Музычным кіраўніком пастаноўкі з’яўляецца галоўны дырыжор Беларускай оперы Віктар Пласкіна. На дадзены момант ён знаходзіцца ў творчай паездцы, і за дырыжорскім пультам гледачы ўбачылі маладога Андрэя Іванова. Сцэна з прэм’ернага спектакля Беларускай оперы “Алека”.
Мастак Вольга Грыцаева стварыла запамінальны вобраз цыганскага табара, які стаў “галоўнай дзейнай асобай” спектакля. Пярэстыя цыганскія хусткі, што займаюць ледзь не ўсю сцэнічную прастору, робячы ў параўнанні з імі герояў зусім маленькімі, утвараюць ілюзію то чароўнага казачнага замка, то фантастычнай жывой істоты, якая дыхае ў такт музыцы, а часам — і насуперак ёй, паказваючы свой нораў. Падчас узнікае ўражанне, што гэта менавіта яна кіруе трохкутнікам “муж — жонка — палюбоўнік” і правакуе на ўчынкі, якія няўмольна вядуць да трагедыі. Пры такой канцэпцыі “танец шаляў” пад каласнікамі становіцца куды больш важкім за харэаграфічныя нумары, пастаўленыя Аленай Дзмітрыевай-Лаўрыновіч: цыганская стома і, паводле кантрасту, шалёная энергетыка заменены ў іх ланцужком элементаў класічнага, бальнага і рускага народнага танцаў.
Прэм’ера з’яднала салістаў, занятых у розных складах спектакля.
Уладзімір Пятроў увасобіў класічна дасканалы вобраз Алека, адпаведны Песні Земфіры “Старый муж, грозный муж” (пры гэтым першае азначэнне стваралася выключна грымам, другое — па-праўдзе шыкоўным вакалам і пластыкай рухаў). Поўнай супрацьлегласцю ягонай змрочнасці быў Малады цыган, закаханы не столькі нават у Земфіру, колькі ў само жыццё (Эдуард Мартынюк, які, пры ўсёй палкасці сцэнічных паводзін і бліскучасці свайго тэнару, умудрыўся яшчэ акрабатычныя кульбіты выконваць). А галоўнае — у сябе асабіста, у чым пераконваў яго пастаноўчы выхад у глядзельную залу. Гэткім жа ўвасабленнем імпульсіўнай жыццялюбкі стала Земфіра — Святлана Марусевіч (сапрана). Сімвалам устойлівасці табара выступаюць Стары цыган (Яраслаў Пятроў) і Старая цыганка (Наталля Руднева). Умудроныя жыццём, яны навучыліся стрымліваць пачуцці. Зрэшты, іх цудоўныя спевы ніколі не выклікалі сумневу.
Яшчэ большую палітру жарсцей і адценняў пачуццяў прадэманстравалі паказаныя напярэдадні два прагоны спектакля. Алека Уладзіміра Громава жыве пакутамі “лішняга чалавека” і забівае з-за адчування ўласнага бяссілля штосьці змяніць. Земфіра Аксаны Якушэвіч (мецца-сапрана) не пазбаўлена ўладарнасці, Малады цыган Аляксандра Жукава — сарамлівасці падлетка, які сам нібы пужаецца сваёй палкасці. Па-цыганску эмацыйнымі малююць сваіх старых герояў Васіль Кавальчук і Марына Аксёнцава. Таму не прапусціце спектакль 14 снежня і ўсе наступныя: кожны з іх прапануе сваё прачытанне матываў трагедыі.
Фота Васіля МАЙСЯЁНКА