- Поўная назва, - распавяла спявачка, якая ў свой час працавала ў мулявінскіх "Песнярах", - павінна была быць такой: "Уваскрэсенне. Прэм'ера! Вялікі эксперыментальны праект". Для афішы мы яе скарацілі, але словы "вялікі эксперыментальны" сталіся для нас ключавымі. 34 кампазіцыі розных стыляў (джаз-рок, фанк, кантры, блюз, поп і іх разнастайныя сінтэзы), новыя арыгінальныя аранжыроўкі, безліч прэм'ер - і ўсё гэта з народным аркестрам, які ўражвае сілай і прыгажосцю гуку, разнапланавасцю тэмбраў. Мы вельмі ўдзячныя калектыву, што ён з такой зацікаўленасцю адгукнуўся на нашу прапанову. Выдатны саліст і дырыжор Аляксандр Крамко зрабіў аркестравыя пералажэнні. Паслядоўнасць нумароў і агульную драматургію склаў аўтар праекта Сяргей Баландзін- кампазітар, паэт, гітарыст. Без яго ўвогуле нічога не адбылося б, я вельмі ўдзячная яму за падтрымку.
- Доўгае маўчанне парушана, - дадаў Сяргей Баландзін, - і мы не збіраемся спыняцца. Цяпер працуем над рок-операй "Агніён і Дзіяда" (арыя з яе гучала ў канцэрце), разам пішам музыку і словы. Спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва з аркестрам. Хацелася б стварыць і свой бэнд, але пытанняў пры гэтым паўстае значна больш. Таму вырашаць іх буду не ў адзіночку, а з іншымі музыкантамі: гэта ж сумесная творчасць.