Касцюмы, зброя, даспехі, упрыгажэнні, прадметы побыту вікінгаў, крывічоў, латгалаў, якія ў IX — XI ст.ст. жылі ў Падзвінскім рэгіёне і на сумежных тэрыторыях, — усе гэтыя вырабы аднаўляюцца ўдзельнікамі “Варгенторна” на падставе навуковых матэрыялаў.
— Усе экспанаты, прадстаўленыя на выстаўцы, — гэта справаздачная праца нашага клуба за мінулы год, — распавядае кіраўнік клуба Андрэй Семянюк. — Магчыма, гледачам некаторыя рэчы здаюцца прымітыўнымі. Але часам, каб стварыць фрагмент нейкай тканіны па аналагу з арыгіналам, даводзіцца засвоіць шмат інфармацыі, каб цалкам захаваць тагачасную тэхналогію. Усе экспанаты выкананы ўручную з натуральных матэрыялаў.
— Тут — усё, што мы выкарыстоўваем на паказальных выступленнях, на фэстах сярэднявечнай і этнічнай культур і музыкі, якія праводзяцца на Беларусі, ва Украіне, у Расіі, Латвіі, Польшчы, Германіі. З гэтым мы “ваюем” па-сапраўднаму, — сцвярджае А.Семянюк.
Сярод экспанатаў — карта гандлёвага шляху “з варагаў у грэкі”, выкананая на скуры і дрэве, шалік і плашч паводле ўзораў з Мамена (Х ст., Данія), дацкая мараходная кашуля XI ст., пашытая з канаплянай тканіны, скураныя паясныя сумкі і капшук, пітны рог з падвесам, жаночы латгальскі касцюм Х — ХІ стст. з каралямі, падвескамі і поясам, комплекс даспехаў XIII — IX стст. на падставе знаходак з Казазова (Каўказ): жалезныя шлем і кальчуга, кулачны шчыт з дрэва, жалеза і скуры, а таксама ўтульчатыя суліцы і дзіда, кісцень са знакам Рурыкавічаў і многае іншае.
“Варгенторн” існуе з 2004 г. Зараз у яго складзе — каля 20 чалавек ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў. Клуб удзельнічае ў здымках кіна- і тэлепраектаў, праводзіць выстаўкі, лекцыі для студэнтаў і школьнікаў, паказвае вогненнае шоу, навучае жадаючых сярэднявечным тэхналогіям вырабу розных рэчаў.
Алена АЛІМАВА
Віцебск
Фота аўтара