Леташні вынік “Купальскага пояса” быў прадстаўлены на свяце “Купалле”, якое адбылося 4 — 5 ліпеня 2015 года. Прэзентацыя праекта прайшла ў рамках IV Міжнароднага форуму “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”, які праходзіў у Магілёве 10 — 13 лістапада.
На сённяшні дзень даўжыня пояса складае 35 метраў. Па ўсёй яго даўжыні вытканы традыцыйныя арнаменты ўсіх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці.
У другім этапе праекта, які завершыцца ў ліпені 2016-га, напярэдадні свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), прымуць удзел майстрыхі з 17 раёнаў Магілёўскай вобласці: Шклоўскага, Глускага, Дрыбінскага, Бабруйскага, Слаўгарадскага, Асіповіцкага, Горацкага, Хоцімскага, Краснапольскага, Быхаўскага, Круглянскага, Клічаўскага, Бялыніцкага, Клімавіцкага, Крычаўскага, Чэрыкаўскага, Мсціслаўскага.
Працэс вырабу пояса — працаёмкая і карпатлівая праца, якая патрабуе зайздроснага цярпення і, безумоўна, выдатных ведаў традыцыйных тэхналогій ткацтва.
Ганна ТУЗЯНКОВА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы