З 22 мая ў нашай краіне праходзіць VIII Беларускі міжнародны медыяфорум "Партнёрства ў імя будучыні: гісторыка-культурная спадчына як фактар яднання".
Яго арганізавалі Міністэрства інфармацыі Беларусі, Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы, Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, Беларускі саюз журналістаў пры падтрымцы міністэрстваў культуры, замежных спраў нашай краіны, Выканкама СНД, Мінскіх гар- і аблвыканкамаў, Гродзенскага аблвыканкама. У Беларусі сабраліся прадстаўнікі СМІ, грамадсказнаўчых навук, экспертнай супольнасці краін СНД, Балтыі, Заходняй Еўропы.
Пленарнае пасяджэнне форуму прайшло ў Замкавым комплексе "Мір". На парадак дня былі вынесены тэмы "Сродкі масавай інфармацыі: гістарычная місія ў захаванні і развіцці гісторыка-культурнай спадчыны", "Мова, нацыянальная літаратура як фактары суверэнітэту дзяржаў і яднання народаў". Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік падкрэсліў пасля пасяджэння, што ўзаемадзеянне культур неабходнае для эфектыўнага развіцця эканомікі. Таму будзе зроблена ўсё магчымае, каб медыяфорум і надалей заставаўся цікавым ды карысным для журналістаў, навукоўцаў, палітолагаў, культурных і грамадскіх дзеячаў.
Па меркаванні міністра інфармацыі Беларусі Алега Праляскоўскага, наша прэса адпавядае сучасным тэндэнцыям развіцця журналістыкі. "Тым не менш, рухацца мы будзем толькі наперад, кансалідаваць грамадства на нашых слаўных традыцыях", — зазначыў міністр інфармацыі.
У Інстытуце журналістыкі БДУ дзейнічае традыцыйная для форуму летняя школа. Заняткі ў фармаце прэс-клуба прысвечаны тэме "Фарміраванне новага аблічча культурнай журналістыкі". А Нацыянальная бібліятэка Беларусі прымае Х Міжнародны конкурс краін СНД "Мастацтва кнігі".
Форум доўжыцца і сёння. Завершыцца ён наведаннем Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, дзе адбудзецца эксперт-сесія "Аб’екты сусветнай гісторыка-культурнай спадчыны ў кантэксце дзяржаўнай палітыкі развіцця рэгіёнаў".
З рэзалюцыі VIII Беларускага міжнароднага медыяфоруму "Партнёрства ў імя будучыні: гісторыка-культурная спадчына як фактар яднання".
"Адбываецца не толькі палітычная, эканамічная, але і культурная глабалізацыя. Як і любая з’ява, яна носіць дваісты характар. З аднаго боку, пашыраюцца магчымасці ў сферах адукацыі, інфармацыі, культурнага абмену. З іншага — вопыт апошніх дзесяцігоддзяў паказаў, што стварэнне "сусветнага чалавецтва" можа прывесці да ліквідацыі нацыянальнай самабытнасці і ўзнікнення прымітыўнай уніфікацыі. Становіцца рэальнай пагроза глабальнага культурнага таталітарызму…
Праблема асвятлення гісторыка-культурнай спадчыны асобных краін і ўсяго чалавецтва ў СМІ ўяўляецца як ніколі актуальнай. Для яе паспяховага вырашэння неабходны глыбокія веды ў гуманітарнай сферы, павага да этнічных традыцый, тактоўнасць, цярпімасць, кругагляд.
Мы перакананы, што толькі абапіраючыся на вялізны гістарычны вопыт нашых продкаў, адлюстраваны ў помніках духоўнай і матэрыяльнай культуры, магчыма здзейсніць прарыў да нябачаных раней дасягненняў. Навука і новыя тэхналогіі не павінны супярэчыць этычным правілам і нормам. Толькі ведаючы ўласныя карані, чалавецтва здолее пабудаваць новы, бяспечны, свет. Асновай такога стварэння можа быць менавіта культура, якая павінна ісці наперадзе эканомікі і палітыкі, а не наадварот".
На здымках: пад час пасяджэння ў Галерэі Міхаіла Савіцкага; абрад "Пасвячэнне ў беларусы" ў Мірскім замку.