Сцэна са спектакля "Загадкавыя варыяцыі".
У лістападзе Коласаўскі тэатр адзначыць 90-годдзе. Перад’юбілейны настрой віруе ўжо зараз, нараджаючы новыя праекты. Як распавёў літаратурны рэдактар тэатра Алесь Замкоўскі, у коласаўцаў склалася так, што словазлучэнне “камерная сцэна” звязанае не з пэўнай пляцоўкай, а хутчэй тычыцца спектакляў, якія граюцца на невялікую публіку.
Распачынаўся тыдзень у тэатральнай гасцёўні. Тут паказвалі трылер рэжысёра Аляксандра Дольнікава “Я вольны!” па рамане сучаснай французскай пісьменніцы Амялі Натомб “Касметыка ворага”. Эстафету працягнуў сямейны псіхалагічны дэтэктыў “Кошкі-мышкі” па п’есе Аляксандра Марданя. Рэжысёр Юрый Лізянгевіч максімальна наблізіў да акцёраў публіку, расставіўшы глядацкія крэслы непасрэдна на сцэне. Мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Анісенка прапанаваў аўдыторыі пастаноўку па творы французскага драматурга Эрыка-Эмануэля Шміта “Загадкавыя варыяцыі”. Прыкметнай падзеяй стала сцэнічнае ўвасабленне артысткай Коласаўскага тэатра Ірынай Цішкевіч гісторыі пра смяротную вайну паміж маці і дачкой. Спадарыня Ірына летась заканчвае рэжысёрскае аддзяленне Акадэміі мастацтваў, і трылер Марціна Мак’Донаха “Каралева прыгажосці з Лінэна” стаўся яе дыпломнай працай. З яе ініцыятывы коласаўцы далучацца да папулярнага руху грамадскіх чытанняў сучасных п’ес. Першая спроба адбудзецца ў красавіку.
— Акрамя спектакляў, мы прапанавалі новы фармат мерапрыемстваў — паэтычна-музычныя вечары. Іх рыхтавалі вядучыя майстры сцэны Наталля Аладка і Святлана Жукоўская, — працягнуў Алесь Замкоўскі. — Са сцэны гучалі вершы і рамансы замежных, а таксама беларускіх аўтараў — Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Вярцінскага…
Дадамо, што зараз тэатральны Віцебск знаходзіцца ў прадчуванні наступнай знакавай падзеі: коласаўцы рэпеціруюць п’есу Францішка Аляхновіча “Цені”. Прэм’ера запланавана на сакавік. Між іншым, драматург з’яўляўся першым літаратурным рэдактарам тутэйшага драмтэатра.