Як падкрэсліла Галіна Патаева, па выніках апытання крыху больш за 90% прыезджых гасцей — гэта турысты з Расіі і Украіны, і, адпаведна, менш за 10% — госці з іншых краін. 67% турыстаў — жанчыны, а ўзрост, які складае “касцяк” груп, вагаецца ў межах ад 36 да 55 гадоў. Большасць гасцей — 61% — звязваюць наведванне Беларусі з пазнаваўчымі мэтамі, 52% даведваюцца пра турыстычныя магчымасці нашай краіны з Інтэрнэту, а наступнай па папулярнасці інфармацыйнай крыніцай з’яўляюцца расповеды сяброў ці так званае сарафаннае радыё (20%).
Не магу не пракаменціраваць апошнія лічбы. “К” рэгулярна піша пра тое, што выхад у Інтэрнэт праз стварэнне сваіх сайтаў аддзелаў культуры ды нават устаноў культуры Беларусі — перспектыўны і дальнабачны крок, які дазволіць прыцягнуць пад тыя або іншыя рэгіянальныя мерапрыемствы значную колькасць замежных гасцей. Даныя статыстыкі сведчаць пра гэта, на мой погляд, даволі пераканаўча. А займеўшы такіх гасцей з дапамогай Інтэрнэту, можна з вялікай верагоднасцю казаць пра тое, што розгалас ад культурнай падзеі — свята народнай кухні, фальклорнага фестывалю, рыцарскага турніру — будзе яшчэ большы. Але ж, на жаль, пакуль што асобных сайтаў аддзелаў культуры ці РДК ды ГДК у Байнэце — адзінкі. Мо таму і не карыстаюцца попытам у замежнікаў тыя цікавыя ды арыгінальныя культурныя мерапрыемствы, што ладзяцца ў краіне цягам года? Так што, на каго наракаем? Хіба на саміх сябе. Таму выснова тут можа быць толькі адна: з Інтэрнэтам культработнікам Беларусі сябраваць трэба і нават неабходна, бо патэнцыял у гэтым аспекце маецца даволі вялікі.
Вярнуся да агучаных лічбаў. Паводле слоў Галіны Патаевай, большая частка замежных турыстаў траціць на паездку ў Беларусь ад 500 долараў (73%), прычым 55% з гэтых грошай выдаткоўваецца на сувеніры.
— Аднак у Беларусі на сёння адсутнічаюць годныя сувеніры, якія сапраўды захацелася б узяць з сабой дадому замежным турыстам, — заўважыла Галіна Патаева.
Камандзіровачныя выезды ў рэгіёны Беларусі пераканаўча пацвярджаюць гэтую выснову кіраўніка турфірмы. Шматлікія дамы рамёстваў, створаныя ў нашай краіне, часцяком яшчэ толькі падступаюцца да вырабу цікавай сувенірнай прадукцыі, да супрацоўніцтва ў гэтым аспекце з прыватным ды і з дзяржаўным гандлем, а часам нават не маюць і салона-крамы, дзе можна набыць тую або іншую ўпадабаную турыстамі рэч. Гаворка пра гэтую праблему ідзе ўжо не першы год, і прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь неаднойчы казалі пра неабходнасць адкрыцця падобнага салона пры кожным Доме рамёстваў краіны… Рэалізаваць гэтыя прапановы ўдалося, як вядома, не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. А значыць, культработнікі пакуль не змаглі выкарыстаць вялікі патэнцыял дамоў рамёстваў у сферы пазабюджэту. Калі ж весці гаворку ў маштабах краіны, дык сферай культуры фактычна недаатрыманы сотні мільёнаў рублёў, якія маглі б пайсці на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы РДР, на арганізацыю міжнародных рамесніцкіх фестываляў і пленэраў ды на многія іншыя патрэбы супрацоўнікаў гэтых устаноў... І ці зменіцца гэтая сітуацыя хаця б у бліжэйшы вясенне-летні турыстычны сезон — пытанне з досыць няпэўным адказам.
І апошнія лічбы, прыведзеныя ў дакладзе Галіны Патаевай. Самым важным для сябе 81% прыезджых лічыць знаёмства з мясцовымі славутасцямі, для 57,4% найбольш прывабнай з’яўляецца, натуральна, сталіца Беларусі. А вось з невялікіх гарадоў гасцям падабаюцца Мір, Нясвіж, Паставы, Глыбокае, Камянец, Ветка, Лагойск і Браслаў.
Гэтыя лічбы і факты, на мой погляд, — яшчэ адзін яскравы доказ таго, што патэнцыял беларускіх гарадоў ды мястэчак па прыцягненні замежных гасцей сваімі культурнымі акцыямі далёка не вычарпаны. Чым не рэзон для культработнікаў Беларусі ствараць у сваіх раёнах запатрабаваны культурны ды турыстычны прадукт, пастаянна рэкламаваць і піярыць сябе, завязваць кантакты ды пашыраць сферы сваёй дзейнасці…
Гэтую выснову, дарэчы, пацвердзіла і Галіна Патаева. Яна заўважыла, што, паводле яе меркавання, толькі наша культурная спадчына, толькі культурны турызм змогуць прыцягваць замежнікаў. І таму менавіта гэты від турызму павінен стаць прыярытэтам для працы аператараў.
Зразумела, для таго, каб пра культуру Беларусі даведаліся ў свеце, трэба яшчэ шмат што зрабіць. Прыкладам, стварыць цікавыя інтэрактыўныя музеі, цэнтры інтэрпрэтацыі культуры, этнаграфічныя паркі, наладзіць сістэму тэатралізаваных прадстаўленняў і многае іншае. Праца ў дадзеным кірунку паступова ідзе, таму Беларуссю цікавіцца ўсё больш і больш замежных турыстаў. Але ж ці будзе гэтая тэндэнцыя паспяхова развівацца і надалей, залежыць менавіта ад супрацоўнікаў сферы культуры краіны, ад іхняга творчага стаўлення да сваёй працоўнай дзейнасці. Іншага шляху ў гэтым кірунку, на мой погляд, папросту не дадзена.