Па традыцыі, арганізатары форуму сфарміравалі афішу такім чынам, каб у ёй былі прадстаўлены як невядомыя магіляўчанам калектывы, так і тыя, што ўжо запомніліся і палюбіліся. Сярод апошніх - уладальнікі Гран-пры "М.@rt.кантакту" Арлоўскі дзяржаўны тэатр для дзяцей і моладзі "Свабодная прастора" са спектаклем "Белае на чорным" Р.Гальяна (Арол, Расія), Муніцыпальны маладзёжны драматычны тэатр "З вуліцы Руж" з "Падам... Падам..." І.Грыншпуна (Кішынёў, Малдова), а таксама колішні пераможца форуму, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, малады рэжысёр Яўген Карняг са сваім новым праектам "Cafe "Паглынанне" (Мінск, Беларусь). Дарэчы, сярод іншых беларускіх калектываў- Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы з "Пінскай шляхтай" В.Дуніна-Марцінкевіча, якая і адкрывае фестывальную праграму, "Хачу быць хамячком" Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча па п'есе беларускага драматурга Андрэя Карэліна і "Тарэлкін" А.В. Сухава-Кабыліна, што прадстаўляюць гаспадары форуму - Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
Сярод тых, хто завітае на "М.@rt.кантакт" упершыню, - Маладзёжны цэнтр тэатральнага і кінамастацтва "Миг" (Санкт-Пецярбург, Расія), Тэатр адначасовай ігры "Zooпарк" (Ніжні Ноўгарад, Расія), Тэатральная студыя "Круг" (Варшава, Польшча), Дзяржаўны малы драматычны тэатр (Вільнюс, Літва), Цэнтр сучаснага мастацтва "Новая сцэна" (Харкаў, Украіна) і Яраслаўскі дзяржаўны тэатральны інстытут. Дарэчы, адразу два спектаклі ў афішы форуму адсылаюць нас да драматургіі Марціна Макдонаха, які ў мінулым годзе стаўся своеасаблівым адкрыццём для нашай тэатральнай прасторы. Не менш цікавай абяцае быць і пазаконкурсная праграма, насычаная майстаркласамі, абмеркаваннямі спектакляў, творчымі сустрэчамі. Упершыню ў гісторыі форуму Лабараторыя маладой рэжысуры будзе цалкам прысвечана драматургіі беларускага аўтара Паўла Пражко, для якой чацвёра маладых рэжысёраў паспрабуюць адшукаць адпаведную сцэнічную мову.