Мінакі — і асабліва турысты — з цікавасцю назіраюць за творчым працэсам. Сёй-той нават выказвае жаданне паўдзельнічаць — і адразу атрымлівае ў рукі пэндзаль. Гэта нагадвае сюжэт пра плот і Тома Соера — з той хіба розніцай, што за магчымасць далучыцца да цікавай працы тут расплочваюцца не дохлымі пацукамі ды іншымі дзіцячымі скарбамі, але часам ды цікаўнасцю. Выслухоўваючы падрабязныя аповеды пра гераічную троіцу нашых суайчыннікаў.
Завадатар арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана Зміцер Юркевіч усяляк папулярызуе гэтыя важныя для нашай гісторыі, але паўзабытыя імёны — у тым ліку, і праз публікацыі на старонках “К”. А яго паплечнік, вядомы жывапісец Алесь Родзін, спецыяльна для гэтай мэты стварыў серыю “Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі”.
— Гэта не графіка, а менавіта графіці, хай і на халсціне, — кажа мастак, падкрэсліваючы, што ў дадзеным выпадку ён ставіў найперш не творчыя, а папулярызатарскія мэты: нейкім чынам візуалізаваць тыя постаці мінуўшчыны, якія для сучаснікаў сталі, бадай, прывіднымі.
Методыка зразумелая. Чакаць, пакуль тыя фігуры ўвасобяцца ў бронзе, можна доўга. А графіці — узяў ды намаляваў. Два дні — і гатова!
Некалькі гадоў работы вандравалі па розных выставачных залах, і ўрэшце задума пачала ўвасабляцца і ў манументальным фармаце. Аўтары спадзяюцца, што невялічкае паводле памераў графіці — толькі першая ластаўка, і ўслед за ім з’явяцца іншыя. Балазе, дазвол на такое ўпрыгожванне будынка яго ўласнікі далі лёгка, а вольнага месца яшчэ хапае.
Ініцыятыва, як падаецца, у кожным разе вартая працягу. Калі і іншыя прафесійныя ды тытулаваныя мастакі стануць такім чынам “выходзіць на вуліцы” — замест таго, каб бэсціць у сваіх цесных майстэрнях “невукаў-графіцістаў” — ад гэтага выйграюць усе. І горад з яго жыхарамі ды гасцямі, і самі творцы, якія ўсё часцей скардзяцца на брак гледача.