Акурат да гэтага свята быў прымеркаваны Рэспубліканскі конкурс «АРТКІНАПЛАКАТ». Яго вынікі будуць падведзены 19 снежня, а работы фіналістаў, частку з якіх прадстаўляем на гэтай паласе, можна пабачыць у сталічным Музеі гісторыі беларускага кіно.
Дарагія сябры!
Сардэчна віншую дзеячаў кіно і ўсіх, хто звязаны з беларускім кінамастацтвам, з прафесійным святам!
За доўгія гады развіцця айчынны кінематограф прайшоў нялёгкі шлях свайго станаўлення. Былі складаныя перыяды. Важна, што сёння мы можам гаварыць аб традыцыях, якія сфарміраваліся, выдатных фільмах, праслаўленых аўтарах і сапраўдных майстрах, дасягненнях і перспектывах - аб беларускім Нацыянальным кінематографе.
Дзень беларускага кіно - свята не толькі для стваральнікаў, але і для людзей, неабыякавых да лёсу айчыннага кінематографа, для яго прыхільнікаў. Гэта свята для ўсіх работнікаў сферы, бо толькі дзякуючы агульным зладжаным намаганням дасягаецца неабходны вынік: глыбокі фільм з захопленымі водгукамі гледачоў.
У гэты дзень жадаю беларускаму кінематографу перспектыўнага развіцця і працвітання, таленавітых аўтараў і новых цікавых праектаў, жанравай разнастайнасці і духоўнасці. Няхай для кожнага з нас гэты дзень будзе напоўнены той магіяй, якую нясе ў сабе сапраўднае кінамастацтва.
Міністр культуры Рэспублікі Беларусь
Павел ЛАТУШКА
"Шклянка беларускага кіно" - напалову поўная
"Беларускае кіно з аптымізмам глядзіць у будучыню", - такім быў лейтматыў прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў кіраўніцтва сферы айчыннага кінамастацтва, якая адбылася напярэдадні Дня беларускага кіно. Відавочна, у нашых кінавытворцаў існуе шэраг праблем, але нядаўнія заканадаўчыя захады і актыўная дзейнасць па стварэнні сумесных праектаў павінны ўжо ў хуткім часе дапамагчы Беларусі стварыць шэраг цікавых стужак.
Галоўнай падзеяй мінулага кінагода ў Беларусі стала, па словах прадстаўнікоў кіраўніцтва кінагаліны, прыняцце Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №567 ад 5 снежня бягучага года "Аб мерах па падтрымцы і стымуляванні развіцця кінематаграфіі". "Сапраўднай рэвалюцыяй у сферы кінавытворчасці" назваў Указ генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Алег Сільвановіч. Дзякуючы Указу №567 дзяржава цяпер, пры жаданні, можа фінансаваць праекты з удзелам і прыватных кампаній. Тое павінна спрыяць развіццю прадзюсарскага падыходу да кінавытворчасці. Такім чынам, колькасць вытворцаў кінапрадукту ў Беларусі мае значна павялічыцца, разам з памерам прыватных інвестыцый, якія змогуць удзельнічаць у кінавытворчасці на роўных з дзяржаўнымі сродкамі.
На прэс-канферэнцыі агучылі і такую лічбу: існуюць 32 прыватныя кампаніі, якія на сённяшні дзень працуюць на айчынным рынку кінапаслуг. Чакае кіраўніцтва сферы беларускага кіно і Нацыянальнай кінастудыі большага ўдзелу замежных інвестараў, якія змогуць цяпер актыўна ўдзельнічаць у беларускіх кінапраектах пры ўмове стварэння кампаній-рэзідэнтаў.
Зразумела, што асноўнымі вытворцамі кінапрадукцыі ў нашай краіне на бліжэйшы час застаецца Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм". На прэс-канферэнцыі паведамілі, што за мінулы год студыя выпусціла 17 адзінак мастацкага, 28 - хранікальнадакументальнага, 8 мультыплікацыйнага кіно. Апрача творчых характарыстык, кіраўніцтва студыі надае асаблівую ўвагу камерцыйнаму складніку вытворчасці. Як паведаміў журналістам Алег Сільвановіч, большасць кінапраектаў, якія завершаны ці знаходзяцца на сёння ў стадыі вытворчасці, ужо маюць пакупнікоў. Так, новая тэлевізійная чатырохсерыйная стужка Івана Паўлава "Усё, што нам патрэбна" ў хуткім часе будзе паказана па адным з расійскіх каналаў і адным з каналаў беларускага тэлебачання, вядуцца перамовы наконт продажу на іншы расійскі канал меладрамы Віталя Дудзіна "На раздарожжы". Тэлевізійная стужка "Талаш" па аповесці Якуба Коласа "Дрыгва" будзе паказана ў Беларусі на юбілей класіка нацыянальнай літаратуры.
Па словах Алега Сільвановіча, наступны год абяцае стаць для мастацкага кіно на студыі вельмі плённым: ужо праз некалькі дзён вырашыцца пытанне з адборам стужкі Петэра Сіма "Адзінокі востраў" на Берлінскі міжнародны фестываль, што пройдзе ў лютым, будуць завершаны здымкі экранізацыі аповесці Васіля Быкава "У тумане", якую ажыццяўляе Сяргей Лазніца, а прадзюсар Аляксандра Сакурава Андрэй Сігле і рэжысёр Канстанцін Лапушанскі пачнуць у Мінску працу над новай стужкай "Роля". Ва ўсіх гэтых праектах "Беларусьфільм" выступае ў якасці партнёра па вытворчасці, таксама ў стужках задзейнічаны беларускія акцёры.
Што да дакументалістыкі, то, па словах рэдактара студыі "Летапіс" Ірыны Дзям'янавай, перспектывы - таксама неблагія: сёлета тут дэбютавалі адразу пяць маладых рэжысёраў, удалым стала супрацоўніцтва рэжысёра Андрэя Куцілы з вядомым франканямецкім тэлеканалам. У супрацы з ім быў створаны фільм "Мяккі шлях".
Беларуская аўтарская анімацыя будзе і далей працягваць свае паспяховыя серыі, у тым ліку "Гербы беларускіх гарадоў", а класіка нашай мультыплікацыі неўзабаве стане даступнай на дысках.
У цэлым, перспектывы сферы кінамастацтва нашай краіны былі ацэнены як станоўчыя.
Антон СІДАРЭНКА