— Наталля Уладзіміраўна, мы з вамі ўжо не першы раз сустракаемся, “К” рабіла з вамі інтэрв’ю і калі вы былі першым намеснікам міністра культуры, і паўгода таму, з нагоды пачатку ўступнай кампаніі ў БДУКМ. Як вы ацэньваеце вынікі сёлетняй уступнай кампаніі? І больш маштабнае пытанне: у чым заключаецца стратэгія развіцця ўніверсітэта для вас як чалавека, які вось ужо роўна год знаходзіцца на пасадзе кіраўніка ВНУ сферы культуры?
— Так, прайшоў год, і я магу дакладна сказаць, што за гэты час нам удалося многага дасягнуць, актывізаваць сваю дзейнасць у розных сферах, асабліва ў той, якая звязана з творчым жыццём студэнтаў, пра што яшчэ абавязкова скажу падчас інтэрв’ю. Што да сёлетняй уступнай кампаніі, то ўніверсітэт поўнасцю закрыў усе запланаваныя лічбы прыёму. Да таго ж мы аднавілі набор студэнтаў на спецыяльнасць “Мастацтва эстрады, кірунак (камп’ютарная музыка)”.
— А што з планамі на наступную ўступную кампанію? Ці будуць тут нейкія новаўвядзенні?
— У наступным, 2022 годзе плануем пачаць падрыхтоўку па новых кірунках спецыяльнасцей, прычым па тых, па якіх набор у нашай краіне яшчэ ніколі не ажыццяўляўся, — “Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць (лічбавізацыя, аналітыка)” і “Рэжысура святаў (цыркавыя прадстаўленні)”. Гэтыя спецыяльнасці, на маю думку, будуць вельмі запатрабаваныя. Напрыклад, сённяшнія бібліятэчныя супрацоўнікі ўжо поўнасцю разумеюць усе выгоды лічбавізацыі і аналітыкі ў сваёй дзейнасці. Што да другой названай мной спецыяльнасці, дык, як вядома, у Беларусі цяпер дзейнічае шмат моцных аматарскіх цыркавых студый, таму нам хацелася б, каб падрыхтоўка спецыялістаў для гэтых студый адбывалася менавіта на радзіме, а не за яе межамі.
— Вярнуся да майго другога, больш маштабнага пытання. Якія яшчэ ёсць стратэгічныя планы ў развіцці ўніверсітэта, напрыклад, на сярэднюю і аддаленую перспектывы?
— Па-першае, мы сёння працуем на перспектыву, каб актывізаваць сувязі з нашымі партнёрамі ў сферы адукацыі — кітайскімі ўніверсітэтамі. Робім гэта дзеля таго, каб у выніку прыйсці да галоўнай мэты — выдачы нашым студэнтам пасля заканчэння вучобы адразу двух дыпломаў, беларускага і кітайскага. Напрыклад, студэнт мог бы пачынаць навучанне ва ўніверсітэце Кітая, а пазней, недзе праз два гады, прыязджаць да нас і заканчваць сваю вучобу ў Мінску. Спадзяюся, з цягам часу менавіта так усё і будзе. Падобную працу, дарэчы, вядзём і з адным расійскім ВНУ. Па-другое, калі казаць пра больш аддаленую перспектыву нашай дзейнасці, дык мы вельмі зацікаўлены ў дыверсіфікацыі свайго экспарту адукацыйных паслуг. Зразумела, сёння ў нас ужо навучаецца шмат замежных студэнтаў з Кітайскай Народнай Рэспублікі, але мы хацелі б, каб у БДУКМ атрымлівалі адукацыю хлопцы і дзяўчаты з іншых краін. Мы ўсім шчыра рады і адкрытыя да супрацоўніцтва.
— Магчыма, ёсць і іншыя планы, якія датычаць умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы БДУКМ або стварэння цікавых праектаў у творчай сферы?
— Адно з пытанняў, якое мяне цяпер хвалюе як рэктара і патрабуе вырашэння ў перспектыве, — паляпшэнне ўмоў пражывання ў інтэрнаце для студэнтаў БДУКМ. Справа ў тым, што наш інтэрнат даўно не рамантаваўся, таму гэтую праблему трэба вырашаць, тым больш, як я ўжо згадвала, у нас навучаюцца замежныя, у першую чаргу кітайскія студэнты, для якіх варта ствараць самыя лепшыя ўмовы для пражывання. Яшчэ адно пытанне, якое мне асабіста вельмі хацелася б вырашыць самым бліжэйшым часам, — гэта арганізацыя рэспубліканскага конкурсу ў сферы харэаграфічнага мастацтва. Апошні падобны конкурс ладзіўся Міністэрствам культуры Беларусі ў далёкім 2003 годзе. Таму нам бы вельмі хацелася, каб практыка правядзення рэспубліканскіх конкурсаў у сферы харэаграфічнага мастацтва ўзнавілася. Цяпер мы рыхтуем праект палажэння па правядзенні названага конкурсу, каб прадставіць яго на разгляд у Міністэрства культуры краіны. Спадзяюся, у нас усё атрымаецца.
— Вы закранулі тэму супрацоўніцтва з Міністэрствам культуры Беларусі. А наколькі ваша мінулая праца на пасадзе першага намесніка міністра культуры дапамагае вам у працы сённяшняй і ў тым ліку ў супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры? Ці з’явіліся нейкія новыя сувязі, ці ладзяцца, магчыма, сумесныя пасяджэнні, канферэнцыі, мерапрыемствы?
