— Адной з асаблівасцяў сёлетняга свята “Александрыя збірае сяброў” стане тое, што гала-канцэрт пройдзе ў суправаджэнні нашага славутага Аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Леаніда Іванова, — распавяла дырэктар Магілёўскай абласной філармоніі Святлана Ефімук. — Гэта вельмі ганарова і адначасова адказна, бо з аркестрам пад кіраўніцтвам Дзяніса Чэрты будуць спяваць не толькі нашы салісты і зоркі беларускай эстрады, але і запрошаныя замежныя госці. Калектыў з’яўляецца адным з вядучых на Магілёўшчыне. Цягам многіх гадоў ён удзельнічае ў Міжнародным музычным фестывалі “Залаты шлягер”, у іншых значных мерапрыемствах. Кіруючы аркестрам больш за 40 гадоў, Леанід Іваноў падрыхтаваў суцэльную плеяду выдатных музыкантаў, стаў настаўнікам для многіх маладых дырыжораў. У час ліпеньскага фестывалю можна будзе без цяжкасці пераканацца ў высокім майстэрстве гэтага калектыву. Але ж на свяце Купалля ў Александрыі ёсць і малая сцэна. Там мы будзем ладзіць караоке-канцэрт “Песні, якія нас яднаюць”: на экране будуць ісці тэксты вядомых песень, каб публіка падключалася ў гэткі інтэрактыў і спявала. Але галоўнае — на гэтай малой сцэне будзе пастаўлены аўтарскі мюзікл, прысвечаны купальскай тэме.
— Мюзікл называецца “Вянок на вадзе”, — гаворыць мастацкі кіраўнік філармоніі Алёна Беланожка. — Музыку стварае вядомы магілёўскі музыкант і кампазітар Сяргей Цямрук. Я напісала лібрэта і тэксты песень, а таксама буду рэжысёрам гэтага спектакля. Хочацца паказаць беларускае Купалле не толькі выключна з фальклорнага боку, як працяг старадаўніх традыцый, але і як штосьці блізкае сучаснай культуры, як нейкі маладзёжны трэнд, што стаў часткай нашага цяперашняга жыцця. Усе вельмі зацікаўлены ў гэтым праекце, праца ідзе — спадзяёмся, публіка ацэніць нашы высілкі. Па меншай меры, мы будзем прыкладаць максімальныя намаганні, каб усё здзейснілася як мага лепей.