Пры ўсёй павазе да Нацыянальнага гістарычнага музея, які стаў арганізатарам Прэміі і выдаўцом яе каталога, прычым зрабіў гэтую працу ў складаны пандэмічны перыяд, трэба адзначыць, што рэпрэзентацыя мастацкага працэсу — усё ж не ўласцівая гістарычнаму музею сфера дзейнасці. Таму ключавая задача конкурсу — “адраджэнне, развіццё і папулярызацыя лепшых традыцый і дасягненняў нацыянальнага выяўленчага мастацтва” выглядае некалькі ўмоўнай. Калі б гаворка ішла пра гісторыка-культурную спадчыну, гэта было б зразумела. Але ў сучаснага мастацтва — іншыя задачы; такім чынам рамкі конкурсу былі адразу абмежаваныя досыць вузкім калідорам. І гэта, вядома, адбілася прынамсі на фатаграфічнай экспазіцыі. Вернасць традыцыі, прадказальны выбар тэм, звыклая мова выказванняў — можа быць, для сярэдняга ўзроўню фатаграфічнага працэсу гэта было б прымальна. Але ад Нацыянальнай прэміі мы чакаем большага.
Вадзім Качан. З серыі “Знікаючыя ўспаміны былога, альбо Малюнкі часу і святла”.
Параўнанні, зрэшты, маюць сэнс, калі казаць пра самую прэмію — ёй усяго два гады, і рабіць сур’ёзны аналіз яшчэ зарана; або калі ацэньваць праекты саміх мастакоў — магчыма, яны ўдзельнічалі ў конкурсе 2020 года са сваімі лепшымі працамі.
Такім чынам, ці ёсць прарывы, ці ёсць сапраўды творчыя вяршыні, якія акажуць уплыў на развіццё фатаграфічнага асяроддзя і мастацтва? Калі сусветны арт-працэс уступіў у эпоху мэтамадэрна, прыходзіцца вельмі ўважліва прыглядацца да кантэксту і лакальнай спецыфікі праектаў. Ці змогуць яны быць цікавымі і заняць сваё месца на міжнародным арт-поле?
Нацыянальную прэмію-2020 па фатаграфіі атрымаў вядомы беларускі фатограф, былы старшыня Саюза фатографаў (2003), паважаны педагог і аўтар некалькіх фотакніг Вадзім Качан. Яго самыя ўдалыя серыі, на мой погляд, — дакументальная вулічная фатаграфія, дзе Мінск 1980 — 90-х гадоў мае пазнавальную атмасферу, свайго кшталту шарм пазнейшых савецкіх і перабудоўчых гадоў. А гэта не так мала з прычыны страты горадам у 2000-я аўтэнтычных відаў, характэрных персанажаў і жанравых сцэн. Партрэты і архітэктурныя пейзажы ў чорна-белым выкананні неаднаразова экспанаваліся, і думаецца, застануцца заўважнай старонкай у мастацкай хроніцы Мінска. Акрамя гэтага Вадзім Качан неаднаразова спрабаваў сябе ў больш эстэцкай фатаграфіі, пашыраючы межы медыя сродкамі фотаграфікі, калажа і г.д. Серыя “Знікаючыя ўспаміны былога, Альбо Малюнкі часу і святла” ставіцца як раз да такіх — у частцы майстэрства, кампазіцыйных прыёмаў да яе пытанняў няма. Але без канцэптуальнага ключа серыя выглядае амажам. Ці ёсць гэты ключ у серыі? Думаю, гэта пытанне да складальнікаў каталога, якія не ўключалі ў яго суправаджальных тэкстаў. Тым не менш, нашы віншаванні Вадзіму Качану!
У ліку “залатога дзесятка” — “Рызомы” Марыны Бацюковай, шматчастковы рэзанансны праект 2018 года, прысвечаны мастацкай і інтэлектуальнай супольнасці Беларусі, каштоўнасцям гэтага асяроддзя. Ён, вядома ж, дапамагае захаваць яе прадстаўнікоў, не даўшы ім растварыцца ў летапісах рубяжа стагоддзяў. Скажам шчыра, ён выгадна адрозніваецца сярод некалькіх праектаў такога роду, абагульняючы іх. Фармат альбома для “Рызом” быў бы вынікам даследавання.
Адзначым адзін з лепшых праектаў выставы — “Мая рака” (2018 — 2020) Марыі Банэ. Аўтар зняла яго з конкурсу па асабістых этычных прычынах, але праект выйшаў у шорт-ліст, апублікаваны ў каталогу, і на вернісажы гледачы маглі яго ўбачыць. “Мая рака” — узор працы новага пакалення фатографаў, калі на базе толькі адзінай архіўнай фатаграфіі выбудоўваецца сучасная гісторыя успамінаў. Цыянатыпія на акварэльнай паперы — ідэальная тэхналогія для аўтарскай інтэнцыі, і Марыя паспяхова з ёй працуе. Стыль Марыі Банэ вядомы, яна заняла сваё месца ў фатаграфічным асяродку, пра што сведчаць яе перамогі на іншых конкурсах.
