— Дзе будзе знаходзіцца гэты роспіс?
— У Алебастравай зале Гарадзенскага замка. Роспісаў будзе два — у згаданай зале і ў замкавай капліцы. Кардон першага вы бачыце на здымку. Над другім, дзе будзе выява сярэднявечнай Гародні, яшчэ вядзецца праца. Роспісы будуць дапоўненыя ляпнінаю, якую робіць “Белрэстаўрацыя”.
— Скажыце, спадар Глеб, на кардоне намалявана тое, што калісьці было ў замку ды знікла, ці гэта сучасная фантазія на тэму Сярэднявечча?
— Нашай працы папярэднічалі грунтоўныя археалагічныя доследы. Калі на гэтым месцы праходзілі раскопкі, былі знойдзены рэшткі гатычнага замка. Зверху над ім пабудаваны новы замак, цалкам рэнесансны. Пры раскопках былі знойдзены кавалкі чырвонага мармуру, рэшткі пясчаніку з вокнаў, фрагменты сграфіта, ляпніны і гэтак далей. Навукоўцы суадносілі гэтыя знаходкі з аздобаю падобных гарадзенскаму замкаў таго ж часу ў Польшчы і параўноўвалі, і адразу было бачна, што школа італьянская. Сто адсоткаў упэўненасці.
Усе матэрыялы — пачынаючы ад падваконнікаў і канчаючы роспісамі — менавіта італьянская школа. Паколькі аб’ект быў вельмі адказны, Баторый наймаў найлепшых у сваёй справе майстроў. А лічыліся імі тады італьянцы.
З дзвюх першых гатычных вежаў захавалася адна, замак быў не ў лепшым стане, і кароль адважыўся на будоўлю новага замка, выгляд якога мы ведаем па гравюры, давяраючы аўтарытэту слыннай архітэктурнай школы, узоры якой ужо былі ў Кракаве і Вільні.
Усё, што сёння робіцца ў Гарадзенскім замку, у тым ліку і распрацоўка роспісаў, грунтуецца на навуковай канцэпцыі. Адпаведна гэтай канцэпцыі мы выбіраем выбітных майстроў, чыя творчасць мела ў сваім часе найбольшы ўплыў на густы сацыяльнай эліты. А самы вядомы мастак таго часу — Паола Веранезэ. Вось на яго стылістыку мы і арыентаваліся.
Згодна з канцэпцыяй, якая была закладзена ў рэстаўрацыю архітэктарамі, мы будуем свой вобраз аздобы замка; уяўляем, якім ён мог бы быць. Хоць, канешне ж, дакладна не ведаем, якімі насамрэч былі інтэр’еры. А стылістыку максімальна набліжаем да школы, што панавала ў той час. Мы ведаем, напрыклад, што ў аздобе капліцы былі сюжэты з жыцця святога Стэфана. Праведзена даследчыцкая работа, каб высветліць, якія канкрэтна сюжэты там маглі быць і як малявалі іх майстры Рэнесансу. У выніку мы маем той замак, які вобразна адпавядае часу, калі яго будавалі.
Але ў аздобу замка, у сюжэты рэнесанснага тыпу, паводле якіх будавалася кампазіцыя, мы дадалі свайго — пейзаж нашай Гародні паводле старажытных гравюр і апісанняў. Каб было пераканаўча, пыталіся рады ў гісторыкаў.
—Хто рабіў гэты кардон?
— Кіраўнікі гэтай працы — я, Уладзімір Зленка і Васіль Зянько. І яшчэ акрамя нас працавала сем чалавек . Усяго — дзесяць.
— Калі вы маеце намер прыступіць да працы на сценах?
— Плануем да канца сакавіка скончыць ўсе кардоны па ўсіх залах. І калі ўсё будзе добра — тады ж прыступім і да сцен.
— А да гэтага часу адпаведная пляцоўка будзе падрыхтаванай, каб вы маглі займацца сценамі?
— Сцены ўжо гатовыя, адзінае чакаем, пакуль “Белрэстаўрацыя” зробіць ляпніну на ўнутранай прасторы купала. Яны скончаць, мы пачнём.
— Удакладню на ўсялякі выпадак: гаворка ідзе пра тую частку замка, куды ўжо людзей пускаюць?
— Менавіта пра тую. Яе людзям ужо паказвалі, але залы зноў зачыненыя, бо працягваецца праца рэстаўратараў. У адной зале, дзе вітражы павінны быць, рэстаўратары цяпер будуюць печы па ўзоры той кафлі, што была знойдзеная. Алебастравая зала, капліца, лазня — усе гэтыя тры аб’екты плануем увесці адначасова.
— Праца на Старым гарадзенскім замку паказала, на што мы здольныя, і спарадзіла надзеі, што дойдуць рукі і да іншых шэдэўраў нашага дойлідства, знакаў нашай гісторыі. Можа, спадар Глеб, думаеце пра працу на новых аб’ектах падобнага кшталту?
— Ну канешне. Мы тут ужо нават разважалі наконт гэтага, калі працавалі над сграфіта. Калі ты вісіш у люльцы на вышыні, вецер тую люльку гойдае, а ты цвёрда трымаеш руку і выразаеш гэтыя выявы — гэта такі іспыт, пасля якога цябе можна кідаць на любыя сцены любых замкаў.