Безумоўна, такі сталы фестываль проста неабходны як адна з важных форм дзяржаўнай і грамадскай падтрымкі тэатральнага жанру ў цэлым. І нічога новага мы тут не прыдумваем. У краіне ўжо даўно напрацаваны цікавы вопыт і сфарміраваны сталыя традыцыі, якія на нейкім этапе проста перарваліся. Варта нагадаць чытачам (старэйшыя рэжысёры пра гэта добра памятаюць) міжнародныя фестывалі аматарскіх тэатраў “Рампа дружбы” з удзелам лепшых тэатральных калектываў Беларусі і Прыбалтыкі. "Рампа…" пачаргова праводзілася ў Беларусі, Літве, Латвіі і Эстоніі ў 1980 — 1990-я. Апошні фестываль прайшоў у Гродне ў 1988-м. Гэта былі не толькі яркія грамадска-культурныя падзеі. Лепшай школы прэзентацыі і папулярызацыі дасягненняў аматарскага тэатра (і не толькі, бо ў ім прымалі ўдзел і вядомыя рэжысёры, драматургі, крытыкі) не прыгадаю. Майстар-класы і шырокія дыскусіі па праблемах развіцця тэатраў у цэлым былі традыцыйнымі. Пасля развалу СССР перасталі праводзіцца і гэтыя фестывалі. І зусім лагічна мы прыйшлі да неабходнасці арганізацыі сваіх рэспубліканскіх фэстаў аматарскага тэатральнага мастацтва.
Я ўдзячны лёсу, што давялося ў свой час быць ініцыятарам і арганізатарам рэспубліканскіх форумаў “Гасціны ў Галубка” ў Баранавічах (1995), “Тэатральныя скрыжаванні” ў Слуцку (1998) і Маладзечне (2001). На фестывалі ў Маладзечне было прадстаўлена цэлае суквецце лепшых тэатраў краіны, былі запрошаны рэжысёры ўсіх вядучых аматарскіх калектываў, а ў творчай лабараторыі ўдзельнічалі А.Дудараў, А.Сабалеўскі, М.Захарэвіч, У.Мішчанчук і многія іншыя вядомыя тэатральныя дзеячы. Годна ўшаноўваліся старэйшыя і лепшыя пастаноўшчыкі народных тэатраў краіны, а першым памятны дыплом “За адданасць і любоў да аматарскага тэатральнага мастацтва” атрымаў знакаміты рэжысёр Валянцін Ермаловіч.
На жаль, самы яркі і прадстаўнічы фестываль стаў і апошнім, хоць тады ўсе ў адзін голас казалі пра неабходнасць працягу мерапрыемства менавіта ў Маладзечне, дзе было падрыхтавана найбольш спрыяльнае асяроддзе: добрыя тэатральныя залы, зацікаўленая публіка, вопытныя спецыялісты. У Маладзечне шмат гадоў працаваў адзін з лепшых народных тэатраў краіны пад кіраўніцтвам рэжысёра Мікалая Мацкевіча, на базе калектыву ў 1991 годзе быў створаны прафесійны тэатр.
Тэатральны жанр на Беларусі многія дзесяцігоддзі быў базавым, адным з важнейшых жанраў самадзейнага мастацтва з багатай гісторыяй і адметнымі традыцыямі. Згадайма толькі вандроўны тэатр Уладзіслава Галубка, створаны ў 1920-м, беларускія тэатральныя вечарыны, якія садзейнічалі ўзнікненню прафесійнай Першай тэатральнай трупы Ігната Буйніцкіга, бацькі беларускага тэатра. Памяць пра яго захоўваецца і сёння: пад час святкавання Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім пазалетась з’явіўся бюст І.Буйніцкага, а ў Празароках — новая музейная экспазіцыя, падрыхтаваная Дзяржаўным музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.
Найбольшага росквіту аматарскае тэатральнае мастацтва дасягнула ў 1990 — 2000-я гады. Народныя тэатры плённа дзейнічалі ў большасці раённых цэнтраў, ва ўсіх абласных гарадах, больш за два дзясяткі іх было і ў Мінску. На базе лепшых, апрача згаданага ўжо маладзечанскага, былі адкрыты прафесійныя тэатры ў Слоніме, Мазыры, Пінску, іх ўзначалілі колішнія рэжысёры народных тэатраў М.Варвашэвіч, І.Базан. Яны працягнулі шматгадовыя традыцыі аматарскіх тэатраў ужо на больш высокім якасным узроўні. На жаль, да гэтага часу не рэалізавана ідэя стварэння прафесійнага тэатра ў Полацку, дзе ён гістарычна існаваў і дзе сёння працуе некалькі адметных калектываў.
