Юля з Чудзян, якіх ужо няма
26 красавіка — 27 гадоў катастрофе на Чарнобыльскай АЭС
Гэтаму здымку — 27 гадоў. Вясной 1986-га фотакарэспандэнт Юрый Іваноў знаходзіўся ў вёсцы Чудзяны Чэрыкаўскага раёна. Жыхары яе ўжо ведалі: тут жыць нельга... Радыяцыя не мае паху, яе нельга ўбачыць ці памацаць. Таму радыяцыя найперш — гэта страх згубіць родную хату, зямлю, што карміла стагоддзямі твой род, неба малой радзімы, дзе кружляе бусел, адказны за тваё шчасце...
Жыхары Чудзян жылі тады менавіта гэтым страхам. Жыццё “да Чарнобыля” засталося ў мінуўшчыне, а ў бліжэйшай будучыні было пакутлівае чаканне адсялення ў чыстыя ад незаўважнай радыяцыі мясціны. Юлія Ганчура патрапіла ў фотааб’ектыў менавіта з гэтым чаканнем у вачах. Маленькае дзіця сярод купкі засяроджаных жанчын. Наўрад ці ўспрымала яна ўвесь трагізм сітуацыі. Засяроджанасць перадалася ад старэйшых. Вось такой Юля і засталася на гістарычным ужо фотаздымку. Які, дарэчы, стаў сімвалам фотавыстаўкі Юрыя Іванова, што аб’ехала ўвесь свет.
А Чудзян цяпер няма. Як і соцень іншых паселішчаў, што патрапілі пад радыяцыйны бруд, а жыхары іх прыжыліся ў іншых раёнах і іншых абласцях краіны. Дзе цяпер Юля? Мы падлічылі ў рэдакцыі, што ёй цяпер — крыху за трыццаць. Самы ўзрост каб дзяцей выхоўваць, любіць і кахаць, радавацца ад самых розных праяў творчасці.
Дзе ты цяпер, Юля? Адгукніся! Мы спадзяемся, што ў вачах тваіх жыве радасць.
Фота Юрыя ІВАНОВА