Завяршэнне будаўніцтва Мінскага гарадскога тэатра, узвядзенне электрастанцыі, тэлефонная станцыя агульнага карыстання, шпіталь, велатрэк, праект гарадской каналізацыі… — малады гарадскі галава па тых часах быў сапраўдным прагрэсістам і вывеў губернскі горад Мінск у адзін шэраг з развітымі цэнтрамі Еўропы. Нагадаю, статус горада на момант кіравання новым мэрам — “цэнтр Мінскай губерніі Расійскай імперыі” (пасля трагічнага падзелу Рэчы Паспалітай). Чапскі прыйшоў на пасаду кіраўніка ў 30 гадоў, і пачаў “варушыць мясцовае балота”. У праектах Уладзіміра Бокуна заўжды ў апавяданні ёсць персанаж, які раскрывае гледачу постаць галоўнага героя ў асабістым ключы — такім у новай стужцы становіцца журналіст Заноза (акцёр Сяргей Жбанкоў). Малады і палымяны, ён зараджаецца ідэямі мэра Чапскага і ідзе па слядах ягоных новаўвядзенняў. “У нашым гарадскім упраўленні адчуваецца зараз жывая сіла, дух свайго роду творчасці, калі можна так выславіцца, — тое менавіта, чаго нашай Думе не ставала”, — піша ён пра змены ў жыцці Мінска з прыходам новага мэра. Мінск губернскі, лянотны, правінцыйны - і Мінск еўрапейскі, жывы, той, які развіваецца - на гэтым супрацьпастаўленні будуецца канфлікт у карціне. І на адным баку тут мясцовае сытае чынавенства, амаль як у Гогаля, а на іншым — амбіцыйны і актыўны дзеяч, які атаесамляе дух развіцця. Гэта фабула сюжэта прывядзе гледача да адкрытай канцоўкі, і сцэнарый Анжалікі Новікавай у гэтым плане - не выклікае нараканняў.
Але адна справа чытаць пра час, іншая — выявіць горад мяжы ХІХ — ХХ стагоддзяў. Стваральнікі карціны ў выбары неабходнага антуражу задзейнічалі, бадай, усе адпаведныя пляцоўкі: Купалаўскі тэатр, які акурат нядаўна быў адрэстаўраваны паводле праекта 1890 года, Дом-музей Ваньковічаў, Музей гісторыі Мінска, Горкаўскі тэатр… У іх, у прыватнасці, і адбываецца дзеянне фільма.
Фактурнага графа Чапскага ў кіно іграе Андрэй Сенькін — ён надзвычайна падобны да прадстаўніка дваранскага роду, але, нягледзячы на шматлікія гучныя эпітэты і апісанні “эскцэнтрычнага” Чапскага, у ігры абраў інтанацыю спакойнага і стрыманага чалавека. Хоць падаецца, што граф, зыходзячы з яго рашучасці і імклівасці, патрабаваў больш жвавага малюнка ролі. Можна сказаць, што журналіст Заноза у гэтым дуэце амаль што як у слыннай карціне Ігара Масленікава адпавядае чалавечнаму Ватсану, які абагаўляў Холмса, а Холмс (у нашым варыянце Чапскі) трымае позу прагрэсіўнага гуманіста, адно без своеасаблівага гумару брытанскага дэтэктыву. Чапскі ў стужцы плануе, выдумляе, засяроджана думае, стомлена прыходзіць на пасяджэнні Гарадской Думы, і шчыра дзеліцца з Занозай сваімі планамі. Мне не хапіла ў гэтым вобразе лёгкага авантурызму, абаяння таленавітага менеджара, якімі, мяркую, валодаў малады арыстакрат. Але бадай усе прэтэнзіі да акцёрскай часткі на гэтым і вычэрпваюцца.
У цэлым, ацэньваючы чарговую работу студыі Уладзіміра Бокуна, у які раз аддаеш належнае таму, з якой выдумкай падыходзяць аўтары да задачы ажыўлення гісторыі. Вось вам і невялікая сцэна фотаздымак графа з жонкай - Марыяй-Леанцінай Пуслоўскай (актрыса Вераніка Пляшкевіч) — і іх нованароджанай дачкой. (Мастацкі прыём, які потым будзе дэманстраваць хаду часу, калі сямейства пачне прыбаўляць у нашчадках). Вось у фільме і адсылка да нямецкіх каранёў графа і тлумачэнне прозвішча Гутэн-Чапскі — сцэна ля піяніна і герба над ім. Ды яшчэ — выдатны эпізод дыктоўкі дакладной запіскі на мэра Мінска ад губернатара Мікалая Трубяцкога (акцёр Ігар Дзянісаў) — за абедзеным сталом, у атачэнні страў. Губернатар атаясамлівае саму зайздрасць у магчымасці “падрэзаць” канкурэнта.
Пры абмежаваных рэсурсах стваральнікі стужак “Майстэрні…” заўжды знаходзяць цікавыя нюансы ў падачы вобразаў ды іхняга атачэння. І пры гэтым у час прагляду не абмінаюць цябе бокам і такія думкі, разважанні накшталт, а што яшчэ можна было б зрабіць, каб палепшыць уражанне ад карціны? Скажам, якой яшчэ можна было б пляцоўкай скарыстацца? Да прыкладу, той жа радавой сядзібай Чапскіх у Станькава? Але ў якім яна выглядзе? Так, няшмат у нас і куткоў гістарычнага Мінску, якія б захаваліся ў сваім аўтэнтычным выглядзе з канца ХІХ стагоддзя. На жаль… Але ж гады ваенных ліхалеццяў, а пазней таксама і СССРаўскі курс на навабуды, а не на захаванне спадчыны, зрабілі ў нашай сталіцы сваю справу. А як было б здорава паставіць выбітную жывую сцэну з адкрыццём конкі, да якой спрычыніўся гарадскі галава! Але ж ці не запатрабуе яна сродкаў, роўных усяму бюджэту фільма? Так вось задаеш пытанне — і сама сабе на яго адказваеш.
