Безумоўна, кожная нацыя мае патрэбу ў таленавітай творчай асобе, якая б на высокамастацкім узроўні выражала памкненні народа і стала нацыянальным прарокам, прадказальнікам будучыні роднай краіны. Такой знакавай постаццю для беларусаў стаў народны паэт Беларусі Якуб Колас. Яго імя паступова пераўтварылася ў легенду, стала сімвалам, які аб’ядноўвае нацыю.
Ты не менш за манументальнасцю фігуры класіка хаваўся жывы чалавек, асоба са сваімі пачуццямі, поглядамі і жыццёвымі памкненнямі. Тое, як ставіўся класік да гістарычных падзей, што здараліся ў краіне, ярка адлюстравана ў яго паэтычных і празаічных творах, лістах да родных і знаёмых, у публіцыстыцы.
“Рвалась сэрца к родным гоням”
За дарэвалюцыйным часам Якуб Колас успрымаўся як сялянскі паэт, на светапогляд якога, тым не менш, значна паўплывала расставанне з радзімай падчас Першай сусветнай вайны.
У пачатку восені 1915 г. разам з сям’ёй ён эвакуіраваўся ў Маскоўскую губерню, але не адседжваўся ў тыле, а быў мабілізаваны на вайсковую службу. Скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча, служыў у Пярмі ў запасным палку. Аднак, нягледзячы на цяжкасці ваеннага часу, паэт не апускаў рукі і працягваў пісаць свае творы, у якіх чулася шчырае асуджэнне вайны, а таксама туга па родных мясцінах і трывога за лёс Бацькаўшчыны, жаданне як мага хутчэй уз’яднацца з Радзімай. Напрыклад, у вершы “На чужыне” Колас пiсаў:
Рвалась сэрца к родным гоням
Птушкай лёгкакрылай,
К светлым рэчкам, цiхiм тоням
Белай Русi мiлай.
Пясняр адлюстроўваў і ўнутраны свет, думкі, пачуцці селяніна — удзельніка вайны:
Сiратою глядзiць поле,
Сумна ўдаль бягуць шнуры.
Хто ж адкажа, што за доля
I дзе iх гаспадары?
(“Поле”)
Нарэшце, да радасці Канстанціна Міхайлавіча, прыязджае ў Перм жонка Марыя Дзмiтрыеўна з сынам Данiлам. Там жа ў сям’і нараджаецца другі сын Георгій (родныя звалі хлопца Юркам). У хуткім часе — у лiпенi 1917 года — Якуб Колас быў прызначаны начальнiкам эшалона, якi рушыў на румынскi фронт. Марыя Дзмітрыеўна з дзецьмі едзе да маці ў горад Абаянь Курскай губерні. Цяжка было паэту развітвацца з роднымі:
Разважае бядак, дом не йдзе з галавы,
Пахілілася з гора яна.
I здавалася, з ім плакаў лес баравы,
Быццам думка была ў іх адна.
(“Думкі салдата”)
Хуткае няшчасце, тым не меней, дапамагае сям’і ўз’яднацца — у сувязі з цяжкай хваробай Колас атрымлівае адпачынак і можа ехаць да родных у Абаянь. Там з імпэтам працуе настаўнікам, школьным інструктарам у горадзе і навакольных вёсках. Але ж на чужой зямлі душы няма спакою — паэт адчувае сябе “маленькай пушынкай у калавароце віхроў”, мары аб вяртанні на радзіму не пакідаюць яго.
У лiсце да сябра і калегі па пяру Янкi Купалы ён пiша: “Братец мой милый! Случалось тебе когда-нибудь застрять где-нибудь на железнодорожной станции, ждать поезда? Вот в таком положении чувствую я себя теперь… Всё жду, когда же наступит возможность оставить эту Московщину и вновь очутиться среди своих людей… Болит моя душа по Белоруссии. Чувствуешь ли, братец, как тяжко жить на чужбине? Мне часто приходит на ум наш тихий, сумрачный, но мягкий сердцем и добрый душою белорус. Начиная с Нового года, я потерял все связи с родным краем, живу воспоминаниями о прошлом, мечтами об утерянном...”
