Старшыня Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД і міністр культуры Арменіі Асмік Пагасян назвала яго дзейнасць лёсавызначальнай для кансалідацыі міжнародных творчых сіл і фарміравання агульнай гуманітарнай прасторы, рэалізацыі сумесных культурных праектаў. А міністр культуры Малдовы Моніка Бабук (яна нядаўна была прызначана на гэтую пасаду), прызналася, што пасяджэнне Савета — першае буйное і важнае мерапрыемства, у якім яна ўдзельнічае ў новай іпастасі, а таму запомніць яго на ўсё жыццё…
Кіраўнікі дэлегацый у канферэнц-зале ў Выканаўчым камітэце СНД.
Насамрэч, пытанні разглядаліся самыя злабадзённыя. Да прыкладу, было заслухана выступленне міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова аб нашай дзяржаўнай палітыцы ў галіне культуры. Гаворка ішла не толькі пра развіццё музейнай, клубнай, бібліятэчнай справы, прафесійнага мастацтва, фестывальнага руху, аднаўленне гісторыка-культурнай спадчыны. Міністр культуры нашай краіны падкрэсліў, што многае на Беларусі робіцца па ўдасканаленні дзяржаўна-прыватнага партнёрства, мецэнацтва ў галіне культуры, але галоўным і дбайным спонсарам для яе застаецца дзяржава. І менавіта шматлікія дзяржаўныя праграмы скіраваны найперш на больш эфектыўную дзейнасць устаноў культуры, на адраджэнне традыцыйных рамёстваў, у тым ліку і па вытворчасці слуцкіх паясоў, беларускіх замкаў. Інакш кажучы, культурны складнік — адзін з галоўных у дзяржаўнай палітыцы Беларусі.
Старшыня Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД, міністр культуры Арменіі Асмік Пагасян дае інтэрв'ю.
Пра далейшы міжкультурны дыялог, пра стан і перспектывы творчага супрацоўніцтва на прасторы Садружнасці гаварылі намеснік кіраўніка апарата Міністэрства культуры і турызму Азербайджанскай Рэспублікі Джаваншыр Джафараў; старшыня Камітэта па культуры Міністэрства культуры і інфармацыі Рэспублікі Казахстан Тлеугалі Кішкашбаеў; міністр культуры Рэспублікі Малдова Моніка Бабук; статс-сакратар — намеснік мінстра культуры Расійскай Федэрацыі Рыгор Іўліеў; Пастаянны паўнамоцны прадстаўнік Рэспублікі Таджыкістан пры статутных і іншых органах Садружнасці, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Таджыкістан у Рэспубліцы Беларусь Казідаўлат Каімдодаў; намеснік міністра культуры Туркменістана Атагельды Шамырадаў; намеснік міністра культуры Украіны Браніслаў Стычынскі…
Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў і міністр культуры Малдовы Моніка Бабук з прадстаўнікамі кіраўніцтва Выканкама СНД — Таццянай Кавалёвай (злева) і Уладзімірам Кіку (справа).
Члены Савета абмеркавалі і праект Палажэння аб міжнароднай выстаўцы “ART EXPO” з удзелам краін — удзельніц СНД. Праект быў распрацаваны армянскім бокам па даручэнні Савета па культурным супрацоўніцтве. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што дадзеная выстаўка стане своеасаблівым аглядам дасягненняў краін у музыцы, выяўленчым мастацтве, у выдавецтве друкаванай і электроннай прадукцыі, тэатральных і кінанавінак, а таксама — сумесных культурных праектаў, рэалізаваных дзяржавамі цягам папярэдняга года. Менавіта на “ART EXPO” будуць мацавацца творчыя міжнародныя стасункі, заключацца міждзяржаўныя дамовы па супрацоўніцтве ў культурнай сферы. Словам, форум паспрыяе паглыбленню міжкультурнага дыялога і ажыццяўленню маладзёжных інавацыйных праектаў, пашырыць рынак арт-прадукцыі. Прапанавана ладзіць выстаўку кожны год — па чарзе ў кожнай з краін СНД па алфавіце...
Пад час пасяджэння Савета ішла гаворка аб перспектывах правядзення Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў. Разгледжаны пытанні, што датычацца рэалізацыі Міждзяржаўнай праграмы “Культурныя сталіцы Садружнасці”, стратэгіі міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва і падрыхтоўкі да святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Фота Юрыя ІВАНОВА