АЙЧЫННЫ СУПЕРГЕРОЙ
Дзям’ян Крупеня — адзіны жывы партызан, які ўдзельнічаў у “Прарыве”. Нарадзіўся ён у 1928 годзе, а таму вайсковыя падзеі памятае добра. Яго бацька працаваў падлікоўцам у калгасе, маці даглядала жывёл, у сям’і былі яшчэ дзед і малодшы брат. Вайна наступіла не раптоўна, кажа Дзям’ян Уладзіміравіч, людзі гаварылі пра яе загадзя. Неяк на летніх канікулах Дзям’ян з сябрамі пайшлі купацца на возера, а калі прыйшлі назад, убачылі, што вяскоўцы сабраліся перад клубам і слухалі зварот Молатава. Моладзь была настроеная ўпэўнена, казалі, што савецкія сілы разграмяць ворага. Але не ўсё аказалася так проста…
“Першы раз мы ўбачылі акупантаў, калі двое немцаў прыехалі да нас на роварах і загадалі даць ежы, — кажа Дзям’ян Крупеня. — Спачатку баявых дзеянняў у нас не было, але ў кожнай вёсцы сталі з’яўляцца гарнізоны і паліцаі. Немцы ставіліся да мясцовых жорстка, адбіралі маёмасць і прадукты, нават збівалі. Стараста нашай вёскі захацеў падзяліць зямлю несумленна, як пры царскай уладзе, але мой бацька-падліковец парваў старыя дакументы, за што яго ледзь не пазбавілі жыцця. Паступова мясцовыя жыхары вырашылі даць адпор немцам. Пачалі арганізоўвацца партызанскія брыгады і граміць гарнізоны. Да 1944 года ў нашай зоне было каля 17 тысяч партызан. Я дапамагаў будаваць аэрадром, каб атрымліваць боепрыпасы з вялікай зямлі, рыць акопы. У 1944 годзе я ўступіў у партызанскі атрад, і праз некалькі месяцаў немцы акружылі нашу зону, каб знішчыць усялякае супраціўленне.
Мне з маім сябрам Мікалаем Полазавым даводзілася служыць і на баявым пасту, і пры партызанскім штабе. Калі немцы пачалі поў-
намаштабныя баявыя дзеянні, мы ўсе вельмі баяліся самалётаў, бо з імі ніяк не маглі змагацца. Таксама неяк па чыгунцы пад’ехалі два бронецягнікі і сталі абстрэльваць нашы пазіцыі, ды так, што лес валіўся. Былі пастаянныя перастрэлкі, голад, даводзілася есці нават кару і лісце. Галоўнае, чаго мы баяліся, — каб не параніла і не патрапіць у палон, а смерці чамусьці не баяліся. Аднойчы наш атрад адрэзалі немцы, і мы доўга блукалі па лесе, пакуль нас не падабраў адзін з партызанскіх камандзіраў. Ён прызначыў нас разведчыкамі.
Калі ў партызанскім штабе зразумелі, што немцы сціскаюць кола, было вырашана адыходзіць да пазіцый Чырвонай Арміі, якая ўжо пераходзіла ў наступ. Я быў сведкам подзвігу чалавека. Ён адступаў са мной і тым самым маім сябрам, і калі фашысты нас амаль дагналі, загадаў, каб мы схаваліся ў балотны выварацень, а сам узяў усю зброю і гранаты і пачаў адстрэльвацца. Ён навязаў бой немцам і загінуў. Мы таксама ўзялі сабе супрацьтанкавую гранату, каб, калі нас знойдуць пад вываратнем, падарваць і сябе, і ворагаў. Калі страляніна скончылася, немцы прайшлі паблізу, але не заўважылі нас. Мы змерзлі, але дачакаліся цемры і сышлі з-пад вываратня.
Я з сябрам быў адзін з першых, хто ўбачыў нашых байцоў. Мы разведвалі і знайшлі ў высокім жыце незнаёмых салдат. Калі падпаўзлі бліжэй, зразумелі па гаворцы, што яны свае, і адкрыліся. Тыя далі нам па пакеце прамасленай пшанічнай крупы і хацелі зварыць нам кашу на сухім спірце, але мы з задавальненнем з’елі крупу сырой, бо да таго часу не елі нічога больш за тыдзень. Я нават запомніў надпіс на пакеціку з кашай: “Угощайся кашей пшенной, а врага корми стальной, чтобы гость неприглашенный не топтал земли родной”.
Пасля прарыву Дзям’ян Уладзіміравіч вярнуўся дадому і захварэў. Ён успамінае, што яго дзед разразаў на ім боты, бо яны проста прыраслі да ног. У свой час наш воін чатыры з паловай гады служыў у паветрана-дэсантных войсках пад Кіраваградам. Толькі скачкоў з парашутам здзейсніў больш за 50. Пасля ўсё жыццё прапрацаваў у галіне культуры: у хаце-чытальні, у райкаме партыі, у прафсаюзе і доўгі час дырэктарам Дома культуры ў вёсцы Глыбачка, дзе і жыве цяпер. Любімы занятак, які не пакідае дагэтуль, — маляванне карцін.