Вольга Савіч з “Re story” — яшчэ адзін прыклад таго, як асабістая гісторыя становіцца пераасэнсаваннем, важным для публічнага чытання. У рамках калажа з выкарыстаннем фатаграфіі Вольга працуе і з архівам, і з перфарматыўнымі элементамі, залучаючы ў практыку тактыльныя, не алічбаваныя і нейтралізаваныя тым самым адчуванні. Важна, што гэта датычыцца і аўтара, і гледача — прамое ўспрыманне ў “Re story” іграе ключавую ролю.
Пераасэнсаванне як стратэгію выбірае і Яўген Гараўскі — яго серыя “Лінія Сталіна” прапануе гледачу ўспомніць ідэалагічныя стэрэатыпы савецкіх гадоў. Фатаграфічна серыя пераканаўчая, і служыць добрым кантрастам для забаўляльных і іншых мас-культурных малюнкаў.
Марына Бацюкова. Фотапраект “Рызомы”.
Віктар Сянькоў звяртаецца да тэмы памяці з іншага ракурсу — з яго серыяй “Памяць застаецца” я асабіста працавала ў частцы канцэпцыі. Аўтар працуе над праектам 10 гадоў, здымаючы могілкі па ўсёй рэспубліцы, фіксуючы помнікі, асобныя архітэктурныя фрагменты, разбураныя месцы пахаванняў. Пантэон Віктара Сянькова — гэта не выбраныя героі, гэта ўвесь культурны пласт народа, які значна шырэй, чым заслугі асобных людзей. За кожнай агароджай, у кожнага помніка — гістарычная глеба, і не трэба адпавядаць ніякім крытэрыям, каб нашчадкі паважалі і тваё жыццё, і тваю смерць.
Разглядаю цяпер праекты, якія адзначыла... І яшчэ некалькі: Дзяніса Раманюка, Мікалая Аляшкевіча, Віктара Вядзеня, Валерыя Вядрэнкі, Наталлі Пуцята, параможцы мінулага года Яўгена Колчава. Як часта давялося карыстацца словамі “архіў”, “памяць”, “успамін”?
У цэлым, яны адлюстроўваюць сітуацыю, якая існуе ў беларускай фатаграфіі. Але “у цэлым” гэта як сярэдняя тэмпература па шпіталю. Многае засталося па-за кадрам.
Ёсць у Беларусі, і не толькі ў Мінску, моцныя фатографы, якія не падаваліся на конкурс — таму цяжка судзіць, наколькі блізкія яны да шанцаў пераможцаў. Напрыклад, Сяргей Ждановіч, Уладзімір Суцягін, Альберт Цэхановіч, Андрэй Шчукін, Данііл Парнюк, Максім Сарычаў. Ёсць “Мінская школа фатаграфіі” — феномен канца 80 — 90-х гадоў мінулага стагоддзя, які ў будучыні яшчэ можа прагучаць у намінацыі “За ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва” з адпаведнай фармулёўкай. Дарэчы, у намінацыі “Творчы дэбют” адзначана Ксенія Лакотка з яе канцэптам цялеснасці ў фатаграфічнай серыі “Мой цень” — гэтыя дзве пазіцыі выведзены за межы традыцыйных жанраў. Ёсць маладыя аўтары, арыентаваныя на Месяц фатаграфіі ў Мінску — у дадзеным выпадку ён служыць як цэнтр прыцягнення і адукацыі. А акрамя таго, тыя, хто працуе як мастакі на базе фатаграфіі. Здавалася б, усё гэта розныя трэнды, але межы і адрозненні зараз сціраюцца, і на практыцы сціраецца нават эфект эксперыменту: кожнае пакаленне выкарыстоўвае свае цытаты і адсылкі да мінулага вопыту мастацтва. Многія з фатографаў цалкам адбыліся, атрымалі міжнародныя ўзнагароды, прызнанне крытыкі і публікі: Андрэй Лянкевіч, Дзіна Даніловіч, Таццяна Ткачова, Маша Святагор. І атрымоўваецца, што ўсе рысы беларускай фатаграфіі — яе вернасць мастацкай традыцыі, увага да праблем духоўнага жыцця, псіхалагізм і ўдумлівасць — у наяўнасці. Але чагосьці не хапае! Гэта відавочна — бракуе таго драйву, які адрознівае адкрыццё. Калі нікому не трэба тлумачыць, у чым сутнасць, і энергія новых сэнсаў сама за сябе гаворыць. Такіх адкрыццяў не бывае шмат, але і Нацпрэмія — адна. Таму я пажадала б больш празрыстасці ў арганізацыі конкурсу, каб зрабіць удзел фатографаў зразумелым, і больш навін і аналізу сітуацыі ад экспертаў, каб працягваць вучыцца і павышаць кампетэнцыі ў мастацтве сучаснай фатаграіі.
Любоў Гаўрылюк, арт-журналіст
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