Прадзюсар Брыдж Сахая распавядае, што ўпершыню трапіў у Беларусь амаль выпадкова, застаўся вельмі задаволены і наступным разам прыехаў ужо ствараць кіно. Добрыя дыпламатычныя адносіны між краінамі, выдатнае месца знаходжання краіны вельмі спрыяюць працы.
Здымаюць карціну пад інтрыгуючай назвай “Суператрад”. Нілеш Сахай, рэжысёр і галоўны прадзюсар, апісвае галоўную ідэю фільма вельмі сціпла:
— Гэта эмацыянальны экшн пра мужчыну і маленькую дзяўчыну, у жыцці якіх не было нікога. Яны сустрэліся ў няпростых абставінах, але знайшлі адзін у адным родную душу, пасябравалі.
— Мой персанаж — сур’ёзны і ўпэўнены, ён заўсёды ідзе наперад, — кажа выканаўца галоўнай ролі Рынзінг Дэнзонгпа.
Рынзінг — сын даволі вядомага індыйскага акцёра Дэнні Дэнзонгпа. Тым не менш, гэта яго першая роля ў кіно. Яго герой Бім — баец атрада спецыяльнага прызначэння. Задача Біма і яго “суператрада” — выратаваць дзяўчыну, якая знаходзіцца ў закладніках.
Сямігадовая дзяўчынка Мімі — унучка вядомага вучонага, які распрацоўваў формулу, што дазваляе стварыць універсальнага салдата. Даследчык нечакана знік разам з распрацоўкамі, і арміі розных краін, выкарыстоўючы Мімі, намагаюцца адшукаць знаўцу. Атрад жа Біма імкнецца выратаваць дзяўчынку ад ворагаў.
Галоўны жаночы персанаж — Арыя — снайпер, вельмі прафесійны салдат. Між ёй і Бімам узнікае сімпатыя, і адлюстраваць гэтае пачуццё кінематаграфісты вырашылі ў традыцыйным для Індыі стылі — праз танец. Дарэчы, апошні здымалі ў клубе ў выкананні беларускіх танцораў са студыі Дзмітрыя Залескага. У кожнага персанажа з гэтага атрада ёсць свая гісторыя, і калі яны збіраюцца разам, то становяцца вельмі моцнай камандай.
— Па даўжыні фільм будзе каля дзвюх гадзін, у жанры экшн, — распавядае прадзюсар карціны Брыдж Сахая. — Прэм’ера запланавана на красавік 2020 года.
Шматлікая масоўка з нашых акцёраў іграе ў фільме ролю салдат выдуманай краіны, што знаходзіцца недзе ў цэнтры Еўропы.
У ролі ажно дзвюх гераінь з “суператрада” — каскадзёрка Карына Аляксандрава. Яна працуе ў кіно ўжо больш за дзесяць гадоў, за яе плячыма — больш за сорак фільмаў. Карына выконвае ўсё, што тэхнічна не здольныя зрабіць самі актрысы: небяспечныя трукі, бойкі, нават выбухі. Галоўны пастаноўшчык трукаў, якія выконваюць акцёры, — таксама беларус, Раман Каралёў.
Дырэктар візуальных эфектаў Вішал Талкар распавёў пра адну з самых цікавых сцэн па частцы спецэфектаў — яе таксама здымуць на “Беларусьфільме”:
— Будзе эпізод, дзе чалавек падчас палёту пераскоквае з аднаго верталёта на другі. Такога яшчэ ніхто не рабіў. Практычныя трукі мы скамбінуем з візуальнымі эфектамі, каб гэта выглядала рэалістычна. Акцёр будзе пераскокваць між сапраўдным верталётам і мадэллю.
Індыйскія кінематаграфісты прабудуць у Мінску да 25 кастрычніка. Прадзюсар Брыдж Сахая спадзяецца вярнуцца ў Беларусь у красавіку 2020 года, пасля прам’еры “Суператрада”, каб пачаць здымаць новы фільм.
Валянціна КРАСОЎСКАЯ,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