Фестываль складаецца з двух частак. З 9 па 11 жніўня ў Белай Царкве архітэктары і дызайнеры ствараюць лэнд-арт аб’екты, а міжнародная каманда сталяроў будуе сцэну. Затым ужо прыязджаюць гледачы, бо з вечара 12 жніўня амаль да раніцы 13-га выступаюць калектывы Shuma, Port Mone, “Грезы Пафнутия”, хор Salutaris, Stereobeaver і вакальны гурт “Натхненне” Чарэйскага сельскага дома культуры.
“Вёска змяняецца, але гісторыя нікуды не знікае”
— Не хацелася гучнага фестывалю, але зусім ціха не атрымаецца — усё ж у нас ёсць такі хэдлайнер, як Shuma, — кажа Сяргей Краўчанка. — Музычны сімбіёз фальклору і сучаснага матэрыялу адлюстроўвае працэсы, якія адбываліся і адбываюцца з вёскай — яна гэтаксама змяняецца, але гісторыя нікуды не знікае.
Акрамя канцэртаў, запланаваны і сталярныя майстар-класы, экскурсіі па вёсках, спартыўныя гульні, ёга з пілатэсам, заняткі ў Школе архітэктурнага мыслення для дзяцей. Кухар Барыс Поль Жорж Буаняр, які калісьці закахаўся ў беларуску і пераехаў жыць да яе ў Чашнінскі раён, будзе частаваць гасцей стравамі французскай кухні. Мясцовыя жыхары арганізуюць кірмаш эка-ежы. Але фестываль — толькі нагода, каб прыцягнуць увагу да гэтых мясцін і заявіць аб намерах іх “акультурыць”.
— Тры гады таму мы з Кацяй пераехалі з Мінска ў вёску Белая царква — цудоўны адасоблены куточак побач з азёрамі і лясамі, гісторыя якога шчыльна звязана з Мілашамі і Сапегамі, — распавядае Мацвей Сабураў. — Побач з намі жыве і Сяргей, і, напрыклад, Віталь Артыст, фатограф Саша Жарнасек. Зараз у вёсцы больш моладзі. Мы маем агульныя планы на яе развіццё.
— Нам не патрэбна камерцыйная паці — мы хочам звярнуць на гэтыя вёскі ўвагу людзей, якія дапамаглі б палепшыць іх, — тлумачыць Кацярына Аверкава. — З Чарэі ад Багдана Сапегі пайшоў знакаміты шляхецкі род, адсюль і дынастыя Мілашаў — тут нарадзіўся і правёў свае юныя гады французскі паэт Оскар Мілаш, дзядзька нобелеўскага лаўрэата па літаратуры Чэслава Мілаша. На тэрыторыі абедзвюх вёсак налічваецца 12 вартых увагі аб’ектаў — руіны Свята-Троіцкай царквы, сядзібы Мілашаў, цаглянага завода, будынка пажарнай службы XIX стагоддзя і іншых. Магчыма, і не трэба ўсе іх рэстаўраваць, але важна захаваць хаця б у такім выглядзе, у якім яны існуюць цяпер. Дзесьці паставіць шлагбаум, каб не ездзілі машыны. Зрабіць так, каб на яўрэйскіх могілках не пасвілі коз і не разбівалі агароды.
“Ствараць усё неабходнае там, дзе жывеш”
— Як заяўлена ў назве, наша мэта — рабіць канкрэтныя справы, патрэбныя гэтай мясцовасці і яе жыхарам, — кажа Сяргей Краўчанка. — Шмат якія прафесіі ўжо дазваляюць працаваць выдалена, таму відавочна тэндэнцыя, што людзі пераязджаюць жыць кудысьці за горад — бліжэй да прыроды. Sprava можа быць прыкладам таго, як ствараць усё неабходнае менавіта там, дзе жывеш. Напрыклад, сцэна, якую мы пабудуем на фестывалі, нам не належыць — яна застанецца для ўсіх. Мы хочам, каб потым на ёй праводзілі канцэрты, чытанні, заняткі.
Зараз Кацярына і Мацвей вядуць перамовы, каб выкупіць частку старога дома культуры ў Чарэі і стварыць там арт-базу для мастакоў, музыкантаў, фатографаў, артыстаў, якія на працягу года маглі б прыязджаць туды і працаваць.
— Ствараючы такую арт-вёску, мы прыцягваем сюды турыстаў, а значыць, змяняецца інфраструктура — патрэбна кафэ, хостэл, — разважае Кацярына. — Пакуль гэта наша мара, але я веру, што яна спраўдзіцца. Мы не можам зрабіць так, каб людзі не з’язджалі адсюль. Тым больш, што колькі месяцаў таму тут зачынілі школу. Але не ўсе імкнуцца жыць у горадзе, як прынята лічыць. Неяк падвозіла з Мінска ў Чарэю хлопца год васемнаццаці, спытала, дзе б ён жыў, каб у вёсцы была магчымасць працаваць. Адказаў, што і цяпер хацеў бы жыць дома, але трэба вучыцца.
“Што за фантастыка?”
У бліжэйшых планах ініцыятыўных жыхароў Белай Царквы — яшчэ і стварэнне музея пад адкрытым небам.
— Для гэтага неабавязкова ставіць шыльды кшталту “Бэзавая алея Мілашаў”, — тлумачыць Мацвей. — Дастаткова распрацаваць прыкладанне з суправаджэннем на розных мовах, каб кожны мог бясплатна загрузіць яго сабе на мабільны тэлефон. Пакуль унікальная інфармацыя пра гэтыя мясціны захоўваецца толькі на паперы ў файліках у бібліятэкара Таццяны Міхайлаўны Казлоўскай.
— Рэакцыя на нашы ідэі ў мясцовых улад збольшага пазітыўная, але яшчэ шмат дзе нас сустракаюць словамі: “О, хіпі!”, “Якая вам з гэтага карысць?” і “Што за фантастыка?” — кажа Кацярына. — Фестываль — спосаб давесці: тое, што мы прапануем, можа стаць рэальнасцю. Тады нас перастануць успрымаць як фрыкаў і мы сапраўды зможам арганізаваць і арт-рэзідэнцыю, і школу дадатковай адукацыі, і прыватны дзіцячы садок, і яшчэ штосьці неабходнае гэтаму месцу.