І напрыканцы ліста паэт робіць выснову, што ёсць выхад нават з самага цяжкага становішча, галоўнае — прабудзіць у земляках прагу да аб’яднання дзеля барацьбы з чужынцамі, каб дабіцца права на незалежнасць роднай краіны: “Что же нам делать? Пробуждать в народе самосознание, ориентация должна быть на самого себя”.
Аб сваёй творчасці ў гэты перыяд Колас напіша ў 1926 годзе ў аўтабіяграфіі: “За часы вайны і прыбывання ў Расіі пісаў мала, урыўкамі. У Куршчыне скончыў “Сымона-музыку” і напісаў адзін ці два раздзелы “Новай зямлі”. Сувязь з Беларуссю была выпадковая з прычыны падзей ваенна-палітычнага характару. Моцна смуціўся па Беларусі”. Раздзел паэмы “Новая зямля” “Зiма ў Парэччы” падкрэслівае гэтую думку:
Далёка я ад межаў родных
Сярод людзей, душой халодных
І сэрцам чэрствых. Я гадаю,
Я родны край успамiнаю,
Я iм жыву, я ў iм душою
І сэрцам кожнаю парою.
Якуб Колас быў разлучаны з Беларуссю на працягу шасці гадоў, якія здаліся яму вечнасцю. Нарэшце, 100 гадоў таму, у лютым 1921 года, Наркамасветы Беларускай ССР накiроўвае Народнаму камiсару асветы РСФСР А. В. Луначарскаму тэлеграму з просьбай “немедленно откомандировать в распоряжение Наркомпроса Белоруссии школьного инструктора Константина Мицкевича, псевдоним Якуб Колас, одного из лучших белорусских писателей”.
За непраходнай мяжой
15 мая 1921 года паэт з роднымі вяртаецца ў Мiнск. Сустрэча з Радзімай натхняе песняра, дае сілы жыць і пісаць. Але ж радасць паэта і землякоў азмрочана. 1921 год прыносіць новую бяду шматпакутнаму народу Беларусі — 18 сакавіка, паводле Рыжскага мірнага дагавору, Заходняя Беларусь адыходзіць Польшчы. Менавіта там, за непраходнай мяжой, засталася малая радзіма паэта — родныя сэрцу мясціны Стаўбцоўшчыны, дзе жылі бліжэйшыя родныя (у тым ліку і маці паэта), а таксама сябры і паплечнікі. “Вобразы мілыя роднага краю” зноў заставаліся толькі ва ўспамінах…
Літаральна праз пяць дзён пасля падпісання Рыжскага дагавору (яшчэ да вяртання ў БССР) Якуб Колас стварае верш “Дубы”, дзе алегарычна апісвае, што сталася з сімвалам любай старонкі пасля таго, як “наляцелі буры злыя”:
Эх, дубы, дубы! Вякамі
Вы збіралі сілы,
Не звалодаў віхар з вамі,
Вас здалелі пілы.
“Беларуская зямля па Рыжскім дагаворы, якім заканчвалася вайна з белапанскай Польшчай, — пісаў Я. Колас, — была падзелена на дзве амаль роўныя часткі. Балюча было ўсведамляць, што мяжа, раздзяляўшая адналітную краіну, прайшла па самым сэрцы яе”.
Хутка Канстанцін Міхайлавіч мовай паэзіі звяртаецца да землякоў з палымяным заклікам да яднання:
Дружна і згодна станьма
сцяною.
Доля не прыйдзе сама,
Воля не зойдзе к нам стараною,
Збоку дарог ёй няма.
…
Будзем мы самі гаспадарамі,
Будзем свой скарб ратаваць!
Годзе той крыўды! Ў ногу
з братамі
Пойдзем наш край вызваляць.
Верш “Беларускаму люду” быў прызнаны контррэвалюцыйным. Пасля публікацыі ў 1922 годзе і ў зборы твораў 1928 г. больш нідзе не друкаваўся. Яго ўключылі цалкам толькі ў апошні збор твораў паэта.
