— Ці моцна кавальская справа эвалюцыянавала ў плане тэхналогій з сівой даўніны і да нашых дзён?
— Прынцыпова — ніяк! Награваеш ты жалезку да 900 градусаў — і рабі з ёю што хочаш. Коўка — гэта ж, уласна, і ёсць механічнае ўздзеянне на метал, нагрэты да адпаведнай тэмпературы. Так было і так будзе заўсёды, што тут можа змяніцца? Хіба нюансы кшталту спосабу нагрэву.
Іншая рэч, што кавалі рознымі бываюць. Хтосьці займаецца мастацтвам, хтось вырабляе, дапусцім, калекцыйную зброю, хтосьці ўмее хвацка падкаваць каня… Я б наўрад ці дала рады гэта зрабіць.
— Пэўна, гэтае пытанне даўно ўжо вам надакучыла. Але ўсё ж ад яго не ўстрымаюся. Чаму сучасная дзяўчына выбрала такое архаічнае і працаёмкае ўмельства, а не які-небудзь модны камп’ютарны дызайн?
— Шчыра? Мне проста хацелася вылучыцца. Калі ў 1999 годзе я паступала ў Акадэмію мастацтваў, здавалася, што гэта зрабіць вельмі складана. А мне чамусьці надта карцела. І таму вырашыла: што ж, трэба па поўнай...
— Няўжо проста каб вылучыцца?
— На першы момант, мабыць, так. Але ўрэшце ўсё неяк склалася: метал мяне прыняў. Я вельмі яму за гэта ўдзячная.
— Аднак, пэўна, гэта патрабавала шмат настойлівасці ды высілкаў…
— Вы нават не ўяўляеце, якіх! Але ў Педуніверсітэце, дзе я раней вучылася на мастацка-графічным, мне было… занадта лёгка. Скончыла там тры курсы, патрапіла на першую практыку ў школу… І зразумела, што педагогіка — зусім не маё. Таму вырашыла пашукаць сабе нейкі больш складаны шлях. А тут акурат пашчасціла.
— Як паставіліся да вашага рашэння іншыя?
— У Акадэміі ёсць вытворчая майстэрня, дзе стаіць горн, грэецца жалеза, чутны грукат молата. І вось, з’яўляецца на яе парозе дзяўчынка вагою ў 49 кілаграм... Убачыўшы мяне, “аксакалы” адразу сказалі: не, такі каваль нам не патрэбны (зрэшты, гэтую фразу я і дасюль чую прынамсі штотыдзень). Аднак паколькі я была нядрэнна падрыхтаваная па ўсіх дысцыплінах, у выніку прайшла па конкурсе.
— Паступіць адно, а вось не кінуць…
— Гэта было і сапраўды складана, прычым не столькі фізічна, колькі псіхалагічна. Я ж чалавек не з творчага асяроддзя: у маім родзе мастакоў няма. Таму сярод прадстаўнікоў славутых дынастый пачувалася даволі няўпэўнена. Але праз упартасць ды энтузіязм у 2004 годзе я Акадэмію скончыла. Заявак на размеркаванне на такога каваля, вядома, не паступіла — каму я была патрэбная? Таму пайшла на біржу працы, потым мне далі малюткі крэдыт, я набыла абсталяванне і пачала шукаць замоўцаў. З таго часу так і працую.
— Мяркуючы па вашым партфоліа, даволі паспяхова. Прычым замоўцы ў вас самыя розныя — і муніцыпальныя ўлады, і царкоўныя прыходы, і прыватныя асобы… Ці лёгка ўдаецца знаходзіць паразуменне?
— Мяне рыхтавалі менавіта як мастака дэкаратыўна-прыкладнога — і, адпаведна, я павінна ўмець да нечага сваё мастацтва прыкласці. Зрабіць густоўную і прафесійную рэч у той стылістыцы, якую вымагае заказчык. У мяне, пэўна, няма тых прац, за якія было б сорамна.
— Ці не бывала такога, што вашы з замоўцам уяўленні пра густ кардынальна разыходзіліся?
— Найперш, замоўцу трэба стварыць такі выбар, каб выбару ў яго не было (смяецца). Але гэта, вядома, жарт… амаль. Насамрэч вельмі важна, каб ён сам удзельнічаў у працэсе, каб ідэя нарадзілася ў выніку нашай агульнай творчасці. Так, былі замовы, ад якіх даводзілася адмаўляцца, але зусім няшмат.
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва заўсёды кантэкстуальнае. Вось і я прапаную замоўцу зрабіць твор у кантэксце яго прасторы, яго памкненняў, яго думак і пажаданняў. Калі я ў той кантэкст патрапіла — лічы, паразуменне дасягнутае. А я ўмею трапляць! Адчуваць і разумець, што чалавек хоча. Бо я ж не жалеза прадаю, а паветра ўнутры майго жалеза. Ствараю вашую ж уласную прастору, у якой вы павінны добра сябе адчуваць. Мой унёсак мусіць падкрэсліваць вашу індывідуальнасць, адлюстроўваць менавіта вашае бачанне свету. І такі падыход зазвычай працуе. Пра гэта я магу меркаваць, паколькі многія замоўцы вяртаюцца. Атрымаўшы адзін аб’ект, ты спасцігаеш жаданне працягваць далей. Здавалася б, ужо пяць тон таго жалеза на тваім участку, а ўсё ніяк не можаш спыніцца.
