Заснаваць Нацыянальную прэмію ў галіне тэатра - значыць адказаць на шмат пытанняў і вырашыць шэраг праблем. Тэатральнае мастацтва, больш за астатнія, мае на ўвазе калектыўнае выказванне. Але ў межах аднаго асобна ўзятага тэатра гэтую задачу вырашыць немагчыма: нават калі сцэнічны калектыў надзвычай паспяховы, ягоны поспех - абавязкова публічны і неадрыўны ад поспеху калег, бо ён абавязкова існуе ў агульным полі тэатральных тэндэнцый, напрамкаў і стыляў.
Між тым, заснаванне Нацыянальнай прэміі ў галіне тэатральнага мастацтва здатнае вырашыць адну з галоўных праблем: аб'яднаць творчыя намаганні ўсіх прафесіяналаў у галіне тэатра, зрабіць так, каб усё лепшае абавязкова трапляла ў зону грамадскай увагі, мела шырокі публічны рэзананс і абавязкова ацэньвалася прафесійным і кампетэнтным экспертным саветам. Апошнім часам усе погляды зацікаўленых асоб сыходзяцца на Рускім і Купалаўскім тэатрах. У сувязі з іх прэм'ерамі агучваецца пэўная колькасць адных і тых жа імёнаў. Але ў нашых абласных тэатрах, якія несправядліва выпалі з зоны ўвагі тэатральнай грамадскасці, ідуць вельмі цікавыя і жывыя творчыя працэсы, працуюць таленавітыя акцёры і рэжысёры. Няма гастролей у сталіцы - значыць, пра іх няма каму распавесці. У лепшым становішчы знаходзяцца тэатры - арганізатары міжнародных фестываляў, іхні плён - навідавоку. У астатнім - прыкрая цішыня. У выніку мы маем вялізную, закрытую ад старонніх позіркаў, тэатральную зону. Кожны калектыў варыцца ва ўласным соку і часам задыхаецца пад цяжарам "міжусобных войнаў". Матывацыя поспеху адсутнічае, імкненне трапіць на тэатральны Алімп знікае.
Якім чынам можна ўзняць прэстыж тэатральнага мастацтва, знайсці для яго годнае месца ў культурным жыцці краіны, можна пацікавіцца ў нашых бліжэйшых суседзяў. Творчы плён і гісторыя Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі і фестывалю "Залатая маска", што сёлета праходзіў у Маскве шаснаццаты раз, здаецца вельмі цікавым і карысным. На сённяшні дзень гэта велізарны тэатральны канцэрн, дзейнасць яго распаўсюджваецца на шматлікія расійскія гарады і весі. Экспертны савет, у склад якога ўваходзяць вядомыя і ўплывовыя тэатральныя крытыкі, штогод, не шкадуючы часу і сіл, адбірае спектаклі ў сцэнічных калектывах краіны. У рамках заключнага фестывалю "Залатая маска" - кульмінацыйнай кропкі конкурсу - паказваецца каля ста лепшых пастановак апошняга тэатральнага сезона, якія праходзяць на аншлагах і прыцягваюць увагу звыш 30 000 гледачоў. Прэмію атрымліваюць спектаклі ўсіх жанраў тэатральнага мастацтва, уласна ж "Залатая маска" ахоплівае драму, оперу, балет, сучасны танец, аперэту і мюзікл, лялечны тэатр у шматлікіх супольных ды індывідуальных намінацыях. У журы "Залатой маскі" не ўваходзяць члены экспертнага савета - у ім працуюць акцёры, рэжысёры, дырыжоры, харэографы, тэатральныя мастакі, крытыкі і тэатразнаўцы. Сёлета на "Залатой масцы" прэзентавалі работы больш чым 120 творцаў - рэжысёраў, акцёраў, дырыжораў, мастакоў, кампазітараў і харэографаў - у пяцідзесяці спектаклях.
Дзейнасць "Залатой маскі" не абмяжоўваецца адборам і паказам лепшых пастановак года - яна праводзіць шэраг мерапрыемстваў, якія яшчэ больш ўзмацняюць прэстыж сцэнічнага мастацтва, садзейнічаюць ягонаму росквіту і развіццю. Сярод іх - Фестываль сучаснай п'есы "Новая драма", праграма для замежных гасцей "Russian Case", тэатральны рынак "PRO-Тэатр", выдавецкія праекты, гастролі Вялікага, Марыінскага, Александрынскага, Малога драматычнага тэатраў, праграма "Легендарныя спектаклі і імёны", пазаконкурсная праграма "Маска Плюс" і "Лепшыя спектаклі ў гарадах Расіі і краінах Балтыі". Цікава, што сёлета чарговую "Залатую маску" атрымаў вядомы беларускі і цяпер ужо расійскі сцэнограф Зіновій Марголін - за сцэнаграфію да спектакля "Шэрбургскія парасоны" ў Санкт-Пецярбургскім Музычным тэатры "Карамболь". А сярод намінантаў прэстыжнай прэміі былі беларускі рэжысёр-"лялечнік" Алег Жугжда і знакаміты мастак Эрнст Гейдэбрэхт, які доўгі час працаваў у Вялікім тэатры Рэспублікі Беларусь.
Беларусь ніколі не з'яўлялася тэатральнай "супердзяржавай", але ж заўсёды вызначалася вялікай колькасцю таленавітых людзей. У тым ліку - у тэатральным мастацтве. Працэсы, якія цяпер тут адбываюцца, вядома, адрозніваюцца ад тэатральных працэсаў у Расіі, Польшчы, Літве. Беларуская рэжысура і сцэнаграфія маюць сваё пэўна выяўленае аблічча, таму і спосабы арганізацыі тэатральнага бытавання ў нас могуць быць свае, адметныя. У любым выпадку, з заснаваннем нацыянальнага тэатральнага конкурсу і наш тэатр атрымае моцны штуршок для развіцця.
Людміла ГРАМЫКА