Цікавосткі творчай Віцебскай вобласці, шчодрай на мастакоў, пісьменнікаў і майстроў, можна доўжыць бясконца. Але нельга ўтрымаць у абдымках неабдымнае, варта выбраць штосьці адно. Вось хаця б гэта. Першынство трымае вобласць і па фестывальным руху, разнастайным і яскравым. Вось пра яго, што трымаецца на трох вялікіх і мудрых кітах, і пастараюся распавесці.
СПЕЎНЫ ДОЎГАЖЫХАР
“Браслаўскія зарніцы” — наша старэйшае песеннае свята. Яго можна лічыць правапераемнікам песенных фэстаў часін Заходняй Беларусі. У газетах таго часу паведамлялася, што ў мястэчку Браслаў 28 чэрвеня 1931 года адбылося першае павятовае свята песні. За савецкім часам фэст пачаў адлік з 1953 года. З 1967-га свята пачало называцца “Браслаўскія зарніцы”. Яно адразу стала знакамітым сваім зводным хорам. Не дзіва, што з цягам часу фестываль набыў заслужаны статус міжнароднага.
Далей — болей. “Браслаўскія зарніцы” прыраслі адметным святам “Меч Брачыслава” на Замкавай гары. Гэта інтэрактыўнае відовішча з удзелам гістарычных клубаў, што займаюцца рэканструкцыямі рыцарскіх баёў і папулярызацыяй сярэднявечнай культуры. Свая дзялянка фестывальнай дзейнасці прыналежыць тут і клубу майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў “Ля возера” навукова-даследчай установы культуры “Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў”.
У 2012 годзе абласное ўпраўленне культуры прыняло рашэнне адрадзіць на свяце выступленне тысячнага хору, з якога і пачыналіся калісьці “Браслаўскія зарніцы”. Рашэнне было з поспехам выканана.
У розныя часы ўдзельнікамі фэсту з’яўляліся творцы з Беларусі, Латвіі, Расіі, Літвы, Украіны, Эстоніі, Польшчы, Арменіі, Венесуэлы… А летась у рамках свята ўпершыню адбыўся адкрыты конкурс народнага танца “Паазерскія тапаткі”. У ім удзельнічалі сямнаццаць заслужаных, народных і ўзорных харэаграфічных калектываў з самых розных абласцей нашай Беларусі.
ПАД ЦЫМБАЛЫ І ГАРМОНІК
У 2019 годзе прайшоў XXX Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах. Горад за гэты час прызвычаіўся быць фестывальным. А заснаваў свята старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі. Фэст стаў прыдатным і для аматараў, і для прафесіяналаў, і для навукоўцаў.
Чаму Пастаўскі раён? Менавіта тут захаваліся самабытныя выканальніцкія школы ігры на народных музычных інструментах, у тым ліку на ўнікальных дыятанічных цымбалах. Асабліва славіліся музычныя традыцыі вёсак Груздава і Пожарцы. У 1939 годзе ў Груздаве стварылі фальклорны гурт цымбалістаў, які стаў аркестрам і праіснаваў каля шасці дзесяцігоддзяў. Традыцыю падхапіў ансамбль “Паазер’е”.
Паступова фэст займеў сваю сталую структуру і брэндавую значнасць. Маю на ўвазе найперш конкурс выканаўцаў на народных інструментах “Хто каго”. А яшчэ ёсць тэатралізаваны “Пастаўскі баль”, творчыя лабараторыі, выставы інструментаў.
Карысць свята яшчэ і ў тым, што яно пастаянна развіваецца. Праграма пастаянна папаўняецца мерапрыемствамі. Гэта канцэрты старадаўняй і класічнай беларускай музыкі ў мясцовым касцёле, тэатралізаваныя дзеі “Музыка беларускіх палацаў і сядзіб” ля палаца Тызенгаўзаў…
З 2010 года ў Паставах пачалі ладзіць пленэры рэзчыкаў па камені з удзелам выкладчыкаў і студэнтаў Беларускай акадэміі мастацтваў. Творы ўпрыгожваюць гарадскі ландшафт, арганічна ўпісваюцца ў фестывальную творчую канву.
За гады існавання фэсту на Пастаўшчыне пабывала каля 150 тысяч удзельнікаў і гасцей з дзясяткаў краін.
САЛАЎІНЫ РАЙ
Кажуць, самыя звонкія салаўі ў Беларусі — на Дубровеншчыне. Вось яны і напелі фэст. Спачатку, у дзень святкавання 600-годдзя Дуброўна, гэта быў абласны музычна-песенны агляд. За 26 гадоў існавання фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” свята стала рэгіянальным, а потым — міжнародным. А сімвалам яго нязменна з’яўляецца салоўка.
А прыдумалі фэст Мікалай Пашынскі, колішні начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама (з 1990 па 2011 год), і тагачасны старшыня Дубровенскага райвыканкама Міхаіл Ляшчынскі. Мэта была больш чым высакароднай: аб’яднаць творчыя намаганні рэгіёнаў Беларусі, Украіны і Расіі, што размешчаны ля Дняпра. Але тое, што добра пасаджана і дагледжана, добра рунее. Таму ў 2004 годзе да салаўінага свята далучыліся прафесійныя і аматарскія калектывы з Літвы, Латвіі і Эстоніі. А яшчэ праз час геаграфію мерапрыемства пашырылі прадстаўнікі Польшчы, Славакіі, Малдовы, Сербіі, Румыніі, Турцыі, Аргенціны, Індыі.
Ладзіцца фестываль у чэрвені цягам трох дзён. Кожны раз прапаноўваецца штосьці новенькае. Да прыкладу, першае ў краіне свята свістулькі “Салавейка”. Ці конкурс па стварэнні лялек у нацыянальных традыцыйных касцюмах “Лялька Дубравушка”. А яшчэ ўдзельнікі свята робяць Дыван сяброўства, даўжыня якога на сёння — 15 метраў. У мяне асабіста такое ўражанне, што не будзе таму дывану ні канца ні краю. І цудоўна!