— Як давялося заўважыць, адносіны многіх да людзей з псіхічнымі захворваннямі нагадваюць адносіны да смерці. Гэта непажаданая, бадай табуяваная тэма, якую можна закрануць хіба ў легкадумным ключы, а яшчэ лепей не закранаць наогул.
— Думаю, наспела пара заўважыць тых людзей, якія жывуць у трохі іншых умовах — трэба адзначыць, экзістэнцыяльна складаных, — і выпрацаваць адэкватнае да іх стаўленне. Уласна, менавіта на гэта мы і разлічваем, ладзячы тыя імпрэзы, падчас якіх дзверы ўстановы расчыняюцца для ўсіх ахвотных. Падкрэслю: наша дзейнасць скіраваная не толькі на тых, хто жыве ў псіханеўралагічным інтэрнаце, але і на ўсё грамадства. Па сутнасці, мы проста ствараем у Мінску новую культурную пляцоўку, хай і ў такім нязвыклым для многіх месцы. Урэшце, не будзем забываць, што інтэрнат — гэта ж таксама частка горада.
— Зазвычай дабрачыннасць разглядаецца як аднабокі працэс: здаровыя павінны нешта даць хворым…
— Ведаеце, сама такая пастаноўка пытання адразу ўзвышае адных людзей над іншымі. Мне гэты падыход не падабаецца. Мы ўсе з’яўляемся адзіным грамадствам, не падзеленым на касты і гатункі, мы ўсе роўныя і маем роўныя правы, хай і пры розных умовах. Агульная культурная пляцоўка ўсталёўвае гэтае паняцце на ўзроўні топаса. Мы не просім — мы супольна нешта ствараем.
— Якім чынам вы адбіраеце ўдзельнікаў?
— У большасці выпадкаў, яны знаходзяцца самі. Прыкладам, неяк на нас выйшлі прадстаўнікі беларускай сайкабілі-сцэны, і выявілася, што гэтая музыка тут — сама тое! Насельнікі інтэрнату шчасліва танчылі ў абдымку з медперсаналам і панкамі, якія выпадкова зазірнулі на агеньчык. Чым увогуле для нас карысныя розныя субкультуры: у іх ідэалогіі легалізаванае лёгкае шаленства. Як сведчыць наша практыка, у плане інтэграцыі гэта адыгрывае станоўчую ролю — бачачы незвычайных людзей з іракезам альбо кантрабасам, насельнікі інтэрната іначай успрымаюць сваю “незвычайнасць”.
Што самае важнае, тыя выступоўцы сталі падтрымліваць нас і надалей, пастаянна наведваючы інтэрнат, наладзіўшы сяброўства з яго жыхарамі і ведаючы многіх з іх пайменна. Адпаведна, стварылася рэальная эмацыйная повязь. З’явілася ідэя зладзіць у інтэрнаце міжнародны фэст сайкабілі! Гэта было б крута, але…
— Напэўна, тут павінна ўзнікнуць пытанне фінансаў?
— На сёння мы робім усё наогул без грошай. Адзіны рэсурс — сам інтэрнат. Трэба адзначыць, што яго адміністрацыя ставіцца да нашых ініцыятываў вельмі станоўча. Вось добрае сведчанне таго, што дзяржустановы могуць быць вельмі прагрэсіўнымі і смелымі, адэкватна разумеючы перажыванні людзей з абмежаваннямі.
— Леташні “Адкрыты жнівень” запомніўся ўдзелам у ім брутальнай грайндкоравай каманды, дзе адна з жыхарак інтэрнату выступіла ў ролі “запрошанай вакалісткі”. Відэа набрала процьму праглядаў, але і выклікала дыскусіі…
— Я таксама хвалявалася адносна таго канцэрту: ну давайце мо паспрабуем пару песенек, паглядзім, якой будзе рэакцыя публікі. А публіка ў парыве весялосці стаптала пад гэты грайндкор увесь газон у нашым двары!
— Аднак экстрэмальную музыку многія лічаць шкоднай для псіхікі — прынамсі, у выпадку з людзьмі, якія маюць з ёй сур’ёзныя праблемы.
— Найперш, я моцна сумняюся ў тым, што нейкая музыка сама па сабе здатная нашкодзіць псіхіцы. Да ўсяго, у нас — так бы мовіць, здаровых людзей — ёсць самасвядомасць і права выбару. Калі ты жывеш не ў інтэрнаце, а ў звычайнай кватэры, дык можаш сам вырашаць, які канцэрт наведаць. А калі табе там не спадабаецца, ты ўстаеш ды сыходзіш. Чаму жыхары інтэрнату павінны быць гэтага выбару пазбаўлены? Чаму нейкія дабрадзеі маюць за іх вырашаць, што ім карысна, а што не? Паводле якога права? Відавочна, тут ёсць пэўная лагічная пастка. З аднаго боку, мы называем гэтых людзей роўнымі, але з іншага — надзяляем сябе паўнамоцтвамі кантраляваць іх густы. Ёсць цудоўны лозунг: “Нічога без нас!” Мы не маем права прымаць рашэнне за людзей з пэўнымі абмежаваннямі і асаблівасцямі — тым больш, калі справа тычыцца культурных прэферэнцый. Гэта відавочна нават у прававым, а не толькі ў этычным полі.
