У гэты ж дзень прайшоў “круглы стол” з удзелам краязнаўцаў, гісторыкаў, мастакоў, мастацтвазнаўцаў, будаўнікоў і творчай групы, што працавалі тут у самым пачатку. Яны згадвалі, як нараджалася гэтая ўстанова. Дырэктар музея-сядзібы Аляксей Сухарукаў распавёў “К”, што сустрэча адбылася цёплая і шчырая, на ёй былі ўдакладнены шматлікія факты, датычныя гісторыі музея і біяграфіі І.Рэпіна, а таксама ўзнімаліся раней не вырашаныя пытанні.
Успомнілі людзей, якія калісьці дапамагалі аднаўляць сядзібу і захоўваць памяць пра мастака. Да бронзавага помніка Рэпіну былі ўскладзены кветкі.
У гэты ж дзень адкрылася выстаўка колішняга фотакарэспандэнта газеты “Культура” Генадзя Жынкова, які багата здымаў у музеі-сядзібе.
Успомнілі таксама тую карысную справу, якую зрабіла наша выданне ў канцы 90-х гадоў: на дзяржаўным узроўні было ўзнята пытанне аб аднаўленні спаленай у пажары рэпінскай сядзібы.
Шмат зрабілі і выязных рэдакцый, якія праводзіла “Культура”.
Больш за дзесяць тысяч наведвальнікаў прыязджае штогод у “Здраўнёва”. Вялікім попытам карыстаецца гэтае маляўнічае месца ў тых, хто вырашыў пабрацца шлюбам. Шмат выставак прыцягваюць увагу гасцей, а іх тут ладзяць вучылішча мастацтваў, студэнты мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П.Машэрава, творцы з абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці, дамоў рамёстваў рэгіёна, ладзяцца таксама персанальныя экспазіцыі, праводзяцца рэгулярныя пленэры жывапісу..
Дырэктар установы адзначае, што прайшло ўжо 8 гадоў пасля аднаўлення, і будынку патрэбны ўнутраны і знешні касметычны рамонт, які паступова, крок за крокам, будзе праводзіцца.
Алена САБАЛЕЎСКАЯ