— Мінулая праца, зразумела, вельмі дапамагае, бо, як спецыяліст, як чалавек, які працаваў у Міністэрстве культуры Беларусі, ты цяпер больш шырока бачыш перспектыву і ўжо разумееш механізмы прыняцця рашэнняў у дзяржаўных органах. Што да другой часткі пытання, дык Міністэрства культуры краіны — наш заснавальнік, таму на базе БДУКМ часта праходзяць многія ведамасныя мерапрыемствы, напрыклад семінары, дзе ў тым ліку вывучаецца і наш паспяховы вопыт у той ці іншай сферах дзейнасці. Акрамя таго, на базе новага спартыўна-культурнага Цэнтра БДУКМ мы пачалі ладзіць некаторыя рэспубліканскія мерапрыемствы. Скажам, у жніўні менавіта там адбыўся форум педагагічных работнікаў у сферы культуры.
— Наколькі я ведаю, па спецыяльнасці вы — харэограф, удзельнічалі ў стварэнні харэаграфічных пастановак для шэрагу знакавых тэатраў краіны. Ці плануеце задзейнічаць свой вопыт пры пастаноўках у БДУКМ? Магчыма, нешта ўжо запланавана ў гэтым кірунку бліжэйшым часам?
— На мой погляд, кожны ўніверсітэт павінен мець свой твар, сваё аблічча, адрознівацца ад іншых ВНУ. Такім чынам, у сувязі з тым, што мы маем багаты вопыт пастаноўкі маштабных імпрэз, у нас ёсць актыўныя творчыя студэнты, а цяпер з’явілася база для рэпетыцый, сёлета мы вырашылі зладзіць маштабную сцэнічную пастаноўку. Гэта будзе мюзікл пад умоўнай пакуль што назвай “Магія”. Я ўдзельнічаю ў яго пастаноўцы ў якасці мастацкага кіраўніка, і мне гэта вельмі цікава як прафесіяналу, папрацаваць такім менеджарам, каардынатарам. Бо, зразумела, хочацца, каб у выніку ўсё атрымалася самым найлепшым чынам.
— Гэты мюзікл ужо ставілі ў Беларусі, у нейкай іншай краіне? Ці гэта цалкам арыгінальная пастаноўка?
— Мюзікл ствараецца па арыгінальным сцэнарыі, да яго напісана арыгінальная музыка. Адзначу таксама, што кастынг для ўдзелу ў мюзікле праходзілі многія студэнты ўніверсітэта, прычым з розных кафедраў і факультэтаў. Напрыклад, у пастаноўцы задзейнічаны нават тыя студэнты, якія атрымліваюць адукацыю ў бібліятэчнай сферы. Дадам, што творчы калектыў “Магіі” на сёння складаецца больш чым з 80 чалавек, у асноўным гэта студэнты малодшых курсаў. Так што пастаноўка абяцае быць даволі маштабнай і, спадзяюся, спадабаецца гледачам. І што самае цікавае: на сцэне можна будзе ўбачыць не толькі беларускіх, але і кітайскіх студэнтаў.
— “К” абавязкова завітае на такую цікавую пастаноўку! Наколькі я ведаю, былі планы прэзентаваць названы мюзікл ужо сёлета, у канцы гэтага года?
— Так, мы планавалі паставіць мюзікл ужо сёлета, але ўсё ж вырашылі перанесці прэм’еру на люты. Цалкам можа быць, што гэты мюзікл паспрыяе больш шчыльнаму супрацоўніцтву паміж БДУКМ і кітайскімі ўніверсітэтамі-партнёрамі, прарэкламуе такім чынам нашы творчыя дасягненні і здабыткі ды спрацуе на наш імідж і імідж нашай краіны ў Кітаі, зацікавіць замежных студэнтаў прыязджаць да нас на вучобу. Прынамсі, хацелася б на гэта спадзявацца.
— І апошняе, што мяне — і, думаю, чытачоў “К” — вельмі цікавіць. Як мы ўжо адзначалі, вы працавалі першым намеснікам міністра культуры, цяпер займаеце пасаду рэктара БДУКМ. Але, акрамя таго, вы з’яўляецеся дэпутатам Мінскага гарадскога савета дэпутатаў ды сябрам Беларускага саюза жанчын. Наколькі гэта складана — сумяшчаць працу, грамадскія абавязкі і не забываць пры гэтым пра сваю сям’ю, дзяцей? Адкуль вы бераце энергію спраўляцца з усімі сваімі сацыяльнымі ролямі “на выдатна”?
— Ведаеце, спраўляцца са сваімі, як вы кажаце, сацыяльнымі ролямі мне вельмі цікава. Да таго ж і ўся мая сям’я, і я ўжо прывыклі да такога жыцця — у руху. Магу сказаць, што ў мяне заўсёды, яшчэ з дзяцінства, была цяга да дзейнасці, да нечага новага, цікавага. Зразумела, я чалавек, таму не ўсё ў мяне атрымліваецца “на выдатна”, але я імкнуся да большага. Да таго ж я поўнасцю пераканана, што чалавек, які шмат чым заняты, усюды паспявае. А калі ж толькі ляжаць на канапе, дык і з адной справай не справішся, ці не так?
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