Пасольства Італьянскай Рэспублікі сумесна з міністэрствамі замежных спраў абедзвюх краін сталі ініцыятарамі гэтай маштабнай падзеі, прымеркаванай да 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных зносін паміж дзяржавамі.
24 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь Надзвычайны і Паўнаважны Пасол Італіі ў Беларусі Стэфана Бьянкі і міністр культуры нашай краіны Барыс Святлоў распавялі пра план на 2017 год у гэтым кантэксце. Па-першае, культурнае яднанне мае візуальнае выражэнне — падрыхтаваны адмысловы лагатып, што сімвалізуе сувязь і падабенства такіх, здавалася б, розных народаў. Па-другое, больш за 30 афіцыйных мерапрыемстваў ужо ўнесена ў план на год.
Так, з 8 па 12 лютага на XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы будзе працаваць італьянскі павільён, 18 і 19 лютага ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага адбудуцца паказы камедыі “Карчмарка” Карла Гальдоні (рэжысёр Матэа Сп’яцы). Гэты ж рэжысёр ставіць у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек спектакль “Пансіён Бельведэр”, яго пакажуць 24 сакавіка. Італьянцы прымуць удзел і ў V Міжнародным форуме вулічных тэатраў у маі. Выставы “Трыпціх Хуткасці” знакамітага футурыста Джэрарда Даторы ў Нацыянальным мастацкім музеі і “Мастацкае шкло з Мурана” ў Нацыянальным гістарычным пройдуць цягам 2017-га.
Італьянцы сапраўды вырашылі ўкараніцца ў беларускае культурнае жыццё — днём італьянскага дызайну (2 сакавіка), VIII паказам “Мода Італія” (30 — 31 сакавіка), удзелам у фестывалі еўрапейскага кіно, тыднем фатаграфіі, джазавымі вечарамі і гэтак далей. Спадар Бьянкі паабяцаў не абысці ўвагай і беларускія рэгіёны: хутчэй за ўсё знаёмства з італьянскай культурай там адбудзецца праз фотавыставы і кінапаказы.
Дадамо: пасольства працягвае прымаць прапановы з боку як дзяржаўных устаноў, так і прыватных асоб аб супрацоўніцтве ў рамках Года італьянскай культуры ў Беларусі.
Тым часам у рамках Года беларускай культуры на Сардыніі, які арганізаваны ганаровым консульствам Рэспублікі Беларусь у горадзе Кальяры, аб’яўляецца адкрыты конкурс народных калектываў. Пераможца прыме ўдзел у двух канцэртах у італьянскім рэгіёне з 10 па 15 мая. Падрабязная інфармацыя на сайце консульства.