— За плячыма ў мяне, — распавёў дырэктар аркестра Барыс Ліўшыц, — 17 гадоў сумеснай нават не работы, а супрацоўніцтва і, самае важнае, сумеснай творчасці. Мы з ім былі адной камандай, дзе ніколі не ўзнікала пытанняў, хто больш галоўны. Любімая яго прымаўка — за ўсё адказвае Федзя. Пад Федзем ён меў на ўвазе сябе, бо не баяўся браць на сябе адказнасць. Заўжды гаварыў: “Калі што, адказваць буду я”. Нават у самых складаных сітуацыях тых ці іншых кадравых змен паміж намі не ўзнікала рэзкіх супярэчнасцей, усё абмяркоўвалася калегіяльна, на найвышэйшым узроўні чалавечых зносін.
Чалавечнасць — вось тая якасць Міхаіла Антонавіча, што распаўсюджвалася і на мяне, і на ўвесь калектыў. Як чалавек з вялікім вопытам і стажам кіраўніцтва (у аркестр ён прыйшоў у 1972-м, паралельна з гэтым пазней ажно 20 гадоў быў рэктарам кансерваторыі), заўжды мог даць мне добрую параду. Быў вельмі сціплым, не дазваляў нават у кулуарах называць калектыў “аркестрам Казінца” — толькі “аркестр Жыновіча”, “імя Жыновіча”. Не выхваляўся ўзнагародамі. Памятаю, телефануе неяк у выканкам, называе сябе: “Дырыжор Міхаіл Казінец”. Сакратарка перапытвае: “Я не зразумела, як вас прадставіць? Назавіце больш падрабязна”. Тады ён у гэткай камічнай манеры пачынае пералічваць усё — ад пасады і званняў да ордэнаў і медалёў.
А колькі ён добрых спраў зрабіў, у тым ліку побытавых. У 1990-я ў пошуках большых грошай, каб пракарміць сям’ю, некаторыя сыходзілі з калектыву. Казінец, вядома, перажываў, але ў яго не было на іх злапамятнасці, ён увогуле ўмеў разумець людзей.
Працавітасці ды працаздольнасці яму было не займаць. Мог, што называецца, усе сокі выцягнуць з аркестра, каб дабіцца неабходнай якасці гучання. Але ж і вынік быў! Бо галоўнай задачай сваёй і аркестра ён лічыў папулярызацыю беларускай музыкі і культуры...
— Міхаіл Антонавіч умеў глядзець наперад і бачыць перспектыву, — падзяліўся ўспамінамі заслужаны артыст Беларусі, дырыжор, аранжыроўшчык, выканаўца на народных духавых інструментах Аляксандр Крамко. — У 1986-м ён запрасіў мяне ў аркестр як выканаўцу. Я пагадзіўся, але ж зірнуў — у калектыве нічога няма з народных духавых, акрамя дудкі. А ён і кажа: “Вось вы і займіцеся гэтым”. Давялося шукаць інструменты, майстроў. Звярталіся мы і ў Маскву, і на фабрыку музычных інструментаў. Я гавару “мы”, бо Казінец прымаў ва ўсім гэтым самы непасрэдны ўдзел: таксама шукаў, даведваўся, ездзіў разам са мной. Памятаю, знайшлі майстра ў Калодзішчах, ды ў ягоных духавых не было пэўнага строя, для нас гэта не падыходзіла. Ён быў такі засмучаны! Але ў любых падобных абставінах адразу вылучаў ідэі: а што, калі зрабіць тое ды гэтае? На востраве Рэюньён, што ў Індыйскім акіяне непадалёк ад Афрыкі, мы ў час гастроляў прыдбалі рэйнстык — так званую палку дажджу. Па тых часах — нейкае заморскае дзіва. А Міхаіл Антонавіч адразу запаліўся: дык гэта ж і ў нас можна скарыстаць, цікавае гучанне будзе. Дарэчы, мы калі ў Індыю ехалі, развучылі з аркестрам песню з іх кінастужкі “Прафесар”. Але на канцэртах Казінец спачатку не рызыкнуў яе выканаць, маўляў, невядома, як яны паставяцца да гэтага. А ў час банкету я ўзяў у рукі баян і праспяваў яе — на мове хіндзі, за што сарваў сапраўдны гром апладысментаў. Міхал Антонавіч адразу: усё, заўтра ўключаем у канцэрт. Ён даваў дабро на пашырэнне рэпертуару ва ўсіх напрамках. З яго дабраславення я скончыў аспірантуру па дырыжыраванні і ўстаў за пульт, каб пашырыць рэпертуар: стаў выконваць лацінаамерыканскую музыку, сусветныя эстрадныя хіты. Казінец не замінаў, але сам такое не іграў. А праз некаторы час стаў з цікавасцю выконваць гэтыя пласты, і кампазіцыі з рэпертуару “Песняроў” занялі ў аркестры адно з самых ганаровых месцаў.
Ягоны сыход — вельмі балючы для ўсіх нас. Але мы засталіся, і нам трэба працягваць усё, што было ім закладзена.
— Міхаіл Казінец — гэта суцэльная эпоха, — падводзіць вынік старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч. — І адначасова вельмі просты ў стасунках чалавек. Памятаю, як па дарозе на адзін з Нацыянальных фестываляў беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне я апынулася ў аўтобусе, набітым дзеячамі культуры. Запальвалі пасажырскую аўдыторыю “два Міхася” — Дрынеўскі і Казінец, абодва ўжо нябожчыкі. А тады яны жартавалі, пераказвалі анекдоты і выпадкі з жыцця — смех стаяў усе паўтары гадзіны, пакуль ехалі. На іншым фестывалі — “Напеў зямлі маёй” — я была літаральна зачараваная, як ён працаваў у журы: усіх выслухоўваў, даваў каштоўныя парады. А з ім як з дырыжорам я сутыкнулася, калі выступіць з яго аркестрам была запрошана мая дзіцячая эстрадная студыя “Спяваем разам”. Ён быў настолькі добразычлівы, цярплівы, аднолькава ўважлівы да прафесійных артыстаў і дзяцей, дарыў усім столькі цяпла і падтрымкі, што ствараў асаблівую аўру дабрыні.
Ды ўсё ж галоўным для яго заставалася папулярызацыя народнага аркестравага складу і беларускай музыкі. Музычнае выхаванне, канцэртная практыка і кампазітарская творчасць — узаемазвязаныя працэсы. І звязваюцца разам яны самімі музыкантамі. Хай не перапыняюцца тыя сувязі!