— Я сама часцяком прыязджаю паназіраць, што робіцца ў Палацы, — кажа суразмоўца. — І сапраўды, недзе пасля трох папаўдні публікі там заўсёды багата. Пераважна — моладзь. Гэта запэўнівае мяне ў тым, што мы рушым у верным напрамку. Значыць, у Палацы сёння віруе жывое мастацтва. Можа, яно не настолькі высакадумнае і канцэптуальнае, як камусьці б хацелася. Але яно сапраўднае! Моладзь адчувае, дзе ёсць гэты струмень жыцця, ды імкнецца туды, каб спатоліць смагу.
— А ў чым сакрэт такога росту наведвальнасці?
— Тут ёсць два асноўныя складнікі. Па-першае, самі выставы: іх канцэпцыя, тэма, мастакі... Скажам, фэст ArtMinsk стаў брэндам і выклікае цікавасць ужо сам па сабе. Але пры гэтым важна зрабіць з любой выставы экспазіцыйную падзею, аптымальна размясціць яе ў прасторы. І другі складнік — рэклама, якая адпавядае цяперашняму часу.
— Аднак афіш вашых выстаў я нешта асабліва і не бачыў…
— Цяпер афішы не спрацоўваюць, гэта вам пацвердзіць любы арт-менеджар. Асноўны разлік — на інтэрнэт, сацыяльныя сеткі. Там мноства водгукаў, прычым не толькі добразычлівых. Гэта мяне зусім не бянтэжыць: менавіта крытыка часцяком становіцца рухавіком цікавасці. Галоўнае, што здымкамі з нашых выстаў Сеціва літаральна поўніцца.
— Сапраўды, настолькі частыя пстрычкі затвору, пэўна, нідзе больш не пачуеш. Падобна, многія з наведвальнікаў прыходзяць на выставы ў пошуках цікавага антуражу для фотасесіі.
— Я нічога благога ў гэтым не бачу. Магчыма, нехта і сапраўды абурыцца, маўляў, мастацтва — сур’ёзная рэч, а не фон для сэлфі. Але справа ў тым, што фотасесія на выставе — гэта ж таксама творчая, гульнявая форма яе ўспрымання. І тая гульня спрыяе збліжэнню з гледачом. Мастацтва павінна рэзаніраваць у душы, выклікаць водгук, хай сабе і праз іронію або простую цікаўнасць. Мы б хацелі, каб баланс паміж гульнёй і сур’ёзнасцю захоўваўся — прынамсі, за выключэннем тых выстаў, якія адлюстроўваюць драматычныя тэмы: вайна, Чарнобыль…
Да ўсяго, мы змянілі і фармат вернісажаў. Бо раней было як заведзена: спярша пару хвілін пайграе музыка, потым урачыстыя прамовы, потым гледачы трохі пафланіруюць па галерэі і спакваля разыходзяцца. Наша ж задача — стварыць атмасферу творчага свята. Здорава, калі ўвесь вечар грае дыджэй або паказвае свае імправізацыі пластычны тэатр — прычым не на сцэне, а непасрэдна сярод публікі. Файна, калі і самі мастакі робяць перформансы побач са сваімі творамі. І гэтая жывая імпрэза захоплівае гледачоў. Яны ў ахвоту дзеляцца сваімі ўражаннямі ў сацсетках, іх сябрам становіцца цікава, што ж там адбываецца… Пагалоска ідзе ад чалавека да чалавека.
— Зазвычай публіка ходзіць на пэўныя імёны. Ці ёсць у нас пазнавальныя ўсімі мастакі, якіх можна назваць зоркамі?
— Па маіх назіраннях, у нашым мастацтве цяпер відавочнага лідара няма — хаця прыкметных постацей вельмі шмат. Можа, некалі і ў нас з’явяцца тыя асобы, чые персаналкі будуць прыцягваць такія ж натоўпы, як выставы Сальвадора Далі. Але на сёння найбольшую цікавасць выклікаюць менавіта вялікія калектыўныя праекты. Наш галоўны прынцып — каб на выставе большасць твораў былі адметныя ды цікавыя. Чаму не ўсе? Ведаеце, калі разам выстаўляюцца дзве сотні мастакоў, “слабыя звёны” папросту непазбежныя. Але агульны якасны ўзровень тыя хібы паглынае, робіць іх незаўважнымі.
— Здавалася б, мастакоў у Беларусі не так і шмат. Як вам удаецца не паўтарацца?
— Мы стараемся, каб з выставы на выставу адныя і тыя ж творы не качавалі, нават калі яны выдатныя. І таму нават калі імёны паўтараюцца — што ў нашай не такой і вялікай краіне непазбежна, — дык работы ўсё адно розныя.
Да таго ж мы зрабілі нашы праекты адкрытымі для ўсіх ахвотных — не толькі для членаў Саюза мастакоў. Здавалася б, тысяча з гакам творцаў — гэта вельмі багата. Але апроч іх у нас ёсць шмат іншых: студэнтаў або тых, хто прыходзіць у мастацтва з іншых сфер. Часта яны робяць вельмі нечаканыя рэчы. Таму алгарытм самы дэмакратычны: мы гучна абвяшчаем прыём заявак — і выбіраем з таго, што да нас трапляе. Адкрыццяў здараецца багата нават для нас саміх, ды і для гледачоў таксама.
І такім чынам атрымліваецца аптымальны баланс. У экспазіцыях суседнічаюць як сталыя прадстаўнікі нашай мастацкай школы — а іх крыўдзіць мы ні ў якім разе не хочам, — гэтак і абсалютна адвязаная (у мастацкім сэнсе) моладзь. Вельмі радая, што ўдаецца іх спалучыць.
