— Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на мінулым тыдні наведаў Нацыянальную бібліятэку, дзе звярнуў увагу на пытанні інфарматызацыі рэгіянальных бібліятэк. Як ідуць справы ў гэтай сферы ў Бярэзінскай раённай бібліятэцы?
Дырэктар Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Маеўская:
— На працягу 3-х мінулых гадоў мы з дапамогай пазабюджэтнага спец-рахунку штогод куплялі па новаму камп’ютару. Таксама сёлета набылі каляровы прынтар і машынку для пераплёту. З дапамогай названай тэхнікі мы робім кнігі для мясцовых аўтараў. Напрыклад, для казачніцы Алены Лучанок зрабілі такое выданне. Яшчэ — апошнюю кнігу для Алеся Бычкоўскага, якая чакае свайго выхаду ў выдавецтве, і кнігу бярэзінскай аўтаркі Людмілы Жданавай. Такім чынам, мы робім усё магчымае для папаўнення сродкаў бібліятэкі па-за бюджэту. Дарэчы, працягваецца рэканструкцыя нашага асноўнага будынка. Да пачатку зімы ў ім будзе накрыты дах, а ў першай палове наступнага года яго здадуць у эксплуатацыю.
— 15 верасня адзначаўся Дзень бібліятэк Беларусі. У кожным куточку нашай радзімы, дзе ёсць гэтыя важныя кропкі асветы, свята сустракалі па-свойму. Як гэта рабілі ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Ф. Карскага?
Марына Ігнатовіч, дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі:
— Да свята 15 верасня мы прапанавалі ўсім бібліятэкам нашай вобласці правесці акцыю І-стопер, згодна з якой можна было сфатаграфавацца з любой прыгожай кнігай на адмысловай святочнай экспазіцыі. Спадзяемся, гэта падштурхне і пачытаць пасля гэтую кнігу. Для школьнікаў мы арганізавалі кніжнае казіно Las-Knigas, дзе задавалі пытанне наконт зместу разнастайных кніг. У сховішчы рэдкай кнігі — конкурс “Кніжны Разумнік”. Для дарослых — выставу кніг, якія ў сацыяльных сетках мы абазначылі, як “гарачыя”. З самымі маленькімі працавала кніжная фея. А самі супрацоўнікі бібліятэкі для падтрымання карпаратыўнага духу сустрэліся разам, арганізавалі своеасабліваую творчую пляцоўку, дзе кожны мог праявіць свае таленты. Па-за святочнымі мерапрыемствамі правялі важную акцыю: у будынку бібліятэкі бясплатна прымалі натарыусы. Больш падрабязная інфармацыя выкладзена на нашым сайце.
— Вялікую ўвагу належыць надзяляць утульнасці навучання студэнтаў. Важна, каб у кожнай установе адукацыі было даступна і гарачае харчаванне. Як гэта адбываецца ў Мазырскім музычным каледжы?
Ірына Целепун, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мазырскага дзяржаўнага музычнага каледжа:
— У нашым каледжы маецца буфет на 76 месцаў. Пастаўку гарачага харчавання сюды забяспечвае КВУП “Школьнае харчаванне горада Мазыра”. Штодзённа навучэнцам каледжа прапануюць рознае меню з выбарам першых і другіх страў, салатаў, напояў. У студэнта ёсць магчымасць замовіць сабе порцыю на заўтра загадзя, калі ён ведае, што яго чакае інтэнсіўны дзень.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