Але мы адказныя не толькі за дамы рамёстваў, а і за ўсю сферу культуры вобласці. І тут, канешне ж, ёсць пэўныя праблемы. Як вы ведаеце, з пачатку 1990-х гадоў многія дамы культуры ў Расіі былі ліквідаваны. Напрыклад, раней усе буйныя расійскія прадпрыемствы мелі свае дамы ці цэнтры культуры. Пасля распаду Савецкага Саюза шматлікія фабрыкі ды заводы былі акцыянаваны, а новыя ўласнікі не захацелі ўтрымліваць разнастайныя сацыяльныя аб’екты, што знаходзіліся на балансе прадпрыемстваў. Дарэчы, менавіта з гэтай прычыны ў нас пачалі скарачаць і дзіцячыя сады, і спартыўныя збудаванні, і ўстановы культуры. Тады ж зніклі і дзяржаўныя кінатэатры. Гэта таксама страшна, бо цяпер кожны прыватны кінатэатр стараецца зарабіць як мага больш грошай, таму і кінарэпертуар у іх адпаведны.
Таму наш Цэнтр культуры і творчасці займаецца таксама і кіно… Мы пачалі шчыраваць на гэтай дзялянцы яшчэ ў 2006 годзе. На жаль, варта сказаць, што цяпер у большасці раёнаў Іванаўскай вобласці няма не толькі кінатэатраў, але і кінаўстановак. Старыя з сельскіх устаноў культуры патрабуюць замены. А ўсталяваць новыя — вельмі дорага. Таму наш Цэнтр стараецца хоць бы часткова запоўніць гэты прабел. Мы ладзім фэсты (адзін з іх — кінафестываль “Дзеці і казка. Памяці Аляксандра Роу”, вядомы далёка за межамі Расіі), арганізуем кінаклубы, паказваем добрыя фільмы, прычым не толькі старыя, але і новыя.
Галоўная ж праблема нашых устаноў культуры — не ў дрэнным фінансаванні, а ў тым, што часам федэральныя ўлады прымаюць рашэнні, якія наносяць вельмі сур’ёзную, я нават сказала б, непапраўную шкоду сістэме культуры. Згодна з ім, улада з раённага цэнтра перадаецца на месцы, у сельскія паселішчы. А ў іх проста няма дый ніколі не было сродкаў на ўтрыманне аб’ектаў культуры — клубаў ці бібліятэк. Таму сетка клубных устаноў у нас адразу ж пачала скарачацца, зніклі мабільныя аўтаклубы, якія абслугоўвалі некалькі населеных пунктаў. Мясцовыя адміністрацыі проста адабралі аўтамабілі ў культуры: ім быў патрэбен транспарт на іншыя мэты…
Калі прымалі закон, казалі, што будзе канкурэнцыя, што ў вёскі прыедуць творчыя людзі і пачнуць праводзіць мерапрыемствы на больш высокім узроўні... Замест гэтага ў вёсках пачалі з’яўляцца культурна-забаўляльныя ўстановы, якія аб’ядналі ў сабе і клуб, і бібліятэку, бо, зразумела, што ўтрымліваць адзін будынак значна танней, чым два. Але ці выйграла ад гэтага сфера культуры — пытанне з досыць няпэўным адказам...
Мясцовыя ўлады эканомяць і на заробках культработнікаў, скарачаючы іх нагрузку да 0,25 стаўкі. Вы ўяўляеце, якія атрымліваюць грошы клубнікі і бібліятэкары?.. Хаця, трэба адзначыць, апошнім часам выплаты ў сферы культуры павялічыліся і ў гарадах, і ў раёнах. Нават тое, што некалькі гадоў таму было заснавана і на дзяржаўным узроўні адзначаецца наша свята — Дзень работніка культуры — кажа пра тое, што на нас пачалі звяртаць больш увагі. Цяпер нам прапаноўваць розныя падыходы да арганізацыі працы, пэўныя рэформы, што таксама вельмі важна... Хаця і да ўсяго гэтага можна паставіцца з пэўным скепсісам, бо як вядома, сфера культуры — вельмі складаная галіна, і рэфармаваць яе хутка ды ў сціслы тэрмін наўрад ці атрымаецца.
Фота Сяргея ТРАФІЛАВА