— Апрача куды больш амбітных твораў, у вашым актыве ёсць і абсалютна ўтылітарны аб’ект — велапаркоўка. Як прымусіць сябе падысці да яго творча?
— Тут важна ўдакладніць, што яна знаходзіцца ля царквы Усіх Святых у Мінску. І вось, я ўяўляла сабе, як святар у падрасніку пад’язджае да гэтай паркоўкі, каб пакінуць там свой ровар. Пагадзіцеся, вельмі прыгожая сцэна: храм, бацюшка, веласіпед… Значыць, і да такога дробнага аб’екта мне нельга ставіцца фармальна. Ён павінен стаць саўдзельнікам усёй гэтай самавітай прасторы. Без вобразнага мыслення ў працы з металам наогул не абысціся. І ў стварэнні тых вобразаў павінен абавязкова ўдзельнічаць сам замоўца.
— Наколькі цяжка ўвасабляць у такім цвёрдым матэрыяле тонкія ідэі?
— Жалеза шмат што даруе, многія памылкі. Гэта не дрэва або камень — матэрыялы капрызныя. Метал можна доўга мучыць, і пакуль ты не спаліш яго ў горне ўшчэнт, ён будзе трываць. І, з іншага боку, дае вельмі шмат магчымасцей. Пагатоў, у дадатак да кавальства дапасоўваюцца і новыя тэхналогіі — напрыклад, лазерная рэзка.
— І тут адразу прыгадваюцца вялізныя металічныя выцінанкі на станцыі метро “Кавальская слабада”…
— Гэтая праца рабілася складана, доўга, але не без задавальнення. Мая зона адказнасці там невялікая. Параметры задавалі архітэктары, і ў гэтых вузкіх рамках нам з Паўлам Вайніцкім трэба было зрабіць аб’ект. Я прыгадвала, што на тым месцы некалі было прадмесце Мінска, дзе жылі кавалі — трохі наводдаль, каб не перашкаджаць іншым. Адсюль дрэвы, птушкі, прырода… Пазнавальныя вобразы маладзечанскай школы выцінанкі, твораў Лізаветы Чырвонцавай.
— Ці ёсць у вас падзел на творы “для сябе” і для заказчыка?
— Натуральна! Былі перыяды, калі я гадамі не мела рэсурсаў на ўласную творчасць. Цяпер усё наадварот: і рэсурсаў і жадання багата. Тэмы чэрпаю з уласных пачуццяў, і нястачы таксама не маю. Рыхтую вось працу на чарговую трыенале сучаснага мастацтва.
— Наколькі для вас быў важны дыплом “Арт-Мінска”, які атрымаў ваш “Аўтапартрэт” па выніках глядацкага галасавання?
— Паверце, для майго псіхатыпу гэта значыць вельмі многае. Любому мастаку прызнанне важнае, а такому, як я — удвая. Вельмі прыемна, што заўважылі маю працу, хай сабе і такую змрачнаватую, створаную праз боль… Спадзяюся, ужо налета людзі будуць ахвотней адгукацца на творы светлыя ды радасныя.
— А медыцынская маска на твары скульптуры застанецца маркерам адно цяперашняга часу...
— Так, мне ўжо даводзілася чуць: маўляў, хайпанула на гарачай тэме. Але для мяне тая праца — зусім пра іншае, не пра каранавірус. Пра сваё, уласнае… Думаю, гадоў праз дзесяць яна будзе ўспрымацца іначай.
— Ці лёгка спалучаць працу па натхненні і па замове?
— Не бачу тут праблем. Натхненне можа быць, а можа і не быць. А вось сілы на тое, каб каваць жалеза, трэба мець заўсёды. Пагатоў, у мяне нямала супрацоўнікаў, якіх трэба забяспечваць працай. Я ж не той каваль, які робіць твор ад пачатку і да канца.
— А раней лічылася, што мастак павінен усё рабіць сваімі рукамі…
— Рукамі я раблю дастаткова шмат: вунь у мяне збітыя пазногці і абпаленая скура. Усё як у сапраўднага каваля. Але працэс ад пачатку і да канца… Навошта? Пагатоў, у ім нямала розных чыста тэхнічных этапаў. Адна справа, калі ты бярэш кавалак жалеза, засоўваеш яго ў горн і пераўвасабляеш у твор мастацтва — гэта я, вядома, нікому не даверу. Але ж тую жалезку яшчэ трэба апрацаваць, адрэзаць, зварыць... Потым пачысціць горн. Творчай асалоды ад гэтага ніякай: саначкі вазіць я не люблю. Таму шчаслівая, што маю магчымасць і сродкі, каб “дэлегаваць паўнамоцтвы”. На доўгім шляху ад ідэі да твора я бяру на сябе толькі самыя важныя этапы.
— Урэшце хацеў бы спытаць: ці не было жадання паспрабаваць сябе не ў метале, а ў нейкім іншым матэрыяле?
— Нават думак такіх не ўзнікала! У мяне ёсць глыбокая павага да “майго” матэрыялу, яго разуменне — з усімі дыяметральнымі супрацьлегласцямі. Метал — ён і трывалы, і мяккі, і пластычны, і жорсткі, і халодны, і цёплы... Я адчуваю яго як родную стыхію, і мне здаецца, што нашы пачуцці ўзаемныя. Таму ніколі яму не здраджу з якой-небудзь пластмасай.