Я чым далей, тым болей упэўніваюся: насамрэч мы яшчэ вельмі слаба ведаем беларускі мастацкі ландшафт. Прыкладам, тое, што робіцца па-за МКАДам. А ў рэгіёнах ёсць шмат цікавых мастакоў.
— Наколькі яны прадстаўлены на сталічных выставах?
— У сваіх гарадах тыя мастакі варацца ва ўласным соку. Уявіце: ёсць 20 або 50 аўтараў, склад якіх з года ў год не мяняецца, і ты ўжо дакладна ведаеш, што выставіць наступным разам твой калега. Таму мы паставілі сабе задачу выцягваць іх у Мінск любым чынам. Натхняем, забяспечваем транспартам. Гэта вельмі важна: не кожны сваім коштам здатны прывезці работы ў сталіцу.
— Ды і заўсёднікі мінскіх пляцовак у вас раскрываюцца неяк па-іншаму. Скажам, фрывольна-сентыментальны жывапісец Ганна Сілівончык на нядаўнім трыенале “Канцэпт” прадэманстравала саркастычную серыю таблічак-забарон…
— Мастакі раскрываюцца, таму што яны маюць такую магчымасць — толькі прыдумайце і зрабіце. Прынцып той каманды, якая працуе цяпер у Саюзе мастакоў: “Ёсць ідэя — мы падтрымаем”. Многія мастакі гэта адчулі. Мы адразу ўсім казалі: прыходзьце нават з самымі вар’яцкімі задумамі — і мы паспрыяем іх рэалізацыі, калі гэта магчыма. На тым жа трыенале многія прапаноўвалі свае асобныя праекты. Прыкладам, Аляксандр Балдакоў прадставіў цэлую выставу светлавых аб’ектаў папраўдзе вышэйшага пілатажу.
Мы такія амбіцыі адно вітаем. Жыццё павінна быць цікавым. А творчы саюз перш-наперш павінен быць… творчым. З майго пункту гледжання, вельмі важна, каб у прыярытэце былі не толькі камбінат, майстэрні і камунальныя плацяжы, але менавіта творчае жыццё. Гэта самы верх піраміды.
— Сёлетні “Восеньскі салон” прадставіў зусім новае, пакуль незнаёмае пакаленне мастакоў. Як вы яго ацэньваеце?
— Вырасла вельмі добрае пакаленне. Гэта людзі, якія маюць адукацыю, ведаюць, што адбываецца ў свеце, навучаныя як класічным тэхнікам, так і сучасным плыням. Яны зусім іначай адчуваюць жыццё. У іх творах шмат трэшу, гульні, гумару. Мастацтва для іх — своеасаблівая аддушына, у нечым — спосаб “падзівачыць”. Але калі маеш талент і адукацыю, выдурняцца ты будзеш вельмі прыцягальна... Моладзі проста трэба давяраць. Можа, трошкі і правяраць, канешне. Але галоўнае — давяраць.
— Трыенале “Канцэпт” праходзіла на пяці розных пляцоўках. Хаця раней здавалася, што і паўтары з гакам тысячы м2 выставачных плошчаў Палаца — гэта зашмат…
— Ды вы што, Палац — ён зусім маленькі! Многія наведвальнікі трыенале, дзе прадстаўлена 400 работ, скардзілася на тое, што там зацесна. А ўсё таму, што мы не хацелі адмаўляцца ад многіх файных твораў. Таму актыўна сябруем з рознымі музеямі і галерэямі, прапануем ім тыя свае выставы, якія ў Палац не змяшчаюцца.
У дадатак прыдумалі для сябе такі фармат: робім “версію” сваіх праектаў для меншых залаў ды выпраўляем на гастролі па рэгіянальных музеях. Поспех — адчувальны. У Магілёве нават тэрмін выставы працягнулі, аддаваць не хацелі. Мы ўсе сёння адчуваем голад на культурнае жыццё — і ў сталіцы, і за яе межамі.
Да ўсяго, у Саюза мастакоў вельмі добрая калекцыя, якая фармавалася з 50-х гадоў і да 90-х. У ёй шмат твораў мастакоў-франтавікоў, шмат мэтраў старэйшага і сярэдняга пакалення — у тым ліку і пачынальнікаў авангарда, якія мы цяпер выстаўляем у Нацыянальнай бібліятэцы. Гэтую калекцыю мы прыводзім у парадак, апісваем, каталагізуем. І, зразумела, стараемся паказваць. Вельмі важна даваць слова і тым мастакам, якіх ужо няма з намі.
— Мяркуючы па вашых выставах, цяперашні нервовы час дзіўным чынам даў мастацтву добры штуршок…
— Варта нагадаць, што менавіта ў цяжкія перыяды гісторыі нараджаліся самыя цікавыя работы. Той жа супрэматызм з’явіўся на драматычным зломе эпох. Хочацца верыць, і пандэмія ўскосна паўплывае на паўстанне чагосьці новага і вельмі цікавага. А пакуль нам трэба захаваць сябе, захаваць цікаваць да творчасці і саміх сябе.
Пры ўсіх цяжкасцях, якія нас атачаюць, у мастацтва ёсць шанец захавацца, каб потым стрэліць яшчэ мацней. Хочацца, каб творчае жыццё віравала, каб несупынна з’яўляліся новыя адкрыцці, каб яны выклікалі водгулле ў гледачоў… Калі ў галерэі не гарыць святло, бо няма ніводнага наведвальніка, — гэта самае страшнае.