Рэтраспектыўным паказам фільмаў Стэнлі Кубрыка распачала працу новая сталічная кінапляцоўка для кінаманаў. Праект "Cinemascope", шырока вядомы сталічнай публіцы па праграмах у "Перамозе" і "Цэнтры-відэа", нарэшце атрымаў сталую прапіску ў камфортнай HD-зале кінатэатра "Ракета".
Размовы пра тое, што на другім паверсе кінатэатра "Ракета" "штосьці такое адбываецца", вяліся ўжо цягам некалькіх месяцаў. І вось нарэшце невялічкая зала на 44 чалавекі, у блакітна-фіялетавых колерах, з камфартабельнымі фатэлямі ды сучасным абсталяваннем, з пражэкта пераватрылася ў рэальнасць.
- Пэўнае кінаабсталяванне пераехала сюды з зачыненага "Цэнтра-відэа", - распавядае адзін з кіраўнікоў кінаклуба "Cinemascope" Гера ГЛІК, - а частку закупілі за кошт кінаклуба: той жа праектар, гукавую сістэму патрэбна было аднавіць - і мы набылі адпаведную апаратуру за ўласныя грошы...
Як і частку мэблі, якую замовілі ў гродзенскага вытворцы.
- Гэта кампанія, што спецыялізуецца на мэблі для кінатэатраў, - тлумачыць Гера Глік. - Мы вырашылі заказаць для нашай залы новую мадэль фатэляў, якая нават бліжэй для фатэляў-канап, чым да тых, што звычайна ёсць у кінатэатрах. Прадугледзелі таксама і "месцы для закаханых" - канапы для дваіх...
Але, вядома, нельга недаацэньваць і ўклад у справу "Мінскага кінавідэапракату": менавіта ён дапамог кінаклубу з выдаткамі на рамонтныя работы.
На публічнае адкрыццё кінаклуба прыехаў з лекцыяй пра раннюю творчасць Стэнлі Кубрыка расійскі кінааглядальнік, кіназнаўца Віктар Зацэпін. Падобную актыўнасць у правядзенні тэматычных сустрэч, лекцый, прэзентацый "Cinemascope" плануе працягваць і надалей.
- Акрамя, вядома, тэматычных паказаў, будзем запрашаць беларускіх і расійскіх кінааналітыкаў, кінематаграфістаў, - адзначае Гера Глік.
Сярод яшчэ адных вартых увагі асаблівасцей праекта - дэманстрацыя фільмаў на мове арыгінала з субцітрамі. Як і магчымасць паглядзець рэдкую стужку цягам месяца: расклад кінапраграм, рэтраспектыў у кінаклубе будзе пабудаваны такім чынам, каб глядач, які не здолее паглядзець улюбёную стужку ў "прэм'ерны" дзень, мог бы ўбачыць яе ў наступныя.
- Мы будзем працаваць па прынцыпе сінематэкі, - кажа спецыяліст.
Урэшце, задумак не злічыць: гэта і дэманстрацыя стужак 8 і 16 мм, дакументальных фільмаў пра музыкантаў, аўтарскай анімацыі, эксперыментальнага відэа...
На здымку: так выглядае новая HD-зала кінатэатра "Ракета".
Фота Юрыя ІВАНОВА