Тэма падзелу гучыць і ва ўступе да трэцяга раздзела паэмы “Сымон-музыка”:
Родны край! Ты разарваны
I на захад ад мяжы
Пан пыхлівы, надзіманы
Моцна сцягвае гужы...
Пасля вяртання з Куршчыны ў БССР Колас з сям’ёй штогод праводзіў свой адпачынак у сельскай мясцовасці — вельмі клапаціўся пра здароўе дзяцей і сам імкнуўся пабыць на ўлонні прыроды, якую так любіў. І канешне, той факт, што адпачыць на малой радзіме няма магчымасці, вельмі засмучаў паэта. Колас моцна сумаваў па Стаўбцоўшчыне, часта прыгадваў яе ў сваіх творах, у перапісцы, у размовах з сябрамі і роднымі. Страшэннай ранай на сэрцы паэта сталася і тая акалічнасць, што ён не змог прыехаць на пахаванне маці, якая памерла ў 1929-м.
У вершах “Панам”, “Братам Заходняй Беларусі”, “Беларусі пад Польшчай”, “Ворагам”, “Панам-ваякам”, “Польскім катам” і іншых Якуб Колас адкрыта і рэзка выступае супраць гвалту над жыхарамі Заходняй Беларусі.
У сувязі з разгромам Беларускай сялянска-работніцкай грамады і масавым тэрорам у Заходняй Беларусі газета “Савецкая Беларусь” у студзені 1927 года друкуе падпісаны Я. Коласам, Я. Купалам, М. Піятуховічам, І. Замоціным і іншымі зварот да вучоных Захаду. Там жа размяшчаецца верш Я. Коласа “Братам Заходняй Беларусі”:
Браты! Мінецца
ліха-гора,
I панскі шал затхнецца
скора…
Толькі праз дваццаць гадоў пасля расстання з роднай зямлёй давялося Я. Коласу пабачыць яе з акна вагона, калі ён ехаў на Міжнародны кангрэс пісьменнікаў у абарону культуры ў Парыж у 1935 годзе. “З вялікім хваляваннем і жалем пазіраў я на тыя мясціны, — пісаў Я. Колас, — дзе колісь хадзіў я і ездзіў. Тыя ж убогія, вузенькія палоскі зямлі, тыя ж панскія маёнткі... Усюды на станцыях пышныя постаці паноў, паўпанкаў і розных дробных шляхцюкоў. І толькі дзе-нідзе на задворках мільгала заношаная світка беларуса”.
Незабыўныя дні
Але ж нарэшце прыйшоў час, і “магутная Чырвоная Армія перайшла граніцу і ў некалькі дзён вызваліла Заходнюю Беларусь, несучы ёй доўгачаканае збавенне і волю, — пісаў Я. Колас. — Не было канца радасці беларускага народа. З якою шчырасцю, з якім захапленнем сустракаў ён сваіх братоў, воінаў Чырвонай Арміі! Гэта былі незабыўныя дні, гэта было шчаслівае адраджэнне народа, які амаль дваццаць гадоў жыў у цяжкай панскай няволі”.
Ніякімі словамі нельга апісаць шчасце, якім поўнілася душа пісьменніка! 19 верасня 1939 г. Якуб Колас вітаў працоўных Заходняй Беларусі з днём вызвалення ў артыкуле “Браты Заходняй Беларусі”, надрукаваным у газеце “Звязда”. Там жа праз колькі дзён быў змешчаны верш Я. Коласа “Свайму народу”:
На прастор, на шырокі разлог
Выхадзі, мой народ, грамадою, —
Сотні новых і ясных дарог
Рассцілае жыццё прад табою!..
Паэту цяжка стрымліваць эмоцыі. У канцы верасня 1939 года ён зноў звяртаецца да землякоў:
“Даўно мяне цягне свой родны куток, дзе я гадаваўся, вучыўся, дзе правёў свае маладыя леты, куток, якога я не бачыў ужо з 1915 года. З гэтага часу я бываў у Мікалаеўшчыне толькі ў мыслях ды ў сне. Сніліся мне і Канцывалокі, і Міхалаў Крыж, і Дуброўкі, і Лядзіны, і Бервянец, і Раймусава шырокая, і Высокі бераг, і сотні іншых урочышч, якія цяжка пералічыць і назвы якіх можа забыліся або перайначыліся”.
