Каб не наступаць на граблі
Кажуць, няма горш, як чакаць, а потым даганяць. Між тым здараецца такое даволі часта і ў побыце, і на ўзроўні грамадскіх з’яў, і ў дачыненні падзей і працэсаў, якія маюць статус гістарычных. Замарудзіўся на старце, пабег не той дарожкай, а потым вымушаны рваць жылы, каб выбіцца з аўтсайдэраў, наблізіцца да групы лідараў. З такіх пазіцый можна разглядаць і гісторыю беларускага выяўленчага мастацтва ў мінулым і бягучым стагоддзі. І нічога крыўднага ў гэтым няма. Здараецца ўсялякае, галоўнае з мінулага правільныя высновы зрабіць і зноў не наступаць на граблі.
Пачынаючы з 30-х гадоў беларускае ды савецкае выяўленчае мастацтва ўвогуле было загнанае ў рэзервацыю “сацыялістычнага рэалізму”, закрытую ад вялікага свету, ад знешніх уплываў. Прынамсі, у скульптуры, пра якую ідзе гаворка на гэтым развароце, ад згаданага часу і аж да скасавання СССР бязмежна панаваў афіцыйна ўхвалены неакласіцызм. Крок ўлева, крок управа ад зацверджанай лініі маглі стаць для творцы фатальнымі ці, самае малое, — грунтоўна ўскладніць ягонае жыццё. Так што адсталі мы ад “групы лідараў” на дзесяцігоддзі, і сёння, як сведчыць Фэстываль скульптуры ў Мінску, шчыруем, каб да яе наблізіцца. Пры гэтым праходзім стадыі, якія для іншых даўно сталі гісторыяй. Для нас жа гэта навацыі. Зрэшты, у кожнага свой шлях… Даем слова творцам, адзначаным як лепшыя ў чатырох намінацыях фестывалю.