Ён збярэ адзінаццаць наймацнейшых канкурсантаў з сямі краін: ЗША, Паўночнай Карэі, Польшчы, Расіі, Узбекістана, Японіі і Беларусі.
Арганізатарам творчага спаборніцтва выступае Міністэрства культуры Беларусі пры ўдзеле Французскай асацыяцыі Станіслава Манюшкі, якую ўзначальвае нашчадак роду кампазітара, прафесар Клара Манюшка. У складзе журы, акрамя яе, - вядучыя музыканты Германіі, ЗША, Польшчы, Расіі і двое прадстаўнікоў нашай краіны - прафесары Юрый Гільдзюк і Уладзімір Няхаенка. Інструментальныя конкурсы імя С.Манюшкі, якія курыруе Асацыяцыя імя кампазітара, ужо праходзілі ў розных краінах свету. Але ў нас упершыню канкурсанты будуць выступаць не сольна, а ў суправаджэнні нашага філарманічнага аркестра. Паводле конкурсных умоў, удзельнікі павінны будуць выканаць фартэпіянны канцэрт славянскага кампазітара.
- З дапамогай гэтага конкурсу, - кажа мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі, прафесар Юрый Гільдзюк, - мы вяртаем культурныя каштоўнасці, звязаныя з творчасцю Станіслава Манюшкі, на яго радзіму. У гэтым вялікая заслуга Міністэрства культуры Беларусі, аргкамітэта конкурсу і ўсіх, хто спрычыніўся да яго такой хуткай арганізацыі. Хочацца падзякаваць Дзяржаўнаму акадэмічнаму сімфанічнаму аркестру Беларусі, яго кіраўніку Аляксандру Анісімаву і дырыжору Андрэю Галанаву, нашым піяністам, якія адгукнуліся на гэтую прапанову. У свеце не так многа конкурсаў, дзе ўдзельнікі атрымліваюць магчымасць граць з аркестрам, што ўжо само па сабе з'яўляецца і гонарам для выканаўцы, і дадатковым выпрабаваннем на прафесіяналізм, пачуццё партнёрства, уменне супрацоўнічаць і знаходзіць паразуменне за сціслы тэрмін сумесных рэпетыцый. Менавіта такія якасці патрэбны канцэртуючым музыкантам, і конкурс дае магчымасць моладзі праверыць сябе на сталасць...