Беларуская анімацыя ў конкурсе прадстаўлена сямю стужкамі. Адна з іх — “Як мядзведзь сяброў шукаў” Ігара Волчака — толькі на гэтым тыдні была прэзентавана на кінастудыі “Беларусьфільм”. Фільм, зроблены ў пластылінавай тэхніцы, з сімпатычнымі музычнымі нумарамі, распавядае пра пошукі Мішуткі, што жыве ў лесе, “аднаго вялікага сябра”. Стужка поўная колераў, радасці, дабрыні і шчырага вясёлага імпэту, што робіць яе надзвычай абаяльнай. Над карцінай працавалі мастак-пастаноўшчык Святлана Катлярова, аніматары — Ганна Тумеля і Стас Спіранскі. Мастакі — Паліна Міцкевіч, Паўла Платонава і Юлія Кароткая.
Ці атрымае “…Мядзведзь” “Вялікі Крыштальны аловак” — галоўны прыз “Анімаёўкі” — даведаемся ўжо заўтра. Падчас прэзентацыі новай карціны на студыі былі паказаныя і дзве папярэднія работы Ігара Волчака — “Акіяны” і “Цуды ў дзень народзінаў”, зроблены амаль з той жа камандай мастакоў. Кадры адтуль — і ўпрыгожваюць нашу першую паласу.