Учора ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі завяршыўся трохдзённы форум "Творчы дыялог: СанктПецярбург - Мінск". Яго дэвізам сталася музычнае азначэнне mf, толькі яно сімвалізавала не сілу гучнасці ў меццафортэ, а музыку будучыні - "musica future".
Падмурак такіх сустрэч быў закладзены колішняй Дамовай аб двухбаковым супрацоўніцтве паміж профільнымі навучальнымі ўстановамі гарадоў. Ідэя ж цяперашняга дыялога прыйшла з Пецярбурга - ад нашых ураджэнцаў, якія прадоўжылі там сваё навучанне. Дзінара Мазітава з Ліды, выпускніца Рэспубліканскага каледжа пры БДАМ, пра якую ўсе нашы газеты пісалі як пра вундэркінда, скончыла Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную кансерваторыю імя М.Рымскага-Корсакава па двух аддзяленнях (фартэпіяна і кампазіцыі), напісала дысертацыю пра творчасць Барыса Цішчанкі і цяпер выкладае там, стаўшы пераемніцай знакамітага майстра. Мінчанка Настасся Пермінава спачатку займалася на цымбалах, потым, у сталічным вучылішчы імя М.Глінкі, - сольнымі спевамі, факультатыўна наведваючы клас кампазітара Алега Соніна. Цяпер веданне "знутры" інструментальнага і вакальнага выканальніцтва дапамагае ёй працягваць навучанне кампазітарству ў тамтэйшай кансерваторыі. Усяго ж "...Дыялог" сабраў каля 20-і маладых кампазітараў, шматлікіх выканаўцаў іх твораў - і, вядома, публіку, сярод якой таксама было шмат патэнцыйных удзельнікаў.
Чатыры сумесныя канцэрты, зацікаўленыя творчыя сустрэчы, абмеркаванні, больш шчыльнае знаёмства з асаблівасцямі нацыянальных культур і самімі музыкантамі абедзвюх краін - усё гэта, бясспрэчна, будзе мець доўгатэрміновыя вынікі, спрыяць прафесійнай творчасці і сяброўству. Вучыліся не толькі мы ў іх, але і яны ў нас. Пецярбуржцы самі папрасілі арганізаваць ім колькі майстар-класаў у нашых знаных Сяргея Картэса і Вячаслава Кузняцова. А як іх зацікавілі беларускія цымбалы! І не толькі сам інструмент, але і тыя фантастычныя феерыі, што стварае лаўрэат міжнародных конкурсаў, цымбалістка Вераніка Прадзед. Ф о рум даў магчым а с ц ь праявіцца і арганізацыйным здольнасцям студэнтаў на чале з музыказнаўцай Юлі я й Тарануха. Практычна ўсё - ад фарміравання праграм (а кожная была са сваёй адметнай канцэпцыяй) да выпуску буклета і афіш - рабілася імі самімі. Ці ж гэта не яшчэ адна прыкмета будучыні?..
На здымку: удзельнікі "Творчага дыялога...".