Такі збег “нешчаслівых” лічбаў у тэатры лічаць добрай прыкметай. І справа тут не ў адмове ад забабонаў, а ў фантазіі, памножанай на зацікаўленасць і працу. Бо творчых прыдумак для будучага балю — папраўдзе безліч. З дапамогай некалькіх “касметычных” штрыхоў па ўпрыгожванні інтэр’еру тэатр на гэтую ноч вырашана ператварыць у старадаўні замак. І напоўніць яго карнавальнымі маскамі, прынцамі-фрэйлінамі-блазнамі. Сярод ганаровых гасцей — Уршуля Радзівіл, Дэмасфен, Дыяніс, Шахеразада, прынцэса Турандот, Пікавая дама, Кароль з Каралевай.
Пачнецца ўрачыстасць з замкавай містэрыі — “Каляднага вяртэпа” з удзелам дзяцей, што займаюцца ў музычным тэатры-студыі пры нашым Вялікім. Потым прадугледжана чайная цырымонія — па ўсіх кітайскіх законах.
Фае розных паверхаў будзе падзелена на зоны (і цудоўныя фотазоны!), дзе кожны зможа знайсці сабе штосьці да густу: прадказанні астролага, гаданне на картах, на кававай гушчы, канцэртныя праграмы (“Карнавальная ноч”, “Танга, любоў мая...”), прэзентацыі, майстар-класы (па сцэнічным баі, роспісу веераў, па ўсходніх танцах), квэсты, гульні, дэгустацыі, караоке (між іншым, у дуэце з маладымі ды прыгожымі опернымі зоркамі Вольгай Маліноўскай і Дзмітрыем Шабецем), іншыя інтэрактывы. Сярод лакацый — калідор жахаў, таямнічы грот, склеп з Прывідам — усяго не пералічыць.
Вялікая зала збярэ ўдзельнікаў балю на тэматычны канцэрт “Каханне, інтрыгі, жарсці каралёў”, дзе артысты тэатра паўстануць у нечаканых для іх і для нас абліччах. Надзвычай багатай на розныя стылі і жанры будзе ўласна танцавальная частка вечарыны. Ну а завершыцца баль (пэўна, каб пераканацца, што нікога ў закуточку не забылі) на пляцоўцы перад тэатрам, побач з фантанам, дзе энергія арганізатараў балю не перастане фантаніраваць. Менавіта тут, змяніўшы зорак тэатра на нябесныя свяцілы, можна будзе адначасова стаць сведкам вогненнага шоу.
Таму хутчэй шыйце бальныя сукенкі, фракі, карнавальныя строі — і сустракайце стары Новы год у добрай кампаніі з вялікімі артыстамі Вялікага тэатра.