ПАМЯТАЕМ ПРА ПОДЗВІГ
Захоўвае памяць аб подзвігу партызан музей Народнай славы ва Ушачах. Дар’я Мілая, галоўны захавальнік фондаў, расказвае, што будынак узводзілі з 1979 па 1982 год. Але пэўны час таму яго закрылі на вымушаную рэстаўрацыю. Прыйшлося рамантаваць падмурак, дах, абнаўляць экспазіцыйныя залы. Мастак Уладзімір Крываблоцкі рэстаўраваў свой роспіс унутры музея. Такім чынам, музей Народнай славы ва Ушачах збіраюцца нанава адкрыць арыенціровачна 15 сакавіка.
Першая зала музея расказвае пра гісторыю Ушаччыны і самога гарадскога пасёлка, які ў свой час меў Магдэбургскае права. Затым пра асноўныя дзеянні часоў Вялікай Айчыннай вайны і ў большасці сваёй аб мясцовых партызанскіх атрадах. Адзін з куткоў прысвечаны аперацыі «Зорачка», паводле якой з полацкага дзіцячага дома лётчыкі-героі Маркаў і Кузняцоў вывезлі вялікую колькасць дзяцей, якіх немцы хацелі выкарыстоўваць як донараў крыві. Цікава было даведацца, што Міхаіл Ягораў, які ўсталяваў савецкі сцяг на рэйхстагу, таксама ваяваў у партызанскай зоне ва Ушачах.
У музеі ёсць вялізная выставачная зала, дзе створана карцінная галерэя. У асноўным у ёй прадстаўлены палотны і карыкатуры на акупантаў Мікалая Абрыньбы і Мікалая Гуціева, якія ствараліся падчас вайны. Акрамя таго, у выставачнай зале знаходзяцца карціны ўраджэнцаў раёна, а таксама работы, створаныя мастакамі Беларускага саюза мастакоў, калі яны прыязджалі на пленэры, арганізаваныя Святланай Бараноўскай. Разлічана, што пасля адкрыцця знаёміцца з экспазіцыямі музея можна будзе на працягу дзвюх гадзін.
ЖЫЦЦЁ ЯК ТВОРЧАСЦЬ
Два гады таму ва Ушачах з’явіўся новы будынак дзіцячай школы мастацтваў, які поўнасцю адпавядае колькасці дзяцей, што жадаюць далучыцца да прыгожага. Адначасова ў школе могуць знаходзіцца 100 чалавек. Школа была пабудавана дзякуючы ініцыятыве дэпутата Уладзіміра Андрэйчанкі, а таксама ўсяго дэпутацкага корпуса Палаты прадстаўнікоў.
Ніна Жукава, намеснік дырэктара школы мастацтваў, расказвае, што ў двухпавярховым будынку — 21 клас, дзе развіваюцца музычны, інструментальны, харавы і эстрадны напрамкі, а таксама выяўленчы, харэаграфічны і лічбавы. Школа мае добрыя традыцыі, тут два ўзорныя дзіцячыя калектывы, якія рэгулярна ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх конкурсах, а таксама дарослы народны вакальны ансамбль “Натхненне”.
Жанна Савіцкая — кіраўнік музычнага гурта выкладчыкаў “Натхненне”. Больш за 20 гадоў як іх калектыў абараніў званне народнага. Калектыў, апроч асноўнай нагрузкі ў школе, з задавальненнем збіраецца праз дзень на рэпетыцыі, а падчас падрыхтоўкі да выступаў і кожны дзень. Працуюць выкладчыкі ў розных кірунках, ад эстраднай да духоўнай музыкі. Асабліва складана было ўдзельнічаць у конкурсах духоўнай музыкі, прызнаецца Жанна Віктараўна, бо праспяваць чыста не значыць праспяваць духоўна. Ды і варта адрозніваць, што трэба спяваць на клірасе, а што можна ў канцэртным фармаце. Таксама калектыў мае патрыятычную тэматыку і багаты досвед удзелу ў падобных конкурсах.
Ва ўзорным дзіцячым хоры, якім таксама кіруе Жанна Савіцкая, даецца магчымасць спяваць дзецям, якім цяжка было б рабіць гэта ў адзіночку. Галоўная задача, якую ставяць сабе выкладчыкі, — гэта не толькі знайсці здольных дзяцей, але і затрымаць іх.
Ушачы — гэта кампактны гарадскі пасёлак з вялікай гісторыяй. Тут жывуць і пад мірным небам працуюць таленавітыя людзі. І ім ёсць чым ганарыцца як у мінулым, так і ў сучаснасці.