Кожны такі фестываль у малых гарадах Беларусі мае сваю адметнасць. У Міры сёлета гучыць музыка В.Казлоўскага, Н.Орды, С.Манюшкі, М.Ельскага, Г.Вагнера, Я.Глебава, Д.Смольскага. Нясвіжскае ж свята прайшло пад знакам 600-годдзя Белавежскай Пушчы. Таму на ім так многа было твораў для духавых, гучанне якіх заўсёды аздабляла паляванні ды пікнікі на прыродзе беларускіх магнатаў. Прыехаў нават гурт паляўнічай музыкі “Бакас” з Драгічына, стварыўшы ажыятаж сваімі сціслымі фанфарнымі ўкрапваннямі ў акадэмічны канцэрт.
Нечаканым сюрпрызам стала і выстаўка Уладзіміра Тоўсціка, на якой вядомы мастак прадставіў свой цыкл “Падарожжа па адышоўшым стагоддзі”.
“Ажылая” мінуўшчына сустракала ў гісторыка-краязнаўчым музеі, побач з якім адбудавалі кузню, у ратушы, дзе з’явіўся макет Нясвіжа мяжы ХVІІІ — ХІХ стст., а зусім нядаўна — і пластыкавыя фігуры яе былых гаспадароў (іх зрабіў скульптар Андрэй Хацяноўскі, а строі — дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Людміла Даўнянкова).
Ды ўсё ж галоўнай “сенсацыяй” (бо для знаўцаў гэта даўно не сенсацыя, а амаль што аксіёма) сталася выключнае майстэрства нашых духавікоў-прафесіяналаў. Уявіце хаця б такую сцэну: адну і тую ж п’есу іграюць, па збегу абставін, музыкант са Швецыі і… наш сямікласнік Міхал Бачыла, які займаецца ў прафесара Мікалая Волкава. І ў гэтым непрадугледжаным “спаборніцтве” перамагае юнацтва! Бо з такім запалам, бляскам у вачах могуць выступаць толькі дзеці. Але ж яны яшчэ і прафесіяналы, якія выдаюць папраўдзе дарослае майстэрства!
Уявіць здабыткі айчыннай духавой школы дапамаглі дзве падзеі “Муз Нясвіжа”: Другая музычная асамблея, што сабрала лаўрэатаў конкурсаў на медных духавых, пачынаючы са школьнага ўзросту, і святкаванне 15-годдзя Ансамбля салістаў на драўляных духавых. Вось дзе было чаму здзіўляцца! І выбітным апрацоўкам Генрыха Гедыльтэра, які ўдала выкарыстоўвае тэмбравыя кантрасты, падзел ансамбля на некалькі “міні-ансамбляў”, ствараючы ўражанне то сольных, то “аркестравых” уступаў. І ўсхвалявана цёплым, зусім не “сярэбрана-халодным”, гучанням, і віхравым тэмпам, у якіх адчувалася буянне прыродных стыхій.
Не адставалі і струнныя, што гуртаваліся то ў квартэт, які папярэднічаў навуковай канферэнцыі, то ў камерны аркестр на чале з Валерыем Сарокам. А калі са струннікамі зайграў новы саліст Нацыянальнага канцэртнага аркестра Арцём Шышкоў — скрыпач найвышэйшага сусветнага ўзроўню, дык нясвіжцы і госці фестывалю, сярод якіх былі і замежнікі, увогуле адчулі сябе, бы ў лепшых еўрапейскіх залах.
Так што “сакрэтнае прызнанне” мастацкага кіраўніка свята М.Фінберга, што з наступнага года канцэпцыя “Муз Нясвіжа” зменіцца, падпарадкоўваючыся лозунгу “Нясвіж — цэнтр музычнай культуры Еўропы”, нікога не здзівіла. Няўжо не? Хіба гатэля “Еўропа” не хапае. А з музыкай — усё ў парадку.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА