Віншуючы са святам ветэранаў і ўсіх суайчыннікаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што веліч і гістарычная значнасць Дня Перамогі не меркнуць з гадамі:
— Для нас гэта свята Жыцця, сімвал бессмяротнасці подзвігу абаронцаў роднай зямлі, якія адстаялі свабоду і незалежнасць неймаверна дарагой цаной.
Разам з тым, беларускі лідэр падкрэсліў, што далёка не ўсе жадаюць памятаць урокі гісторыі. За пасляваенны час у свеце больш за 250 разоў успыхвалі ўзброеныя канфлікты.
Мудры і мужны беларускі народ зрабіў свой выбар на карысць міру і стабільнасці, і ніхто не зможа прымусіць нас збочыць з абранага шляху, упэўнены Прэзідэнт. Вялікая Перамога даказала моц згуртаванасці народаў у барацьбе з агрэсарам, у адстойванні права на жыццё. І сёння таксама неабходна, каб усе міралюбівыя людзі былі разам, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адрасаваў ветэранам словы шчырай удзячнасці:— Вы выканалі свой абавязак, абараніўшы краіну ад агрэсара. Адстаялі для нас права быць грамадзянамі незалежнай, суверэннай дзяржавы. Вы па-ранейшаму застаяцеся ў баявым страі, служыце для ўсіх нас прыкладам непахіснай стойкасці і сілы духу.
Пасля завяршэння ўрачыстасцей Прэзідэнт цёпла пагаварыў з ветэранамі і прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага ў Беларусі. Затым Кіраўнік дзяржавы ў размове з журналістамі падзяліўся ўражаннямі ад святкавання Дня Перамогі:
— Самыя галоўныя і асноўныя ўражанні і эмоцыі — гэта тое, што на свяце вельмі многа дзяцей. У старэйшага пакалення гэтае свята ў крыві, і нам вельмі хацелася б, каб Дзень Перамогі застаўся ў памяці людзей назаўсёды. Удзел усвяце вялікай колькасці дзяцей і моладзі — вось у гэтым я бачу пераемнасць пакаленняў.
Паводле матэрыялаў БелТА