Тэатрамі апекаваліся на ўсіх узроўнях. У Міністэрстве культуры была створана рэпертуарна-рэдакцыйная калегія, якую доўгія гады ўзначальвала Ніна Загорская, у рэспубліканскіх і абласных навукова-метадычных цэнтрах народнай творчасці і культасветработы дзейнічалі аддзелы і сектары тэатральнага мастацтва, на базе Беларускага інстытута праблем культуры рэгулярна праводзіліся курсы павышэння кваліфікацыі, семінары і канферэнцыі па праблемах развіцця аматарскага тэатральнага мастацтва.
Разумею, што аднавіць гэту сістэму сёння ўжо немагчыма, але перакананы, што мэтава і пастаянна займацца падтрымкай тэатральнага жанру неабходна, бо народныя тэатры будуць стала займаць адметнае месца ў культурна-эстэтычным жыцці грамадства. У большасці раёнаў, куды не даязджаюць прафесійныя калектывы, яны яшчэ доўга будуць заставацца важнымі пасрэднікамі і носьбітамі тэатральных традыцый. А падтрымка аматараў не вымагае вельмі вялікіх сродкаў, затое эфектыўнасць іх дзейнасці будзе адчувальнай. Тэатральны жанр павінен быць прыярытэтным накірункам работы для Інстытута культуры Беларусі, абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці.
Сённяшняя практыка паказвае, што там, дзе ёсць належная ацэнка і зацікаўленая падтрымка на ўсіх узроўнях, там народныя тэатры ў поўнай меры выконваюць сваю эстэтычна-выхаваўчую місію. Гэта можна праілюстраваць на прыкладзе Мінскай вобласці, дзе ўжо цягам ці не 10 гадоў праводзяцца абласныя фестывалі “Бярэзінская рампа”, дзіцячага тэатральнага мастацтва на Любаншчыне — ”Чароўны куфэрак”. Гэтыя мерапрыемствы выдатна стымулююць і папулярызуюць дзейнасць тэатральных калектываў. У Беразіне сфарміравалася сапраўдная тэатральная аўра, а спектаклі мясцовага народнага тэатра пад кіраўніцтвам цікавага рэжысёра Мікалая Пытляка праходзяць з аншлагамі. Дарэчы, на Міншчыне сёння плённа дзейнічаюць звыш за 50 народных і ўзорных тэатральных калектываў, а таксама 2 заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь — драматычны тэатр “Відарыс” Барысаўскага гарадскога Палаца культуры і Тэатр імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага цэнтра культуры і адпачынку.
Рэспубліканскі фестываль павінен даваць магчымасць рэгулярна прадстаўляць лепшым аматарскім тэатрам свае новыя, у тым ліку і эксперыментальныя, пастаноўкі на суд шырокай грамадскасці і спецыялістаў, а правядзенне творчых лабараторый і майстар-класаў, дыскусій з удзелам вядучых рэжысёраў, драматургаў, даследчыкаў і крытыкаў будзе спрыяць пошуку новых форм і падыходаў да рэалізацыі творчых ідэй. Фестывалі павінны больш шырока асвятляцца ў СМІ, а лепшыя народныя тэатры — займець права і на шырокі тэлеэкран.
Падтрымка аматарскага тэатральнага мастацтва — гэта адначасова і спрыянне развіцццю прафесійнага тэатра. Гэта сілкуе яго новымі ідэямі і знаходкамі, рэпертуарам, а часта і будучымі акцёрамі.
Тадэуш СТРУЖЭЦКІ, ініцыятар і арганізатар шэрагу фестываляў тэатральнага мастацтва
Фота Юрыя ІВАНОВА
Артыкул Яўгена Рагіна “Ці патрэбны рэспубліканскі фэст аматарскага тэатральнага мастацтва?”, які выклікаў дыскусію, чытайце тут.