23 снежня споўнілася 225 гадоў з дня нараджэння выдатнага навукоўца-геолага, фалькларыста, паэта, грамадскага дзеяча Тамаша Зана, які першым з кола маладых паэтаў пачатку ХІХ стагоддзя прызнаў беларускую народную творчасць адным з раздзелаў сваёй культурнай праграмы. Год таму на старонках “К” мы нямала ўвагі прысвяцілі радаводу, жыццю і творчасці Тамаша Зана. Распрацавалі таксама новыя турыстычныя маршруты па мясцінах, звязаных з яго імем. Але засталася недараскрытай таямніца дакладнай даты нараджэння Тамаша Зана. Сёння, з улікам новых знойдзеных архіўных дакументаў, можна ўпэўнена сказаць, што прыйшоў ён на свет 23 снежня 1796 года на Маладзечаншчыне. Больш падрабязна мы напішам пра гэта ў бліжэйшых нумарах “К”. А пакуль пра тое, як сёлета адсвяткавалі юбілей Тамаша Зана ў Беларусі.
Віртуальная выстава, прысвечаная Тамашу Зану, размешчана на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Рыхтуецца віртуальная выстава і ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, на якой будуць прадстаўлены дакументы з фондаў архіва, датычныя роду Занаў. Пэўна, будзе нямала цікавых матэрыялаў. Баранавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Яна Чачота прысвячае Тамашу Зану віртуальную выставу “Найпрамяністы паэт роднага слова”. Бо, як аказалася, для Баранавіцкай зямлі славуты філамат не чужы. Некаторы час продкі Зана жылі блізу Сталовічаў, а сам ён быў вельмі частым і пажаданым госцем у маёнтку Слізеняў — у Бартніках і Вольнай.
Будзе ўшанаваны і Адам Міцкевіч, чыя малая радзіма — Баранавіцкая зямля. 23 снежня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшоў канцэрт “Калядныя мроі Адама Міцкевіча”. Слухачы пачулі песні на словы паэта, а таксама прысвечаныя яму інструментальныя творы. Даведаліся, як Каляды звязаныя з дэбютным вершам Адама Міцкевіча, і дзе ён сустракаў свае апошнія народзіны перад выездам з радзімы. Атрымалі рэцэпт любімай традыцыйнай стравы Адама Міцкевіча на святочным вігілійным стале, а таксама — якой была любімая песня-калядка паэта. У канцэрце бралі ўдзел салісты Беларускай дзяржаўнай філармоніі Тамара Рэмез (сапрана) і Аляксей Загорскі (скрыпка), музыказнаўца Святлена Немагай (фартэпіяна). Прагучалі традыцыйныя калядныя песні, а таксама творы Я.Д.Голанда, М.К.Агінскага, С.Манюшкі і Ю.Семянякі.
Сімвалічна ўшанаваць памяць Тамаша Зана можна, наведаўшы сталічны Палац мастацтва, дзе ў галерэі “АРТ-БЕЛАРУСЬ” выстаўлены адзіны вядомы на сённяшні дзень жывапісны партрэт нашага земляка, які быў напісаны сябрам Зана Валенціем Ваньковічам напрыканцы 1830-х гадоў.
Неабходна дадаць, што ў 2022-м нас чакае яшчэ адзін важны юбілей: 220 год іншаму філамату — Ігнату Дамейку, якога можна назваць самым вядомым у свеце беларусам. Час ладзіць сані.