Валянціна СПАСІБЁНАК, дырэктар Глыбоцкай ЦБС Віцебскай вобласці:
— А што, цікавы праект! У нас неўзабаве распачнецца аб’яднанне школьных і публічных бібліятэк, дык чаму б і не паспрабаваць? Не сакрэт, што дзеці мала чытаюць менавіта “жывых” кніг: маўляў, камп’ютар іх замяняе. Але ж гэта не азначае, што мы не імкнёмся ўсяляк прывіць ім любоў да чытання. Да прыкладу, прыходзім у школы, дзіцячыя садкі, праводзім урокі гучнага чытання. Натуральна, што цяпер патрэбны нейкія новыя бібліятэчныя праекты. Адзін з іх — “Чытаем кнігу разам” ці “Тэатр кнігі”. Праўда, кніжка аднаго аўтара на ўвесь клас, і вучні чытаюць яе па чарзе. Можна прапаноўваць і тэматычныя ўрокі: сёння чытаем гістарычны твор, заўтра — прыгодніцкі. Паспрабуем, канешне ж, наладзіць і маўклівае чытанне. А каб вучні сапраўды чыталі, а не рабілі выгляд, трэба, напэўна, на чарговым уроку абмяркоўваць прачытанае і выстаўляць за актыўнасць адзнакі...
Яўген ЯСЬКОЎ, дырэктар Дзіцячай школы мастацтваў аграгарадка “Абухава” Гродзенскага раёна:
— Мы — не агульнаадукацыйная школа, у нас — крыху іншыя падыходы да навучання. Да прыкладу, ёсць урокі, цягам якіх дзеці проста слухаюць класічную музыку. Гэта — таксама далучэнне да прыгожага, але ў нашым, так бы мовіць, спецыфічным мастацкім фармаце. Не “жывая” кніга, а “жывая” гармонія. На такое самастойнае спасціжэнне музычных законаў не шкада, сапраўды, і 45 хвілін урока.
Нашы тэхнічныя магчымасці дазваляюць, каб аналагічныя пазнаваўчыя ўрокі праходзілі і ў он-лайн-фармаце. Школьнікі пры гэтым маюць магчымасць паглядзець ды паслухаць лепшыя сусветныя оперы і музычныя спектаклі. Потым разам абмяркоўваем пачутае і пабачанае.
Такія ўрокі — ўжо традыцыя. Але гэта не азначае, што і мы не шукаем новых падыходаў да эстэтычнага, мастацкага выхавання…