Пасля доўгага расстання Колас упершыню наведае Мікалаеўшчыну толькі ў канцы чэрвеня 1940 года…
“Дні беспрасвецця ў нябыт адышлі”
А 8 кастрычніка 1939 года для правядзення творчых вечароў і ўдзелу ў падрыхтоўцы да выбараў у Народны сход Якуб Колас выязджае ў Беласток у складзе брыгады беларускіх пісьменнікаў, выступае перад інтэлігенцыяй.
Разам з Я. Купалам піша зварот да пісьменнікаў Заходняй Беларусі, дзе заклікае іх “у вольную сям’ю песняроў і пісьменнікаў” і працягвае руку “братняй дапамогі”.
28 кастрычніка 1939 дэпутаты Народнага Сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку прынялі рашэнне аб далучэнні Заходняй Беларусі да БССР. Пясняр не мог застацца ў баку ад гэтай падзеі. У газеце “Звязда” друкуецца верш “Наперад” з падзагалоўкам “Да дня 28. Х. 1939”.
Дні беспрасвецця ў нябыт адышлі,
Сонца ўзыходзіць над краем.
Вольныя людзі раскутай зямлі,
Песняю вас мы вітаем.
Збіты кайданы чорнае ночы,
Сцёрты старыя скрыжалі.
Смела наперад, люд наш рабочы,
К шчасцю ў шырокія далі...
У лістападзе 1939 г. Колас піша верш “Вольнаму народу”, які быў прысвечаны прыняццю Закона аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні яе з БССР:
Спета бясслаўна панская песня.
Кончана з панам,
пан не ўваскрэсне,
У край наш не знойдзе дарог.
Вольным народам сталі вы сёння.
Вашы ўсе пожні, вашы ўсе гоні,
І шлях вам, як сонца, пралёг.
У лісце да паэта і перакладчыка Сяргея Гарадзецкага ад 2 лістапада 1939 г. Якуб Колас адзначае: “Вчера возвратился из поездки в Западную Белоруссию. Ездил в составе делегации от трудящихся Советской Белоруссии для приветствия Народного собрания. Потрясающее, глубоко волнующее впечатление произвело это собрание. Мне никогда еще не случалось видеть такой съезд, такой народный сход, где бы с такой силой изливалась душа народа, его горькая обида…”
У 1938 годзе Якуб Колас пачынае працу над будучай паэмай “Рыбакова хата”. Як успамінаў у кнізе “Пад бацькоўскім дахам” малодшы сын паэта Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, “спачатку была задумка напісаць твор аб цяжкім лёсе жанчыны ў панскай Польшчы пад назваю “На крэсах усходніх”. Але ў часе распрацоўкі тэмы рамкі твора значна пашырыліся, праца вылілася ў паэму”. У газеце “Савецкі селянін”, дзе быў апублікаваны ўрывак з паэмы, паэт заўважаў: “Тэма і змест паэмы — барацьба беларускага народа за сваё нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне з-пад панскага гнёту”.
У 1949 годзе Якубу Коласу за паэму “Рыбакова хата” была прысуджана Сталінская прэмія СССР другой ступені.
Свой паэтычны твор народны паэт скончыў пажаданнем, якое не страчвае акутальнасці і сёння:
Няхай не будзе больш згрызот
І змоўкнуць непрыязні словы!
Вольга НАВАЖЫЛАВА,
навуковы супрацоўнік
Дзяржаўнага літаратурна-
мемарыяльнага музея
Якуба Коласа.
Фота з фондаў музея
Аўтар выказвае падзяку ўнучцы Якуба Коласа М. М. Міцкевіч, а таксама галоўнаму захавальніку фондаў Дома-музея Якуба Коласа праўнучцы Песняра В. В. Міцкевіч за дапамогу.