Складана не пагадзіцца, што студыя Уладзіміра Бокуна робіць неацэнную справу па аднаўленні нашай гісторыі, дамагаючыся таго, каб замест сухіх звестак пра выбітных асоб перад намі паўставаў вобраз, лёс чалавека. І нават такі лёгкі дотык — заўжды кранае, адкладваецца ў памяці. Здарылася гэта і на новай карціне, ды і на іншых стужках з іх героямі — даследчыкам возера Байкал Бенедыктам Дыбоўскім, фізікам-ядзершчыкам Якавам Зяльдовічам. Усё яны, як і арыстакрат і рэфарматар Чапскі — у фокусе ўвагі кінематаграфістаў-суайчыннікаў нібыта выходзяць з цемры забыцця — ды становяцца жывымі, знаёмымі.
Аднак, прызнацца, вельмі хочацца ўзмацніць той напал святла, (амаль што электралямпачкі ад Чапскага), каб іх абліччы сталі яшчэ больш яскравымі, выразнымі. І для гэтага, як аказваецца, неабходна, шмат чаго. Па першае, каб аднаўлялася больш хуткімі тэмпамі гістарычная будаўнічая спадчына, бо яна дасць краіне патэнцыйныя пляцоўкі для здымак кінапрадукцыі, не кажучы пра неабходнасць увядзення ў турыстычную індустрыю новых аб’ектаў. Па-другое, неабходна прафесійная рэстаўрацыя архітэктурных помнікаў, — бо камеру не падманеш. Па трэцяе, каб гарадскія і прыродныя ландшафты не псавалі нязграбныя будыніны, што раптам паўстаюць перад вачамі як Піліп з канапель. І так далей і да таго падобнае. Гістарычнае кіно ў які раз пацвярджае: яно ёсць узровень нашай культуры ў самых розных сэнсах слова. Ды, уласна, само фінансаванне такога праекта, у цэнтры якога — стварэнне галерэі нацыянальных постацяў — мусіць быць у рамках дзяржаўнай праграмы адукацыі і культуры.
Але трошкі збаўлю абароты і пафас, ды вярнуся, уласна, да Чапскага і яго веку. Колькі сёння серыялаў “занурваюцца” ў цікавейшы час мяжы ХІХ —ХХ стагоддзяў, і як хочацца “прайграць” той часавы адрэзак на прыкладзе нашага матэрыялу, — і не перадаць словамі. Стэрэафатаграфія, сінематограф, касцюмы, цягнікі, конка, кавярні ды нават начныя прытулкі (апошнія, дарэчы, адкрыў ў Мінску прагрэсіўны гарадскі галава) — усё гэта тая самая фактура, што “збірае” эпоху і дае магчымасць убачыць паўсядзённасць твайго гораду ў пэўны гістарычны момант, і якая ў тысячу разоў упрыгожыць гістарычнае кіно. Так, каштуе тое — дорага, але як па-іншаму можна ўбачыць мінулае? Як яго адчуць? Паверыць? Майстэрня Уладзіміра Бокуна ў сілу абмежаванасці сваіх магчымасцяў (але, падкрэслю, не таленту), вымушана пакуль рабіць абрыс эпохі і ў цэнтр апавядання змяшчаць жыццёвую драму свайго персанажу. І апошняя, што цікава, заўжды знаходзіцца, бо выбітныя постаці ў большасці сваёй заўжды апярэджвалі час і не па сваёй волі нажывалі ворагаў, апынаючыся ў моманце “Х” гісторыі свайго краю. Аднак тыя правілы, па якіх сёння дзейнічае наша кінаіндустрыя, — мусіць быць змененыя. Безграшоўе - адзін з яе галоўных бічоў — пакуль не дае магчымасці ні спазнаць сваю гісторыю ў поўнай меры, захапіцца ёю ад убачанага, ні наблізіцца да сучаснасці. Да такіх высноў я прыходжу, гледзячы выдатную стужку “Караль Ян Чапскі”.
Дарэчы, у дачыненні Чапскага варожым стаўся той самы асяродак тагачаснай Расійскай імперыі — косны і двудушны, які з недаверам успрымаў новаўвядзенні мэра, як бы мы сёння сказалі — своеасаблівыя перадавыя тэхналогіі таго часу. Аднак потым той імперскі асяродак актыўна імі ж і карыстаўся.
Вуліца, якую планавалі назваць у гонар таленавітага кіраўніка, у часы Саветаў стала насіць імя Кірава. Спадзяемся, што неўзабаве ў Мінску імем Чапскага назавуць, скажам, бульвар.
Тэлевізійная прэм’ера стужкі “Караль Ян Чапскі” адбудзецца на канале АНТ 15 жніўня.
Не лішне будзе дадаць, што 27 жніўня споўніцца 160 гадоў з дня нараджэння гэтага выбітнага дзеяча.
На фота: Кадры з фільма “Караль Ян Чапскі”.