоўсціку, загадчыку кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Творца адзначае: "Мне вельмі прыемна, што краіна адзначыла маю працу. Лічу, што мастак павінен жыць для грамадства, і не веру тым, хто кажа, што піша палотны для сябе. Мне падаецца, калі мастак жыве ў сваёй краіне і яго акружаюць блізкія людзі, творчасць павінна выходзіць з яго каранёў, ад вытокаў, каб ягоныя землякі разумелі яе. Патрэбна толькі шчыра працаваць, бо без шчырасці мастацтва не бывае".
■ ■ ■
Скульптару, члену Беларускага саюза мастакоў Уладзіміру Слінчанку прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры краіны. Сёння ён працуе над вялікай аўтабіяграфічнай кампазіцыяй, прысвечанай ваеннай тэме, якая будзе завершана ў кастрычніку. Дарэчы, творца яшчэ не ведаў аб прысваенні звання, калі мы патэлефанавалі яму: "Я ніколі не браўся за тое, што не прымаў сэрцам, да чаго не ляжала душа. Працую толькі над тым, што падабаецца асабіста мне. Моладзі ж скажу, што вельмі патрэбна добрая адукацыя: яшчэ да вайны я вучыўся ў Валянціна Волкава, а сам ганаруся тым, што стаў педагогам у Канстанціна Селіханава і Алега Варвашэні. Мне хацелася б пажадаць, каб усе сучасныя студэнты мелі такую ж прагу да працы".
Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь