АНЛАЙН-КОНКУРСЫ — РЭАЛЬНЫЯ
Але ж, натуральна, неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя, звязаная з распаўсюджаннем Covid-19, уносіць свае карэктывы ў працу раённых РДР і РЦР. З гэтай прычыны нехта ладзіць больш мерапрыемстваў за межамі сваёй установы ў папулярным цяпер фармаце open-air, а іншыя актыўна асвойваюць інтэрнэт і сацыяльныя сеткі разам з рознымі месэнджарамі.
Напрыклад, на youtube-канале Барысаўскага Цэнтра традыцыйнай культуры, што на Міншчыне, можна паглядзець разнастайныя відэаролікі майстар-класаў па вырабе керамічнага пано, роспісу яек воскам ды многія іншыя, а таксама паназіраць на анлайн-выставы вырабаў майстроў народнай творчасці. А яшчэ на Барысаўшчыне ладзяць анлайн-конкурсы для ўсіх аматараў народных традыцый. Так, летась Цэнтр традыцыйнай культуры Барысава запрашаў усіх узяць удзел у анлайн-конкурсе “Дзяды і нашчадкі”, які быў прысвечаны народнаму святу Дзяды. Па выніках конкурсу супрацоўнікі Цэнтра традыцыйнай культуры зладзілі ў лістападзе мінулага года анлайн-фотавыставу.
Таксама не адстаюць ад мінскіх калег і на Гомельшчыне. Напрыклад, Акцябрскі Дом рамёстваў сёння вельмі актыўнічае ў сацыяльных сетках. Менавіта там супрацоўнікі размяшчаюць разнастайныя навіны пра сваю дзейнасць, дэманструюць дасягненні і здабыткі ды абвяшчаюць пра розныя падзеі і конкурсы. Так, летась у раёне ладзілі выставу-конкурс “Вянок Рудабельскіх талентаў”. Палажэнне конкурсу было размешчанае на старонцы Акцябрскага РДР у адной з сацыяльных сетак.
— Таксама ў 2021 годзе мы паўдзельнічалі ва ўсіх буйных традыцыйных рэспубліканскіх фестывалях, — адзначае дырэктар Акцябрскага РДР Таццяна Халадок. — Напрыклад, пабывалі на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных мастацкіх промыслаў “Вясновы букет 2021”, рэспубліканскім свяце Купалля “Александрыя збірае сяброў” і некаторых іншых.
Па словах кіраўніка ўстановы, на базе РДР у параўнанні з мінулым годам значна актывізавалася правядзенне мерапрыемстваў, сюды ўсё так жа завітвае моладзь, каб пазаймацца ў гуртках. Таму план платных паслуг ва ўстанове выкананы на 140% ад узроўню мінулага года.
І гэта не толькі заробак ад продажу сувенірнай прадукцыі, а і праца па дагаворах з заказчыкамі. Акрамя таго, у культурна-забаўляльным комплексе “Бубнаўка” Акцябрскага раёна сёння адчынена сядзіба Дзеда Мароза, дзе мясцовыя майстры вельмі паспяхова гандлююць сваімі вырабамі. Усё гэта і паляпшае “скарбонку” плана платных паслуг установы.
КАНТАКТЫ НАВАТ БЕЗ САЙТА
Праўда, “сябруюць” з інтэрнэтам далёка не ўсе раённыя Дамы ці Цэнтры рамёстваў. Напрыклад, адшукаць у Сеціве інфармацыю пра Верхнядзвінскі РДР мне было даволі складана. Як патлумачыла дырэктар Дома рамёстваў Святлана Малахоўская, пакуль што сайт установы не створаны, хоць гэта і плануецца зрабіць. Таму свае навіны супрацоўнікі Верхнядзвінскага РДР публікуюць у сацыяльных сетках раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Тым больш што РДР уваходзіць у склад Цэнтра культуры і з’яўляецца яго структурным падраздзяленнем.
Разам з тым на сайце Верхнядзвінскага райвыканкама я адшукаў спасылку на старонку мясцовага РДР у адной з сацыяльных сетак. Апошняя інфармацыя на ёй пазначана... 19 лістапада 2020 года. Улічваючы, што цяпер на двары рэй вядзе 2022 год, інфармацыю, на мой сціплы погляд, някепска было б і абнавіць.
Балазе мясцовым супрацоўнікам ганарыцца ёсць чым, як і ёсць пра што расказваць і інфармаваць. Напрыклад, па словах Святланы Малахоўскай, першага снежня ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адкрылася выстава габеленаў “Тканыя гісторыі”, у якой самы чынны ўдзел узялі майстры з Верхнядзвінскага раёна.
А вось у Дрыбіне, што ў Магілёўскай вобласці, у мясцовым Доме рамёстваў вырашылі сканцэнтравацца на працы не ў сацыяльных сетках, а ў месэнджарах, таму, як кажа дырэктар установы Таццяна Сіроціна, праз іх тут цяпер адбываецца ўся сувязь з наведвальнікамі і патэнцыйнымі кліентамі. Акрамя таго, менавіта праз месэнджары супрацоўнікі Дрыбінскага РДР аказваюць бясплатныя кансультацыі па тых ці іншых відах народных рамёстваў.
— Так нам намнога больш зручна працаваць, — упэўнена кіраўнік Дрыбінскага РДР Таццяна Сіроціна. — Мы можам адразу даваць адказы на ўзніклыя пытанні, кансультаваць, прымаць заказы ад жыхароў Дрыбіна і ўсяго раёна. Гэта рэальная сувязь з нашымі прыхільнікамі і аматарамі народных промыслаў і традыцый.
Ды і ў самім РДР, які размешчаны ў аграгарадку Кароўчына Дрыбінскага раёна, заўсёды гатовы пракансультаваць любога ахвотнага па тым ці іншым відзе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, запрасіць стаць удзельнікам майстар-класа або асвоіць навыкі ўпадабанага рамяства. Балазе вясковым майстрам удалося захаваць многія традыцыі народнай творчасці: вышыўкі, ткацтва, пляцення паясоў, лозапляцення і пляцення лапцей. Апошняя з названых традыцый, да слова, унесеная ў Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
— Насамрэч народных промыслаў на Дрыбінскай зямлі значна болей, і нашы супрацоўнікі здолелі даць новае жыццё шматлікім з іх, — кажа Таццяна Сіроціна. — Напрыклад, мы абавязаны першаму кіраўніку і заснавальніку нашага Дома рамёстваў Ларысе Заклікоўскай тым, што сакрэты пляцення лапцей не зніклі ў невядомасці. Іх удалося ўзнавіць, і цяпер дрыбінскія лапці ўпрыгожваюць шматлікія музейныя экспазіцыі і прыватныя калекцыі.
Ды і ўвогуле, кажа кіраўнік мясцовага РДР, самаробныя прадметы з лазы цяпер карыстаюцца значна большым попытам, чым з той жа саломкі, бо рынак сёння ўжо насычаны і нават перанасычаны саламянымі вырабамі.
— А мы актыўна вывучаем попыт і прапанову, сочым за тым, каб вырабы нашых майстроў прадаваліся і падчас выездаў на фестывалі, і ў нашых гандлёвых аб’ектах, што размешчаны ў Дрыбіне, — адзначыла Таццяна Сіроціна. — Дарэчы, калі да нас звяртаюцца па той ці іншы прадмет, просяць нешта вырабіць пад замову, мы можам і самі арганізаваць дастаўку замоўленага пакупніку ў любы пункт раёна.
Што ж, сапраўды, як кажуць у падобных выпадках, рынак дыктуе свае ўмовы. Таму падобная мабільнасць супрацоўнікаў Дрыбінскага РДР, іх актыўная анлайн-сувязь з аматарамі народных рамёстваў не можа не выклікаць павагі. А дрыбінскі вопыт, магчыма, варта браць на ўзбраенне і іншым раённым Дамам і Цэнтрам рамёстваў Беларусі, бо перспектывы тут — навідавоку.
УМЕННЕ “КРУЦІЦЦА”
Дарэчы, паводле прынцыпу “хочаш жыць — умей круціцца” працуюць і супрацоўнікі Ваўкавыскага раённага Дома рамёстваў, што на Гродзеншчыне.
— І ў 2021-м, і ў 2020-м мы адчувалі зніжэнне колькасці наведвальнікаў нашых мерапрыемстваў, хаця, трэба прызнацца, летась людзі пачалі больш актыўна завітваць да нас, — кажа дырэктар установы Кацярына Крыштофік. — Таму, каб выканаць план платных паслуг, зарабляем з дапамогай не толькі асноўнай, але і пабочнай дзейнасці. Напрыклад, ладзім ранішнікі, квэсты, тэатралізаваныя імпрэзы, а яшчэ набылі батут і гіраскутар, якімі таксама за плату могуць пакарыстацца нашы наведвальнікі.
Акрамя таго, на сваёй тэрыторыі супрацоўнікі Ваўкавыскага РДР зрабілі сапраўдную міні-рэзідэнцыю Дзеда Мароза, дзе ладзяцца платныя ранішнікі для дзяцей. Тут месціцца драўляная хата казачнага персанажа, чароўны млын, які выконвае жаданні дзятвы, а таксама стаіць навагодняя ялінка.
Для таго каб падобныя мерапрыемствы праходзілі на самым высокім узроўні, у рэзідэнцыю былі набытыя гукаўзмацняльная калонка і мікрафоны. Супрацоўнікі разам з дзецьмі ладзяць вакол ялінкі карагоды, танцы і шматлікія забаўляльныя конкурсы, а напрыканцы частуюць усіх чаем з блінамі.
Таксама на платнай аснове ў Ваўкавыскім РДР ладзяцца майстар-класы па розных відах рамёстваў, лекцыі, музейныя заняткі ды многае іншае. Да таго ж, як кажа Кацярына Крыштофік, усяго за 30 рублёў супрацоўнікі праводзяць для ўсіх ахвотных абрад “Брама”. Гэты старадаўні абрад на Ваўкавышчыне адбываўся і адбываецца падчас вяселляў, калі дружкі і родзічы маладой хваляць яе, пералічваючы лепшыя якасці дзяўчыны, а жаніх з сябрамі і сватамі выкупляюць яе з дапамогай розных прысмакаў, грошай ці нечага яшчэ.
Вывучыўшы літаратуру і правёўшы апытанне сярод мясцовых жыхароў, супрацоўнікі РДР напісалі стылізаваны сцэнарый дзеі, якая праводзіцца ў вершаванай форме і ў якой захаваны ўсе лакальныя асаблівасці гэтага самабытнага абраду Ваўкавыскага раёна. І, па словах Кацярыны Крыштофік, “Брама” карыстаецца даволі вялікім попытам у жыхароў раёна, таксама, натуральна, папаўняючы скарбонку платных паслуг установы культуры.
Так што, як бачна, “круціцца” сёння патрэбна ўсім. І многія супрацоўнікі раённых Дамоў і Цэнтраў Беларусі гэта выдатна разумеюць, адчуваючы патрэбу ў выкарыстанні ў сваёй дзейнасці найноўшых інфармацыйных тэхналогій, працы з сацыяльнымі сеткамі, сайтамі ды хостынгамі. І, як вынікае, ісці ў нагу з імклівым сучасным часам, захоўваючы і папулярызуючы старадаўнія традыцыі, не так ужо і складана. Абы толькі было жаданне.