Мастак і калекцыянер Андрэй Плясанаў.

Галіна Плясанава на адкрыцці выставы “Беларускі аванграўнд”.
Адкрыццё выставы сабрала даволі значную колькасць мастакоў, мастацтвазнаўцаў, прыхільнікаў мастацтва. Канешне, усе ўспаміналі Андрэя, які быў неад’емнай часткай сучаснага мастакоўскага асяроддзя, усе выказвалі яму ўдзячнасць. Дырэктар НЦСМ Сяргей Крыштаповіч яшчэ раз падкрэсліў значнасць калекцыі, назваўшы яе “неацэнным для беларускай культуры зборам”. Удава Андрэя Плясанава Галіна, чый вобраз неаднойчы з’яўляўся на карцінах, сказала, што маштаб моцнай і неардынарнай асобы яе мужа яшчэ не да канца прачулі ў беларускай культуры, і згадала, як пачыналася калекцыя: “Андрэй вучыўся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе і пазнаёміўся з многімі маладымі мастакамі. Ужо тады ён зразумеў, які стыль у мастацтве яго вабіць найбольш. Ён не любіў пастановачны жывапіс, яго прыцягвалі эксперыменты. Спачатку мастакі дарылі яму карціны, а з часам захапленне перарасло ў калекцыянаванне”.
“Чалавек з лапатай”, Казімір Малевіч (меркаванае аўтарства).
Многія імёны мастакоў, чые творы падбіраў у калекцыю Андрэй Плясанаў, цяпер для нас з’яўляюцца хрэстаматыйнымі: Людміла Русава, Мікола Селяшчук, Сяргей Малішэўскі, Аляксандр Чартовіч, Дзмітрый Сурыновіч, Святлана Каткова, Вольга Сазыкіна і г. д. Карціны на выставе “Беларускі аванграўнд” датуюцца якраз 70—90-мі гадамі, але ёсць прыклады ўжо і з новага стагоддзя. Сяргей Крыштаповіч, чые работы як мастака таксама прысутнічаюць у экспазіцыі (яна дапоўнена творамі са збору НЦСМ), так апісвае значнасць зробленага калекцыянерам: “Калі б не Андрэй, гэты скарб для беларускага мастацтва мог быць і згублены. Уласна для мяне той час — гэта шчырае мастацтва, мастацтва па любові, а не па разліку. Для нашых сучаснікаў яно — камертон. Цяпер, на адлегласці часу, каштоўнасць карцін прызнаецца ўсімі. А тады, калі нехта захапляўся творам, для мастака і тое ўжо было ўзнагародай. Першае памкненне, па сабе памятаю, — я табе дару! А Андрэй бачыў сапраўднае мастацтва. Яму ж студэнты, здаралася, казалі — прыедзь, зірні, а то замалюем зверху чым іншым. Плясанаў прыязджаў, бачыў выдатны авангардысцкі твор — і забіраў. Вось так дзякуючы яму многае і захавалася. Расійскае мастацтвазнаўства лічыць, што ў 70–80-х у Беларусі не існаваў авангардны рух. А ў калекцыі Плясанава больш за тысячу работ, і многае, асабліва што тычыцца графікі, яшчэ і не ацэненае цалкам”. Ёсць і такі момант, паводле меркавання Сяргея Крыштаповіча, што калекцыянер здолеў выхапіць з таго часу ледзь не адзіныя выдатныя работы асобных творцаў. Прайшоўшыя дзесяцігоддзі завялі гэтых мастакоў у іншыя заняткі, у пошук камерцыйнага поспеху, і гэтак далей. А ў маладосці яны дазвалялі сабе ствараць менавіта што не па разліку, і атрымлівалася нават геніяльна.
Карціны мастака Андрэя Плясанава, карціны з яго калекцыі беларускага авангарду, карціны са збораў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, драўляная скульптура Ісуса XIX стагоддзя, старадаўнія народныя касцюмы і прадметы побыту з Музея старажытнабеларускай культуры — гэта яшчэ не ўсё, чым вабіць праект “Беларускі аванграўнд”. Мінчане маюць рэдкую магчымасць убачыць і адзіную ў Беларусі карціну Казіміра Малевіча “Чалавек з лапатай” з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Калі гаворка пра беларускі авангард, асоба Малевіча — сімвал. Канешне, трэба ўлічваць складаную гісторыю твора. Малевіч ці не Малевіч? Кропка ў гэтым пытанні дагэтуль не пастаўлена: ёсць пераканаўчыя аргументы і за, і супраць. Увогуле лёсам адзінай у Беларусі “карціны Казіміра Малевіча” варта пацікавіцца асобна, гісторыя адметная.
Выстава “Беларускі аванграўнд” працуе да 21 лістапада. У памяць пра Андрэя Плясанава Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў плануе шэраг мерапрыемстваў. На наступным тыдні як працяг праекта “Шостая лінія” ў будынку цэнтра па вуліцы Някрасава будзе выстаўлена яшчэ адна частка калекцыі Андрэя Плясанава, асобная зала запоўніцца аўтарскімі творамі мастака. 11 снежня — на дзень нараджэння творцы — адбудзецца творчы вечар і пройдзе круглы стол з абмеркаваннем ролі калекцыянераў у захаванні культурнай спадчыны.