Работы выконваліся за кошт сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы на падставе пастановы Савета міністраў Саюзнай дзяржавы. Гэтым дакументам на Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь былі ўскладзены функцыі дзяржаўнага заказчыка-каардынатара работ па рэстаўрацыі. Аднаўленнем скульптурнай кампазіцыі “Працаўнікі Беларусі” займалася творчая група ЗАТ “Белрэстаўрацыя” пад кіраўніцтвам намесніка генеральнага дырэктара па рэстаўрацыі Аляксандра Клімашонка. Над “Аграномам” працавалі скульптары Канстанцін Касцючэнка і Сяргей Логвін, фарматар Дзмітрый Захарэвіч. “Даярку” аднаўлялі скульптары Уладзімір Піпін і Міхаіл Шкробат, фарматар Уладзімір Маркевіч. “Механізатарам” займаліся скульптары Уладзімір Нефёд і Іван Арцімовіч, фарматар Аляксей Мысліўцаў. Копію “Калгасніцы” выканалі скульптар Валерый Дудко і фарматар Максім Паляшчук. “Хлебароб” выйшаў з-пад рук скульптараў Яраслава Філіповіча (ён таксама выступіў у ролі фарматара) і Ганны Дыдышка, фарматара Яўгена Білея. Паўторна адноўленыя, скульптуры ўжо занялі свае месцы на другім ярусе вежы павільёна.
Праца была высока ацэненая Урадам горада Масквы, а Урад Рэспублікі Беларусь быў узнагароджаны дыпломам лаўрэата конкурсу “Маскоўская рэстаўрацыя-2016” за лепшую арганізацыю рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’екце культурнай спадчыны.