Правядзе анлайн-экскурсію адна з куратараў выставы, загадчыца аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея, кандыдат мастацтвазнаўства Кацярына Ізафатава. І гэта будзе не “спрынтарскі забег” з мільгаценнем “карцінак”, а даволі падрабязны расповед пра самога Лазара Хідэкеля — ураджэнца Віцебска, выхаванца Марка Шагала і Казіміра Малевіча ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы, пра яго творчасць, супрэматычную архітэктуру, заснавальнікам якой быў Хідэкель, і, шырэй, пра мастацкае аб’яднанне УНОВИС, да 100-годдзя якога ладзілася выстава.
Нават калі вы мелі магчымасць пазнаёміцца з творамі Лазара Хідэкеля ў музеі, не прапусціце дадатковую магчымасць убачыць гэта яшчэ раз — разам са спецыялістам. А галоўнае — да гэтай выставы ў азначаны час зможа далучыцца ўвесь свет.