— Але бацькі часам аберагаюць дзяцей ад тых ці іншых культурных прадуктаў, беручы на сябе пэўную адказнасць ды вырашаючы за іх, што ім трэба, а што не…
— …і тым самым перашкаджаючы іх сталенню. Трэба памятаць, што чалавек фарміруецца як асоба ў тым ліку і праз канфлікты, праз сутыкненне з нечым новым і нязвыклым. Мы расцём і развіваемся менавіта ў сітуацыі выбару. І пазбаўляючы людзей, скажам, з сіндромам Даўна права выбару, мы перашкаджаем іх развіццю. І таму я лічу сябе абавязанай даць жыхарам інтэрнату магчымасць пачуць самую розную музыку, уключна з экстрэмальнай. Гэтаксама я абавязана пазнаёміць іх з творчасцю Шнітке, аўтэнтычным беларускім фальклорам — або, скажам, песнямі Міхаіла Круга (а ўсё гэта раз-пораз у нас гучыць). Бо як ты можаш зрабіць выбар, калі не ведаеш, з чаго выбіраць?
— А калі знаёмства выкліча негатыўную рэакцыю?
— Калі табе не падабаецца, ты можаш сысці. Сказаць валанцёрам альбо камусьці з медперсаналу, што імпрэза табе не да густу, ды вярнуцца ў іх суправаджэнні назад у пакой.
— Мяне здзівіла, што з канцэрта класічнай музыкі сышоў усяго адзін чалавек, а ўся зала была ў захапленні…
— Магу запэўніць, Міхаіл Круг таксама пайшоў на ўра. Прычым для мяне тая вечарына стала рэальнай інклюзіяй, бо дадзены выканаўца раней быў выключаны з майго інфармацыйнага поля. Ніколі не позна даведацца нешта новае.
— “Асаблівыя людзі” здзіўляюць сваёй непасрэднасцю…
— І мастацтва яны ўспрымаюць гэтаксама непасрэдна ды абавязкова скажуць менавіта тое, што думаюць. Гэта добрая лакмусавая паперка для музыкантаў альбо тэатралаў: калі ты змог працаваць тут, зможаш працаваць з любой публікай.
— Ці можна прыйсці да нейкіх заканамернасцяў, назіраючы за рэакцыяй вашай аўдыторыі на розныя тыпы мастацтва? Што ім найбольш падабаецца?
— Груба кажучы, тое самае, што і ўсім. Прыкладам, складанае канцэптуальнае мастацтва не знаходзіць водгуку ў доме-інтэрнаце! Хаця і тут здараюцца выключэнні. Падчас мінулага фэсту мы экспанавалі сучасны жывапіс мастачак Ганны Асяненкі і Кацярыны Цішкевіч, які адлюстроўвае даволі сур’ёзныя тэмы. Я сумнявалася, што ён выкліча адпаведную рэакцыю, але ўсё ж рызыкнула — і не памылілася. Насельнікі інтэрнату вельмі ганарыліся тым, што ім паказваюць такое мастацтва. Як сказаў адзін з іх, мы перажываем тое самае, што аўтаркі. І паралелі паміж сваёй хваробай і ўбачаным на палатне вельмі істотныя. Чалавек разумее, што нехта “здаровы” адчувае тое самае: адзіноту, страх, боль (а для жыхароў інтэрнатаў такія пачуцці, на жаль, натуральныя), і момант гэтай еднасці прыносіць тэрапеўтычны эфект. Таму я ўжо не сумняюся, што ў нас можна дэманстраваць цяжкія для ўспрыняцця работы, якія выклікаюць не толькі пазітыўныя эмоцыі.
— Вы актыўна папулярызуеце творчасць аднаго з насельнікаў інтэрната — Міхаіла Буліча. Яго жывапіс здзіўляе нават многіх прафесійных мастакоў. Няўжо ён нідзе не вучыўся маляванню?
— Што вы, Міша ўсё жыццё правёў у інтэрнаце. Яму і не трэба было вучыцца — ён увесь час быў такім, якім ёсць, а каб атрымаць шыкоўныя работы, дастаткова проста падсунуць яму паперу большага фармату. Цяпер вось некаторыя рэчы будуць выстаўляцца на “Восеньскім салоне з “Белгазпрамбанкам”.
— А наколькі важны для яго поспех у гледача?
— Прыемны, але, напэўна, не надта важны. Ён малюе таму, што проста не здатны не маляваць. Міша можа папрасіць у цябе толькі дзве рэчы: паперу і гарбату, больш яму нічога не патрэбна. Ніколі не ставіла яго перад выбарам, але, думаю, ён бы хутчэй выбраў паперу.
— Бачачы людзей “з асаблівасцямі”, адчуваеш перасцярогу: як з імі трэба сябе паводзіць, каб не нашкодзіць?
— Паводле майго досведу, адзіная верная камунікатыўная палітыка — гэта як з роўным, як са звычайным чалавекам.
— Адпаведна, не варта хвалявацца, што ты іх неяк пакрыўдзіш?
— Варта — але толькі ў той самай меры, як і ў адносінах да ўсіх людзей. Калі ў твайго калегі па працы вялікі нос, і ён, напэўна, з гэтай нагоды камплексуе, ты не будзеш кпіць і тактоўна прамаўчыш пра асаблівасці ягонай знешнасці. Альбо, калі гэта блізкі сябра, нязлосна пасмяешся: ага, дарагі Сірано! У выпадку з людзьмі, якія маюць псіхічныя захворванні — усё тое самае. Паверце, гэта звычайныя людзі, якія, па вялікім рахунку, мала ад нас адрозніваюцца. Самае галоўнае — імкнуцца спазнаць іх бліжэй. І мастацтва дае для гэтага выдатную магчымасць.
— Наколькі я разумею, насельнікам інтэрната стасункі патрэбныя куды болей, чым нейкая матэрыяльная дапамога?
— Для шчасця чалавеку найперш патрэбны іншы чалавек. Тое, што цябе ўбачаць і пачуюць — куды больш істотна за любыя падарункі.